Бываючы ў Нямеччыне, штораз мусіла распавядаць, адкуль прыехала. Многія немцы назвы «Беларусь» ніколі ня чулі. А пачуўшы, пачыналі апантана даказваць, што краіны такой наагул не існуе і што жыву я ў Расеі. Але неяк на ўласныя вочы вырашылі паглядзець, што ж за невядомая краіна гэта Беларусь.

Іх прыгоды пачаліся, калі яны набылі квіткі на беларускі цягнік да Берасьця. Спачатку цягнік спазьніўся на паўтары гадзіны. А калі нарэшце надышоў час садзіцца ў яго, высьветлілася, што немцам прадалі квіткі ў неіснуючы вагон. Яны не разгубіліся: залезьлі ў іншы вагон, і да самага Берасьця ніхто ня змог іх адтуль выгнаць.

Адзін зь немцаў пасяліўся ў мяне. Нарадзіўся мой нямецкі сябар ажно ў 1937 годзе і яго, паводле тагачаснай традыцыі, назвалі Адольфам. Ён расказваў, што ў ягонай клясе палова хлопцаў мела такое імя.

Калі мы пад’ехалі да майго дому, Адольф вельмі зьдзівіўся, што ўбачыў перад сабой не драўляную хатку, а звычайны дзевяціпавярховік. Ад гэтага моманту і на працягу яшчэ двух дзён ад яго часта можна было пачуць зьдзіўлены гук «О!». Гэтае «о!» ў яго выклікала ўсё: электрычнасьць, тэлевізар, магнітафон, мікрахвалёўка, гарачая вада, душ і нават абадраная кабіна ліфту. Яшчэ Адольф вельмі расчараваўся, калі замест печкі ўбачыў батарэі.

Наступнага разу я пачула ягонае «о!», калі прывяла Адольфа ў сваю школу. Больш за ўсё яго ўразіла наяўнасьць ажно дзесяці кампутараў у кабінэце інфарматыкі. Праўда, яму не сказалі, што кампутары гэтыя школе падараваў спонсар — уладальнік мясцовай сеткі крамаў.

Аднаго разу мой немец папрасіў правесьці экскурсію па нашых крамах. Ізноў я пачула тое зьдзіўленае «о!», калі Адольф убачыў, што недахопу прадуктаў харчаваньня і даўжэзных чэргаў няма. Наша падарожжа па мазырскім гандлёвым цэнтры скончылася ў краме канцылярскіх тавараў. Там Адольфу ў вочы кінуўся партрэт А.Лукашэнкі, які каштаваў 50 тыс.рублёў. Тады мой сябар задаў пытаньне, якое прымусіла задумацца: «Няўжо ваш прэзыдэнт так дорага каштуе?»

Але з усяго ўбачанага была адна рэч у нашым горадзе, якая ня толькі не зьдзівіла майго немца, але і спадабалася яму. Ён зь вялікім гонарам заўважыў, што больш як палова нашых аўтамабіляў, асабліва мікрааўтобусаў, прывезена зь Нямеччыны.

Так што праз тыдзень Адольф ехаў дахаты, перакананы ў тым, што Беларусь ня толькі ня страшная, але і цывілізаваная краіна і што мясцовыя людзі вельмі падобныя да іншых людзей у сьвеце. А самае галоўнае — цяпер ён быў упэўнены, што краіна Беларусь усё ж такі існуе!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0