Што такое імпэрыя? Армія, улада, калёніі. А яшчэ — вобразы, кадры й культурніцкія тэхналёгіі. Пра сёлетнія кінаюбілеі, так ці інакш зьвязаныя з шматаблічнай імпэрскай традыцыяй, піша Андрэй Расінскі.

Дакумэнты сучаснай імпэрыі

У 1905 г. француская імпэрыя братоў Патэ знаходзілася ў сваім росквіце. Кінакампанія Эміля і Шарля Патэ мела чатыры студыі ў Парыжы, філію ў Ніцы, аддзяленьні ў Італіі, Нямеччыне, Расеі і ЗША. Праз кіналябараторыі праходзілі мільёны мэтраў плёнкі, а браты заваблівалі ў кінатэатры першымі спробамі каляровага кіно.

Гэта была сапраўдная фабрыка, толькі замест тонаў чыгуну і цэнтнэраў збожжа — забаўляльная інфармацыя. Патэ ўвялі сыстэму пракату: дагэтуль фільмы прадаваліся ў кінатэатры як тканіна — на мэтры.

Браты аплялі зямную кулю сеткай карэспандэнцкіх пунктаў. «Усё бачым, усё ведаем!» — лёзунг першых «тэлевізійных» навінаў. Хранікальныя кіначасопісы Патэ распачыналіся палітычнымі навінамі, працягваліся пажарамі й землятрусамі і завяршаліся спартовымі падзеямі. Дабраліся браты Патэ й да Беларусі, адлюстраваўшы ў кінахроніцы гаспадара лесу — зубра. Аднак самаўпэўненасьць і няўвага да нацыянальных рынкаў загубі-лі кінакампанію, якая заняпала пасьля Першай сусьветнай вайны і ледзь ліпела за кошт хранікальных здымак.

Зямля паглынула савецкую ўладу

75 гадоў таму ўбачыла сьвет карціна, якую называюць антыгуманным шэдэўрам і геніяльнай кінаваражбой, сонечным сьвятам нараджэньня і народнаю мудрасьцю.

«Зямля» ведамага ўкраінца Аляксандра Даўжэнкі мусіла апраўдаць савецкую ўладу, якая з імпэрскаю непасрэднасьцю ўзялася за сялянаў, нявечачы іх калгасамі. Сюжэт карціны банальны: вясковы камсамолец піша нататку ў газэту, якая выкрывае мясцовых кулакоў, ворагі забіваюць яго. Сяляне ў адказ масава ўступаюць у калгас.

Але шалупіньне клясавых канфліктаў паглынаецца ўкраінскай народнай стыхіяй, мудрай плоднасьцю прыроды і паганскім кровазваротам жывога ды неўміручага. Яблыні лашчаць памерлага, круглая, як яблык, зямля, сланечнікі, нараджэньне й сьмерць ідуць разам. Аголеная нявеста зрывае ў шале абразы і суцяшаецца ў абдымках мужчыны, які нагадвае ёй памерлага.

Імпэрыя была спакушаная мацярынскай, плоднай і бесчалавечнай стыхіяй — і гэтага спакушэньня ня вытрымала. Шчасьлівыя жонкі на фасадах супэрмаркету «Цэнтральны» ў Менску — адбіткі гэтага спакушэньня.

Фільм Даўжэнкі быў і ўкраінскім нацыяналістычным выклікам, які спарадзіў у 1960-я зусім ужо не савецкае паэтычнае кіно.

Сьведчаньні імпэрыі духу

Карл Тэадор Дрэер, які жыў у Даніі, да савецкага ладу ставіўся без пашаны. Яшчэ ў карціне «Старонкі з кнігі Сатаны» дасталося СССР, які імкнуўся зьдзейсьніць свае памкненьні ў Фінляндыі, але беларускім гледачам Дрэер вядомы нямой стужкай «Пакуты Жанны д’Арк», якую можна паглядзець у Музэі беларускага кіно.

Карціна «Слова» — адзін з самых малавядомых (і адзін з самых геніяльных) фільмаў за ўсю гісторыю кіно — убачыла сьвет 50 гадоў таму.

Сюжэт карціны — цуд, які зьдзяйсьняецца над памерлаю маладой парадзіхай: Слова ажыўляе й дае жыцьцё. Карціна «Слова», што атрымала галоўны прыз кінафэстывалю ў Вэнэцыі, — пробліск звышнатуральнага Валадарства на празрыстай кінастужцы.

Ларс фон Трыер паспрабаваў паўтарыць суворыя высновы Дрэера на свой лад (у фільме «Расьсякаючы хвалі»). Выйшла ня так пераканаўча — але Дрэерава духоўная спадчына жыве, і нават скандальны праект «Догма-95» — у нечым працяг пошукаў. Негалівудзкая праўда паводле жорсткіх правілаў — гэта сучасная імпэрыя маленькай Даніі.

Пасьля памежнікаў застаўся раманс

Беларуская культура перабывае яшчэ ў палоне іншай імпэрыі, якая ніяк ня сыдзе з арэны. Тэлевізійны фільм «Дзяржаўная мяжа» пачаў стварацца на студыі «Беларусьфільм» у 1980 годзе. Празь некалькі год разрослы да шматсэрыйнага, адзначаны дыплёмам КГБ Армянскай ССР і ўхвальнымі водгукамі, фільм сьцьвярджае мяжу ўжо неіснуючай дзяржавы.

Шматсэрыйная «Дзяржаўная мяжа» паказвае перавыхаваных афіцэраў, абавязковых бальшавікоў і правільных прадстаўнікоў народу, але галоўнае ў гэтай карціне — рамансы, якія прарастуць потым плачам сьпевака Аляксандра Малініна. «Гусарскія рулеткі» і песьні пра «Інстытутку — дачку камэргера», якія адразу сталі шлягерамі, — гэта ня стогны «антысавецкага руху», а прадвяшчэньне скону савецкай імпэрыі.

Пасьля краху рэжыму Беларусь ня мае чаго пазычаць з загіблых парэшткаў, бо сёньня мала каго хвалюе абарона савецка-кітайскай мяжы, а песьні — зусім чужыя.

Што засталося пасьля імпэрыі? Зубр, зямля і раманс. Зацёртыя кадры і забытыя тэхнікі. Калі пасьля паганскіх імпэрый застаюцца парэшткі, пасьля духоўных ёсьць надзея і будучыня.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0