Знакі прыпынку

* * *

Калі паэт пражывае свой век і памірае, акружаны дзецьмі і ўнукамі, у сваім ложку, дык наўрад ці жыцьцё ягонае і сьмерць стануць легендай. Вунь Гётэ, скажуць, няхай і вялікі паэт, але ж колькі жыў!.. Столькі жыць, калі ты паэт, непрыстойна. Ды яшчэ ў дабрабыце, па-людзку. Не пашчасьціла табе, зажыўся, не забілі цябе ці сам не забіўся, то цягні жыцьцё ў хваробах і галечы — тады, можа, і адшчыкнеш што-небудзь ад легенды… Інакш займееш біяграфію зь бібліяграфіяй — і ня больш за тое.

Колас памёр за пісьмовым сталом. На стале — па-сялянску — стаяла бульба. Ложак — у пакойчыку побач… І амаль усё, што магло стаць легендай Якуба Коласа, дадалося да легенды Янкі Купалы. Сасьлізнула са стала, перакінулася з ложка, скінулася ў лесьвічны пралёт.

* * *

Яўген Мазалькоў (рэдактар кніг Купалы ў перакладзе на расейскую мову) згадвае ў сваіх успамінах, як увечары 28 чэрвеня 1942 году гасьцяваў у Купалы (у 414-м нумары гатэлю «Масква») гадзіны за тры да Купалавай сьмерці. «Перад намі на століку, — піша ён, — ляжала вялікая каробка шакалядных цукерак».

Больш ні пра якія пачастункі ва ўспамінах ні слова. А пра выпіўку Купала кажа Мазалькову: «Праз тыдзень мне 60 — тады і пасядзім як сьлед». Што азначае: тады і вып’ем, а зараз ты зьеў бы цукерку ды йшоў адсюль з усімі сваімі перакладамі…

Мазалькоў пайшоў. Празь нейкі час (праз тры гадзіны) Купала, падняўшыся з чацьвёртага на дзясяты паверх, зьлятае ў лесьвічны пралёт.

Назаўтра ў спэцпаведамленьні на імя Берыі (з копіямі Молатаву і Сталіну) начальнік Трэцяга ўпраўленьня НКВД СССР Гарлінскі дакладвае, што пры аглядзе 414-га нумару «выяўлены каля стала дзьве бутэлькі з-пад шампанскага і не прыбраны са стала посуд з пахам віна».

З кім, калі не з Мазальковым, выпіў Купала шампанскае?..

Шампанскае з цукеркамі — не мужчынскае застольле. Як тады, так і цяпер — гэта так званы «джэнтэльмэнскі набор» для інтымных сустрэч.

Сярод рэчаў Купалы, апісаных разам з пачкамі тытуню «Казьбек» і цыгарак «Эліт», нечакана зьдзіўляе жаночая парфума. У вопісе рэчаў (№59): «Духі «Духмяны гарошак». Купала, які паліў «Казьбек», карыстаўся жаночай парфумай?..

Таксама ў вопісе (№78): разорванный носовой платок. І яшчэ (№80): пуговица.

Магчыма, парваная насоўка з адарваным гузікам і не зьяўляюцца дэталямі найбанальнейшага сюжэту. Тым ня менш, ці не насамрэч, як кажуць французы, «шукайце жанчыну». І знойдзеце ўсё.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0