Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт у Вільні (Літва) апублікаваў умовы прыёму абітурыентаў на наступны навучальны год на вочную форму навучаньня на праграмы бакаляўраўскага і магістарскага ўзроўняў на 2005/2006 навучальны год.
Унівэрсытэт плянуе набраць 170 студэнтаў на бакаляўраўскія праграмы па наступных кірунках: паліталёгія (эўрапейскія дасьледаваньні); філязофія (гісторыя філязофіі, філязофская антрапалёгія і этыка, філязофія і сацыяльная тэорыя, філязофія і тэорыя культуры); візуальны дызайн, культурная спадчына і турызм, сучаснае мастацтва і камунікацыя; права (міжнароднае права); гісторыя і культурная антрапалёгія (беларусістыка); мас-мэдыя, культура і грамадзтва.
На магістарскія праграмы па практычнай філязофіі, візуальных і культурных дасьледаваньнях, гендэрных дасьледаваньнях, эўрапейскіх дасьледаваньнях, міжнародным і эўрапейскім праве, адміністраваньні грамадзкіх арганізацый будзе залічана 90 абітурыентаў.
Выпускнікі атрымаюць літоўскі дыплём, які прызнаюць краіны Эўрапейскага Саюзу.
Заняткі ва ўнівэрсытэце будуць весьціся на расейскай, беларускай і іншых эўрапейскіх мовах.
Навучаньне па ўсіх праграмах будзе ажыцьцяўляцца бясплатна за кошт грантаў, што выдзяляюцца замежнымі фондамі і некамэрцыйнымі арганізацыямі грамадзянам Беларусі.
Правілы прыёму і падрабязная інфармацыя для абітурыентаў зьмешчаная на сайце ўнівэрсытэту www.ehu-international.org.