4 жніўня Рада Міністраў нарэшце прыняла пастанову, пра якую даўно гаварылі ў кулюарах. З 1 ліпеня наступнага году ў краіне ўводзіцца абавязковае маркіраваньне тавараў штрыхавымі ідэнтыфікацыйнымі кодамі.

Пастанова пашыраецца на ўсе тавары — вытворцамі якіх зьяўляюцца як юрыдычныя асобы, так і індывідуальныя прадпрымальнікі, — на якія могуць быць нанесеныя гэткія коды.

У якасьці прычыны называецца неабходнасьць пашырэньня таварнай нумарацыі ды штрыхавога кадаваньня ў Міжнароднай сыстэме таварнай нумарацыі. Як паведамляецца на сайце Нацыянальнага прававога парталу, у мэтах павышэньня якасьці нанясеньня кодаў на базе Нацыянальнага цэнтру інфармацыйных рэсурсаў ды тэхналёгій Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі да 1 студзеня 2006 году будзе створаны цэнтар вэрыфікацыі міжнародных штрыхавых кодаў. Цэнтар сумесна зь міністэрствамі гандлю й прамысловасьці мусіць да 1 студзеня 2006 году ўнесьці на разгляд Рады Міністраў Беларусі прапановы аб пераходзе на маркіраваньне тавараў з прымяненьнем радыёчастотнай ідэнтыфікацыі прадукцыі (RFID-тэхналёгіі) ды аб арганізацыі навукова-мэтадычнага забесьпячэньня стварэньня аўтаматызаваных інфармацыйных сыстэмаў з выкарыстаньнем гэтых тэхналёгій. Плянуецца таксама стварыць адмысловую арганізацыю, якая б адказвала за таварную нумарацыю.

Цяжка ўявіць, каб усе беларускія вытворцы бестурботна перайшлі на новую сыстэму на працягу году. Няясны пакуль і мэханізм адсочваньня падробак. Але Асацыяцыі таварнай нумэрацыі да 1 лістапада 2005 году даручана распрацаваць ды распаўсюдзіць сярод гандлёвых арганізацый мэтадычныя рэкамэндацыі па выкарыстаньні таварных нумароў ды штрых-кадаваньня ў гандлі.

У любым разе, апошняя навацыя радыкальна зьмяняе ўласна панятак дагавору куплі-продажу, бо цяпер штрыхавы ідэнтыфікацыйны код на тавары (прадукцыі) — адна з істотных (!) умоваў дагавору куплі-продажу (пастаўкі) тавараў (прадукцыі). Пастанова пашыраецца як на гуртовы гандаль, так і на гандаль ураздроб.

От жа, паспаліты беларус мусіць хутка навучыцца зважаць ня толькі на тэрмін прыдатнасьці, але й на мудрагелістыя рысачкі. Купляйма штрыхаванае!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0