Праз чатырнаццаць гадоў пасьля скону СССР кіраўніцтва Беларусі ўсё яшчэ ажыўляе прывіды мінулага.

Герману Герынгу, чалавеку нумар два ў гітлераўскім Райху, які сярод іншых быў асуджаны трыбуналам у Нюрнбэргу да павешаньня і скончыў самагубствам у камэры, біёграфы прыпісваюць вясёлы нораў і пачуцьце гумару. Вядома, напрыклад, што Герынгавым намесьнікам быў генэрал-фэльдмаршал люфтвафэ Эргард Мільх. Ягоная маці была габрэйкай, і таму фармальна Мільх ня мог займаць ніякіх пасад у нацысцкай Нямеччыне. Калі ж ворагі кіраўніка люфтвафэ сталі абвінавачваць Герынга ў тым, што той пакрывае габрэя, ён нібыта публічна заявіў: «У маім ведамстве я буду вырашаць, хто габрэй, а хто не!»

Хто габрэй?

Гэтая фраза набыла анэкдатычную вядомасьць. Але сэнс анэкдоту насамрэч ня ў тым, што Герынг дапамагаў сваім падначаленым, якія прыносілі карысьць справе, а ў тым, што кіраўнікі Райху сапраўды маглі вырашаць і вырашалі, каго лічыць габрэем, а каго не. Вядома іншая фраза, якую прыпісваюць Гітлеру: «Калі б габрэяў не было, іх давялося б выдумаць». Сказанае не азначае, зразумела, што Гітлер і Герынг не былі антысэмітамі (хоць Герынг, магчыма, ня быў ідэйным антысэмітам). Антысэмітызм быў падмуркам ідэалёгіі трэцяга Райху, ажыцьцяўленьне якой на практыцы азначала зьнішчэньне мільёнаў людзей. Мы памятаем, аднак, што, паводле расавай тэорыі гітлераўцаў, быў народ, які займаў яшчэ больш нізкае за габрэяў месца ў расавай гіерархіі, — цыганы. Крыху вышэй за габрэяў ставіліся нэгры й славяне (асобы славянскай нацыянальнасьці?). Такім чынам, практычныя немцы як бы пакідалі сабе «поле дзейнасьці» на той выпадак, калі б «габрэйскае пытаньне» было сапраўды «канчаткова вырашана» ў тым сэнсе, як гэта разумелі нацысты.

Але хіба толькі немцы вызначаліся падобнай прагматычнасьцю? Напрыклад, «савецкі інтэрнацыяналізм» пры Сталіну пасьля вайны мірна спалучаўся з барацьбой супраць «бязроднага касмапалітызму» — г.зн. дзяржаўным антысэмітызмам. Да вайны Сталін пасьлядоўна «прызначаў габрэямі» трацкістаў-зіноўеўцаў, беларускіх і ўкраінскіх сялян, а падчас і пасьля вайны ў ролі габрэяў-выгнаньнікаў па чарзе апынуліся немцы Паволжа, крымскія татары, калмыкі, чачэнцы ды іншыя народы і народнасьці. Потым знайшліся й лекары-забойцы з габрэйскімі прозьвішчамі. У той самы час Ілья Эрэнбург мог атрымаць Сталінскую прэмію, а акадэмік Мінц — загадваць марксісцка-ленінскай навукай. Сталін сам вызначаў, хто ёсьць хто.

Ня ён, зразумела, і ня немцы выдумалі антысэмітізм. Да пачатку мінулага стагодзьдзя габрэйскія пагромы рэгулярна адбываліся ў Расейскай імпэрыі па ўсёй так званай мяжы аселасьці. Палякі, вядома, таксама ўнесьлі свой «уклад» у гісторыю перасьледу габрэяў. Апошняя хваля габрэйскай эміграпцыі з Польшчы была інсьпіраваная кіраўнцітвам ПАРП і органамі дзяржбясьпекі ў 1968 годзе.

Ня так даўно польская грамадзкасьць успамінала трагедыю Ядвабнага — мястэчка, у зьнішчэнь-

ні габрэйскага насельніцтва якога падчас вайны ўдзельнічалі палякі. Сучаснае кіраўніцтва Поль-шчы знайшло ў сабе мужнасьць прызнаць і ўвекавечыць гэты факт, папрасіць дараваньня ў нашчадкаў ахвяраў.

Чаравікам па трыбуне

Як бы парадаксальна гэта ні гучала, самі палякі, у сваю чаргу, не аднойчы ператвараліся ў, так бы мовіць, «бязродных касмапалітаў» — у вачах расейцаў, прынамсі. Слова «пшэк» нярэдка гучала ў іхніх вуснах амаль гэтак жа зьняважліва, як слова «жыд» (дарэчы, ні ў польскай, ні ў беларускай мове, у адрозьненьне ад расейскай, гэтае слова ніколі ня мела зьняважлівага сэнсу).

Не ў XIX стагодзьдзі ў царскай Расеі, не ў 20-я гады стагодзьдзя мінулага, калі Чырвоная Армія была ўшчэнт разьбітая пад Варшавай, але ўжо ў наш час па расейскім тэлебачаньні з вуснаў расейскіх інтэлектуалаў ізноў гучаць зьняважлівыя выказваньні накшталт таго, што дзяржаўнасьць Польшчы вымяраецца апошнімі шасьцюдзесяцьцю гадамі, у крайнім выпадку — васьмюдзесяцьцю… Разам з польскай дзяржаўнасьцю закрэсьліваецца, зразумела, і ўся гісторыя ВКЛ, якога нібыта і не было. Прэзыдэнт Расеі дэманстратыўна адмаўляецца сустракацца з сваім польскім калегам, дазваляе сабе кпіны ў ягоны бок. А кіраўнік суседняй дзяржавы, карыстаючыся слэнгам правадыра сацыялістычнай рэвалюцыі, які той ужываў у адносінах да свайго канкурэнта Лява Троцкага, называе Польшчу «палітычнай прастытуткай».

Гэтак некалі Мікіта Хрушчоў стукаў па трыбуне ААН сваім чаравікам, абяцаючы «закапаць» капіталістычны сьвет. Пры гэтым генсек лаяўся ды пагражаў прадстаўніку Гішпаніі, які не спадабаўся савецкаму кіраўніку. Празь яго Хрушчоў як бы апэляваў тады да ЗША ды астатніх заходніх дзяржаў. Кажуць, што трагедыя паўтараецца ў гісторыі ў выглядзе фарсу. А што калі паўтараецца фарс? Сьмяяцца ці плакаць? Калі не пускаюць у Эўропу, адмаўляюцца сустракацца на вышэйшым узроўні, не прызнаюць ня тое што за дэмакратычную — за цывілізаваную дзяржаву, значыць, трэба ўзьняць гістэрыку на самым высокім узроўні і тым самым прыцягнуць увагу да сябе і на Ўсходзе, і на Захадзе? Прымусіць лічыцца з сабой хаця б такой цаной. Абсурд?

Грошы ад польскага консула

Абвінавачаньні прадстаўнікоў Саюзу палякаў у Беларусі, а таксама польскіх дыпляматаў і ўвогуле Польшчы як дзяржавы ў спробах дэстабілізацыі грамадзтва, расколу краіны, шпіянажы, правакацыях і г.д. сапраўды сёньня гучаць абсурдна.

У паэта Міколы Хведаровіча, якога ў 1937-м абвінавацілі ў шпіянажы на карысьць панскай Польшчы, сьледчы патрабаваў прызнацца ў злачынстве і расказаць, як яно адбывалася. Хведаровіч на допыце вырашыў «раскалоцца»: маўляў, ён сустракаўся з польскім консулам… у сквэрыку ў самым цэнтры Менску, на лавачцы, і той кожнага разу ўручаў яму пэўную суму злотых у абмен на сакрэтную інфармацыю. Паэту здавалася, што сьледчы толькі пасьмяецца з такіх паказаньняў. Але той не зразумеў жарту, і Хведаровіч адседзеў у лягерах амаль 20 гадоў…

Калі прыблізна ў той самы час арыштавалі ксяндза касьцёлу на Залатой Горцы, па Менску папаўзлі чуткі: ксёндз хаваў у касьцёле золата ды зброю, якія перапраўляліся праз падземны ход проста з польскага консульства. Тады ў гэта верылі. Сёньня беларускі абывацель таксама ахвотна верыць ва ўсё, што гавораць з экранаў тэлебачаньня пра палякаў. Тым, хто ўзгадаваны на расейскай мане, псэўдагісторыі й шавіністычнай папсе, прыемна, калі «гэтых палякаў» ставяць на месца. Тое, што Польшча больш як дзесяць апошніх гадоў давала магчымасьць тысячам беларускіх чаўнакоў зарабіць грошай на дробным гандлі, — ня важна. Важна, што ёсьць тыя, хто за ўсё адказвае, праз каго ўсё кепска. З каго можна спытаць за нявыкананыя абяцаньні. Вядома ж, не з кіраўніцтва Беларусі. Не, да польскіх пагромаў або закрыцьця касьцёлаў, дзякаваць Богу, яшчэ не заклікаюць, але глеба, без таго добра ўгноеная, узмоцнена паліваецца жыжай у дзяржаўных СМІ.

«Прыйшоў час вайны»

Адна зь дзяржаўных газэт, напрыклад, напісала, што польскі ўрад падрыхтаваў і зьдзейсьніў у Беларусі правакацыю накшталт Гляйвіцкага інцыдэнту, які выкарыстала Нямеччына для разьвязваньня Другой сусьветнай вайны. Газэта, праўда, забылася нагадаць чытачам, што адбылося ў Гляйвіцы на пачатку жніўня 1939 году. Гэта была апэрацыя нямецкіх спэцслужбаў, якія выкарысталі некалькіх крымінальнікаў для нападу на радыёстанцыю, што месьцілася на тагачаснай польска-нямецкай мяжы. Нападнікі былі апранутыя ў польскую вайсковую форму. У этэры прагучаў заклік на польскай мове: «Грамадзяне Польшчы! Прыйшоў час вайны паміж Польшчай і Нямеччынай! Яднайцеся ды забівайце ўсіх немцаў!» Наступным днём Гітлер заявіў, што Польшча напала на нямецкую тэрыторыю і што Нямеччына знаходзіцца ў стане вайны з Польшчай.

Такім чынам, спроба Саюзу палякаў у Беларусі зьмяніць кіраўніцтва шляхам выбараў параўноўваецца з захопам спэцслужбамі радыёстанцыі! Асаблівую пікантнасьць параўнаньню надае той факт, што менавіта Польшча сталася першай ахвярай вайны і што менавіта на яе тэрыторыю ў верасьні 1939 году ўвайшлі нямецкія войскі з Захаду і савецкія часьці з Усходу. У Берасьці за некалькі месяцаў да пачатку вайны паміж СССР і Германіяй адбыўся сумесны парад нямецкіх і савецкіх войскаў. Такая была лінія Сталіна…

Але вернемся ў нашы дні. Арышты некалькіх лідэраў СПБ, высылка польскіх дыпляматаў, дэпартацыя журналістаў, пікеты ля будынку СПБ у Горадні і ля амбасады Беларусі ў Варшаве, трэба разумець, таксама ёсьць суцэльнай правакацыяй з мэтай… пачаць вайну паміж Польшчай і Беларусяй? У магчымасьць такога варыянту ня вераць, мабыць, ня толькі ў Варшаве, але, відавочна, і ў Менску. У чым жа сэнс такога сцэнару, напампоўваньня антыпольскай гістэрыі?

Сон Брэжнева

На гэтае быццам бы рытарычнае пытаньне можна даць два адказы. Першы — гістэрыя патрэбная дзеля самой гістэрыі, бо атмасфэра страху стварае тую самую ілюзію стабільнасьці ў краіне. Гэта стабільнасьць, заснаваная на маўчаньні.

Другі адказ палягае ў тым, што афіцыйны Менск усяго толькі выконвае спэцзаказ Масквы — выпрабоўвае ня толькі Варшаву, але і Эўразьвяз у цэлым на ўменьне «трымаць удар». Надзвычай рэзкая рэакцыя на зьбіцьцё дзяцей расейскіх дыпляматаў у Варшаве хуліганамі гаворыць аб магчымасьці скаардынаванай палітыкі.

Такую вэрсію вылучаюць цяпер большасьць польскіх мас-мэдыя. Некаторыя зь іх робяць выснову, што ўдару ні Польшча, ні Захад ня вытрымалі, яны сагнуліся ў жаху ад нахабства з боку беларускага кіраўніцтва й паныла чакаюць цяпер наступных удараў. Іх дэвіз — кепскі мір лепшы за добрую сварку. Аднак для такіх высноў усё-такі, відаць, час яшчэ не насьпеў.

Урэшце, хто і што будзе рабіць там, за Бугам, і тут, у Беларусі — не галоўнае.

Бо справа тычыцца не палякаў. У ролі палякаў заўтра могуць апынуцца літоўцы, латышы, украінцы, чэхі. Справа тычыцца не гісторыі. Узаемадачыненьні беларусаў і палякаў ніколі ня былі, мякка кажучы, бясхмарнымі. Але ж і падымаліся на барацьбу з прыгнятальнікамі яны часьцей за ўсё разам.

Справа тычыцца ня толькі нядаўняга мінулага. Хаця варта памятаць, што сярод тысяч ахвяр Катыні ёсьць, без сумневу, нараджэнцы Беларусі, а ў Курапатах ляжаць і палякі.

Справа тычыцца нас саміх. Ці ёсьць мы ўжо сёньня кімсьці, а ня тым, што з нас хочуць зрабіць, — нейкім фарпостам Масквы на Захадзе, савецкім электаратам ці проста ўгнаеньнем на палях гісторыі? Сёньняшняя рэчаіснасьць не дае падстаў для аптымізму, але часам гісторыя падносіць неспадзяванкі. Хто б мог падумаць у 1980 годзе, што ПНР хутка зьнікне, а сьледам зьнікне й камунізм?

Тады быў папулярны анэкдот. Брэжнеў бачыць жудасны сон. На Краснай плошчы сядзіць чэх, есьць кітайскімі палачкамі габрэйскую мацу й сьпявае «Ешчэ Польска не згінэла…». Іншым разам сны вяртаюцца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0