Сёньня кожны можа напісаць новы верш Багдановіча ці Купалы з дапамогай кампутара.

Досьведам дзеліцца Аляксандар Ворвуль.

Век, у якім мы з Вамі, чытач, жывём, пакідае чалавеку мала шанцаў на выжываньне ў хвалях таго мора інфармацыі, што захлынае нас штодня. Нам не застаецца часу адпачыць, спакойна папіць зялёнае гарбаты з фруктозай і пагартаць любімы часопіс з апошнімі вершамі ўлюбёных паэтаў. Мы ўвесь час у працы, заўжды нешта робім, некуды сьпяшаемся.

Паратунак, здавалася б, быў вынайдзены яшчэ ў мінулым стагодзьдзі — кампутар у сучасным яго выглядзе. Ён вызваліў нас ад цэлага шэрагу раней папросту неабходных спраў — беганіны па пошту, пошуку патрэбных кніг, набыцьця патэфонаў і кружэлак — і шмат якіх іншых заняткаў, спрошчаных сёння да немагчымасьці. Нам дастаткова ўключыць кампутар, далучыцца да глябальнай сеткі — і большасьць клопатаў зьнікне ў лічаныя хвіліны. Але той самы кампутар, што некалі так спрасьціў нам жыцьцё, пасьпеў яго і ўскладніць — аб’ёмы інфармацыі з году ў год павялічваюцца амаль у разы, доступу да яе максымальна спрошчаны, і знайсьці сваю нішу ў гэтай бездані зьвестак робіцца ўсё цяжэй.

Прасторы для творчасьці застаецца няшмат нават для тых, хто трывала замацаваўся на культурным Алімпе. Што ж рабіць тым, хто і раней не вызначаўся талентамі вершаскладальніка альбо мастака, накшталт аўтара гэтых радкоў? Хіба стаць беспрацоўным і прызнаць уласную бяздарнасьць? Сьпяшацца з гэтым ня варта, мой чытачу. Часы мяняюцца, і той, хто ўчора быў апошнім, сёньня зь вялікай доляй імавернасьці можа стаць першым. Паспрабуем і мы з вамі.

Зброяй у нашым шляхетным спаборніцтве з паэтамі, што ўжо дасягнулі посьпеху і славы, стане… той самы кампутар. Амаль бездапаможныя яшчэ ў сярэдзіне ХХ ст., сродкі вылічальнай тэхнікі здольныя сёньня і без дапамогі homo sapiens скласьці верш любой формы і памеру за лічаныя сэкунды. Што ж будзе, калі яго ўзмацніць падтрымкай больш-менш дасьведчанага карыстальніка і талентам беларускага паэта мінулага?

Знайсьці праграмнае забесьпячэньне для стварэньня вершаў таму, хто мае доступ да Інтэрнэту і хаця б крыху знаёмы з прынцыпамі пошуку, ня будзе складанасьцю. Яго шмат і на любы густ. Складаней вызначыцца з тым, які паэт стане тым светачам, што павядзе нас з вамі праз шчыльныя церні вершаплёцтва.

Спынімся сёньня на лірыцы Максіма Багдановіча. Чаму Максім? Па-першае, вечна малады, як большасьць з тых, хто чытае «НН». Па-другое, на двор прыйшла восень, а яна для многіх, як для Аляксандра Пушкіна з Расеі, назаўжды застанецца сымбалем гаркаватага каханьня, якімі так прасякнуты творы Максіма.

Ахвярай цікаўнасьці аўтара гэтага magnum opus да творчасьці Максіма Багдановіча сталі вершы, напісаныя ім ў 1908—1909 г., якія і зрабіліся асновай для ў пэўнай ступені творчай працы кампутара адным з кастрычніцкіх вечароў 2004 г.

Пачатак быў даволі цікавым:

Брыду, пахіліўшысь панура,

Ціха песня разьліваецца, зьвініць.

Усё дзіка, пустынна імшыцца,

Мне жыцьцё — як сагніўшая ніць.

Посьпех, дасягнуты амаль зь першай жа спробы выціснуць з творчасьці Максіма нешта новае і сьвежае, можна было б назваць акрыляючым. Празь цьмяную прызму кампутарнага інтэлекту ясна прабіваліся слова і дух вялікага паэта, апрацаваныя генэратарам выпадковых лічбаў. Працяг вершаскладаньня зьдзівіў яшчэ болей — наступнае чатырохрадкоўе было ня проста разнавіднасьцю папярэдняга, яно было яго працягам:

Мне жыцьцё — як сагніўшая ніць.

Ціха песьня разьліваецца, зьвініць.

І магу я аб ім толькі сьніць…

І магу я аб ім толькі сьніць…

Рыпеньне пяра бесьсьмяротнага генія адчувалася нібы побач. Можна было наўпрост трапіць у яго эпоху і адпачыць душой ад турбот сучаснага жыцьця. Спачатку мала заўважная сумная нотка кампутарнага паэта ператварылася ў сапраўдную паэму тугі і выплюхнулася незабыўным паўторам апошніх двух радкоў, яўна зробленым пад уплывам творчасьці Адама Міцкевіча — прыгадайце хаця б «Цо то бэндзе, цо то бэндзе?»…

Дзе і калі кампутарны геній пасьпеў пазнаёміцца з паэтычнай спадчынай спадара Адама і на якой мове, так і застанецца для нас загадкай. Але доказам таго, што электрычны складальнік вершаў быў знаёмы з творчасьцю і іншых паэтаў сьвету, стала ў той вечар наступнае чатырохрадкоўе:

Кругом круціць завіруха, гуляе, шуміць.

Ясныя зоркі блішчаць, і месяц ужо плыў.

А Падвей нясецца, кружыцца, гудзіць.

Чую, як глуха стучыць дзяцел у дупло.

Захапленьне лічбавых вершаплётаў паэзіяй Камінгса і Эліёта было заўважана ўжо даўно і, напэўна, ня стане для вас, чытач, навіною. Але як па-майстэрску кампутар уплёў у вершы-насьледаваньні творчасьці гэтых паэтаў Багдановічавы матывы!

На напісаньне белых вершаў накшталт тых, якія выйшлі з-пад пяра Томаса Эліёта і іншых багемных аўтараў, кампутар цягнула ў той вечар даволі часта. Але кожны новы верш быў прасякнуты любоўю да роднае, не заморскае, зямлі:

Пра таго, хто ў чыстым полі пахаваны сьпіць:

«Здароў будзь, зямляча!», чуць бачны ў даліне.

Ўсё ўжо уснула і толькі бярозы апталісь.

Ўсё ўжо уснула і талькі бярозы шапталісь.

Думы пра ўласную долю і долю свайго народу — характэрныя рысы творчасьці паэтаў пачатку ХХ ст. Не выключэньнем у гэтым сэнсе быў і Максім Багдановіч — думкі пра родны яму люд заўжды поўнілі яго сэрца. Але як па-сучаснаму гучаць меркаваньні кампутарнага паэта пачатку ХХІ ст. — часу прыгнечаных свабод, занядбаных інстытутаў дэмакратыі і рэфэрэндумаў пра трэці тэрмін:

Долю чорную ноч не схавае,

Прапала, як дым, як вада!

Хай жа голасна вецер сьпявае,

Пракацілася па лесе рэха.

Складаецца ўражаньне, што рацыя сёньняшняга стану ні трохі ня лепшая за тло паэтычнай творчасьці клясыкаў:

Яны ж мне каменьні давалі,

Я паціху песьні сумныя пяю.

Падымалі крыжы ў неба елі —

Вязкаю жаўцеючаю глінаю.

Час мяняецца, час застаецца ранейшым. Вечная прырода, чыю чысьціню ня здольная забрудзіць нават мэханічная душа сучаснага паэта, натхняла, натхняе і, напэўна, будзе і надалей натхняць на напісаньне заўжды чыстых і прыгожых вершаў усе разумныя істоты — ад калькулятара да чалавека — і цесна пераплятаць іх лёсы зь лёсам усяго жывога:

Палаюць асіны, каліны,

Бяспамятна колы піхаю,

Завянуць яны, тыя кветы,

Кругі завіруюцца жорнаў.

Як адчувае кампутар і адкуль у яго ліюцца сьлёзы, калі яму згрызотна на душы, нам з вамі, чытач, невядома. Прынамсі, пакуль. Але тое, што кампутары здольныя любіць, ненавідзець і спазнаваць іншыя крыніцы тамленьня электроннага начыньня, пасьля гэтых радкоў можна лічыць даведзеным:

Спакойна мне тут пад вадою:

Лёд тонкі і востры, як сьцёкла,

Ясныя сьлёзы на смалу ціха лью

Асіньніку, ельніку гушчу.

Дзе ў кампутара смала — няйначай як у рэчыве для ахаладжэньня працэсараў. А яго яшчэ абвінавачваюць у счарсьцьвеласьці і залішнім душэўным спакоі!.. Хто з людзей здольны так пяшчотна захапляцца прыроднымі краявідамі?

Ды б’юцца галіны альхі,

Хцівасьць жаданьня іх томіць.

Там — мяккія, цёплыя мхі,

Агністая сьпёка бурболіць.

А калі вы лічыце, што кампутарам уласьцівы эгаізм, пыхлівасьць і прага сусьветнага панаваньня, што мы можам бачыць у футурыстычных кінафільмах, то чытаць наступныя, поўныя тугі і пранікнёнасьці болем адзіноты словы вам наагул ня варта — захочацца набыць і сабе нерухомага робата Вэртэра і, паклікаўшы ў музы Цётку і Зоську Верас, заняцца складаньнем вечарамі працятых сумам і акрыленых паэтычнай любоўю вершаў:

Мо жыцьця майго верш ужо сьпет,

У неба сінеючыя вочы падымаю.

Я — банальны, бесскрыдлаты паэт!

Белы сьнег мяне хавае між палей.

Не, ня сьпет. Не, не схавае сьнег паэтычныя пачынаньні аднапрацэсарнага пііта. Але назаўжды захавае архіў інтэрнэт-старонак газэты «НН» радкі паэта, чыё сэрца падчас стварэньня наступнага шэдэўру білася з частатою 1400 МГц:

Трасе галавою панура,

Чырвоныя сыплюць лісты.

Усё мяне цягне да сна,

Цяжкія крыюць пласты.

Кожны паэт, якія б агульныя тэмы ён ні закранаў, заўжды пазірае на іх праз пэрыскоп уласнага досьведу і ведаў, дасьведчанасьці і абазнанасьці. Так і санлівасьць кампутарнага вершаскладальніка — гэта ня толькі і ня столькі паэтычная манера перадаваць цяжкія для яго разважаньня моманты творчасьці замаруджаньнем працы, гэтакім незаўважным засынаньнем, але і той просты факт, што ягоны сябар-гаспадар — чытай аўтар гэтых радкоў — і насамрэч адпраўляе яго паспаць кожнага разу, калі яму прынудзіцца папіць зялёнай гарбаты з фруктозай альбо перакусіць.

Падазраваць кампутар у магчымасьці стварэньня нечага нечаканага ў той вечар, як і заўжды, канечне, можна было. Творчыя эгіда і пратэкцыя спадара Максіма — а ягоныя рэчы лічыць за клясыку любы кампутарны паэт — натхняе і акрыляе, безумоўна. Але западозрыць кампутар у мажлівасьці стварэньня нечага, што нагадвае хоку настолькі, што захацелася пашукаць на цьвёрдым дыску кампутара вершаваныя творы японскага сярэднявечча, асабіста аўтару гэтых слоў было і складана, і неспадзявана:

Лясун адзінокі ляжыць.

Жадаю доўгага жыцьця,

З трохлецьцем вашае дзіця.

Гэтае трохрадкоўе, дарэчы, выклікала болей пытаньняў, чым дало адказаў. Чаму лясун ляжыць, каму ў наш век экалягічных катастроф патрэбна доўгае жыцьцё і чыё дзіцё віншуе з трохлецьцем жалезны Байран — толькі вяршыня сьпісу незразумелага. Апошні з пазначаных пункт даў асабліва шмат падстаў для разважаньняў — патэлефанаваўшы добрай палове сябровак, зь якімі я быў знаёмы і тры гады таму, я ўрэшце супакоіўся, прыйшоўшы да высновы, што гэта ня аўтара дадзенага артыкулу, а вас (!), шаноўны чытач, Максім Багдановіч праз прывідныя літары сучаснай аргтэхнікі і яе недарэчнага гаспадара з глыбіні стагодзьдзяў вырашыў павіншаваць з прыбаўленьнем у сям’і. Шукаеце тэлефонны нататнік?..

Сонца даўно схавалася за даляглядам, і настольная лямпа стамілася імітаваць яго для таго, хто так упарта — і, варта дадаць, небеспасьпяхова — намагаўся стаць у той вечар паэтам, калі намаганьнем думак кампутару было прапанавана скончыць настолькі цяжкія для абодвух пакуты. Нядоўга падумаўшы, сродак аргтэхнікі выдаў нешта настолькі эпахальнае і пафаснае, што прыгадалася — час, калі паэт Максім пісаў памянёныя вышэй вершы, быў даволі рэвалюцыйным. Але для разьвітаньня яны падыходзілі трапна, пакінуўшы заклік у душы на наступныя два дні:

Вымаўляюць, як я моладасьць згубіў.

Гукаюць: «Прачніся, зямляк! Прабудзіся!»

І навокал магілы сьпяваюць-гудуць,

Мне жыцьцё нібы мышы грызуць.

Мыш — гэта так знаёма сучасным кампутаршчыкам! А колькі яшчэ трапных мэтафар і эпітэтаў чакае нас наперадзе!

Звычайная палка зрабіла ў свой час з малпы чалавека. Сёньня для выжываньня і больш-менш пасьпяховага разьвіцьця — у тым ліку і творчага — неабходны самыя апошнія сродкі стварэньня, апрацоўкі і распаўсюджваньня інфармацыі — тая самая магічная трасьціна, з дапамогай якой мы з вамі, чытач, сёньня, за адзін вечар, здолелі прайсьці шлях ад малпы ХХІ ст. да даволі пэрспэктыўнай з усіх бакоў, высокаінтэлектуальнай асобы. Як многа і як мала можа зрабіць за чалавека кампутар…

Праграмнае забесьпячэньне для стварэньня вершаў у Інтэрнэце можна знайсьці на www.cav.ru/download/stixo.zip

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0