На сьвет зьявілася яшчэ адна беларуская кніга. Кніга ў самым сапраўдным сэнсе слова: пульхная, шматколернага друку, у цьвёрдай вокладцы, у арыгінальным мастацкім аздабленьні. І вельмі патрэбная. Патрэбная сотням тысячаў беларускіх дзяцей. Гэта паэтычны зборнік «Побач з намі на Зямлі».

Укладальнік гэтае кнігі, паэт Алег Мінкін, рыхтаваў адмысловую анталёгію беларускае паэзіі для дзяцей цягам апошніх пятнаццаці гадоў. Ідэя прыйшла яму да галавы, калі абедзьве ягоныя дачкі былі зусім маленькімі й паэту Мінкіну бракавала ўласных вершаў, каб пацяшаць іх.

Першыя вынікі Мінкінава зьбіральніцтва друкаваліся ў «Нашай Ніве» 1991—1992 гадоў. З таго часу багата сьцякло вады ў Вяльлі ды Сьвіслачы, але ён ня кінуў сваёй задумы. Анталёгія разрасталася й ахапіла ўрэшце вялізарную колькасьць літаратурнага матэрыялу ад ХІХ да ХХІ стагодзьдзя. Тутака ёсьць вершы і клясыкаў, і зусім малавядомых, а часам і невядомых аўтараў.

Мінкін, па-першае, ад пачатку праігнараваў савецкія падыходы ў фармаваньні хрэстаматыяў. Анталёгія пад ягонай рэдакцыяй скіраваная найперш на рэальную практыку выхаваньня дзяцей у жывой беларускай мове. Па-другое, складальнік абмінуў ідэалягічныя забабоны й таму ў выданьне ўключаныя аўтары ня толькі розных эпохаў, але й розных палітычных поглядаў. Па-трэцяе, сам Мінкін выступае ў новай кнізе й як суаўтар, дадаючы ўласных вершаў там, дзе яму бракуе матэрыялу для поўнае рэалізацыі сваёй канцэпцыі. А менавіта гукапісаньня, прызначанага для моўнае гульні:

У сасьняку, на скразьняку,

Сядзiць на зломаным суку

Пануры згорблены пугач

З маркотнай думкаю пра харч.

«Побач з намі на Зямлі» — гэта першы том анталёгіі для дзяцей «Добрыя вершы». Ён цалкам прысьвечаны беларускім вершам пра зьвяроў і птушак. Наступныя два тамы, каторыя маюць гэтаксама зьявіцца сёлета, будуць прысьвечаныя зьявам прыроды, а таксама самім дзецям.

Гэтае выданьне мае цалкам практычную скіраванасьць. Вершы, што зьмешчаныя ў ім, прызначаныя для латвага запамінаньня й дэклямацыі самімі дзецьмі. Надзвычайнае багацьце лексыкі робіць гэту анталёгію ці ня лепшым у беларускай гісторыі дапаможнікам для навучаньня роднае мове. Зрэшты, сам Мінкін здолеў спраўдзіць плён сваёй працы на практыцы. Назаўсёды застанецца ў памяці ягонае:

З прамоклых зарасьцяў ажыны

Пасьля абложнае iмжы

Павыпаўзалi на сьцяжыны

Дасьпехi прасушыць смаўжы.

Анталёгія Мінкіна — найбольш значная падзея ў жанры літаратуры для дзяцей часоў незалежнае Беларусі. Што праўда, з новае кнігі ў выдатнай аздобе скарыстаюцца цяпер ужо ягоныя ўнукі. Як унукі й дзеці беларусаў трэцяга тысячагодзьдзя па ўсім сьвеце.

Укладальнік кніжкі Алег Мінкін нарадзіўся ў 1952 на Хоцімшчыне. Паэт, казачнік і перакладчык. Пераклаў на беларускую мову вершы Цыпрыяна Норвіда, Баляслава Лесьмяна, Леапольда Стафа. Жыве ў Вільні.

Добрыя вершы. Беларуская вершаванка-запамінанка для дзяцей. — Менск: «Тэхналёгія», 2005.

Дзе варта быць

Шаноўнае спадарства!

Стваральнікі і выдаўцы запрашаюць Вас на прэзэнтацыю кнігі «Побач з намі на Зямлі» – першага тому беларускай вершаванкі-запамінанкі «Добрыя вершы», якая адбудзецца 11 жніўня а 16-й гадзіне ў Музэі гісторыі беларускай літаратуры па вул. Багдановіча, 13. Дадатковую інфармацыю можна атрымаць праз тэл. 325 24 23 (Марыя Кавальчук), 773 55 17 (Валянціна Трыгубовіч).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0