Забарона на піва
Міністэрства аховы здароўя падрыхтавала зьмены ў Адміністрацыйны Кодэкс, у тым ліку — забарону на расьпіцьцё піва ў грамадзкіх месцах. Зьмены тычацца слабаалькагольных (ад 0,5% да 7%) напояў. Мэдыкі лічаць, што гэта дапаможа спыніць падлеткавы алькагалізм.
«Планета» Янчэўскага
Зьявіўся новы грамадзка-палітычны часопіс «Планета», рэдактарам якога выступае былы кіраўнік БПСМ У.Янчэўскі. У раду часопісу ўвайшлі заснавальнікі — кіраўнікі «Белтрансгазу», супрацоўнікі Адміністрацыі прэзыдэнта, Інстытуту сацыяльна-палітычных дасьледаваньняў пра Адміністрацыі, журналістка БелТА. Курыруе выданьне намесьнік кіраўніка Адміністрацыі А.Праляскоўскі. Бальшыня публікацыяў у часопісе ананімная. Самыя характэрныя загалоўкі матэрыялаў: «ЗША абралі новую ахвяру. Ірану абвешчаны шах!», «Эўратупік», «Памаранчавая рэвалюцыя: як падманулі ўкраінцаў», «Рэвалюцыя адмяняецца. У наступным годзе ў Беларусі амэрыканскіх паліттэхнолягаў чакае грандыёзны скандал».
Наркотыкі ад міліцыі
Пракуратура Беларусі перадала ў суд матэрыялы сьледзтва па справе міліцыянтаў, якія распаўсюджвалі наркотыкі. Абвінавачаньне выстаўленае былому начальніку ўправы па супрацьдзеяньні незаконнаму абарачэньню наркотыкаў і злачынствам у сфэры маралі УУС Менаблвыканкаму палкоўніку А.Ціхаміраву, былому начальніку Барысаўскага міжрайаддзелу па супрацьдзеяньні незаконнаму абарачэньню наркотыкаў і злачынствам у сфэры маралі маёру С.Шнедэру і былому апэрупаўнаважанаму гэтага ж міжрайаддзелу лейтэнанту А.Лябедку. Пракуратура даказвае, што дастаўкай і распаўсюдам наркотыкаў яны займаліся з сакавіка па кастрычнік 2004 г.
АШ, svaboda.org