«Салата «Дарункі мора» з крэвэтак і мідый — 9 000 руб., рыбны суп-пюрэ — 9 500 руб., шчупак пад хрэнам з бульбай — 16 000 руб., вада негазаваная — 2 500 руб., кава «Экспрэса» — 4 000 руб.», — такі сабе абед у рыбны дзень у сярэдняй менскай рэстарацыі. Дазволіць сабе так харчавацца штодзень можа ня кожны. Хто ж гэты «ня кожны»? .

Асноўныя наведнікі падобных рэстарацый, дарагіх клюбаў і казіно — топ-мэнэджэры буйных кампаній, што займаюцца гандлем, мытнымі справамі, аховай здароўя і продажам зброі, — т.зв. «высокааплатныя наёмныя работнікі», а таксама «самастойныя людзі», што маюць свой бізнэс.

Топ-мэнэджэр ці буйны бізнэсовец — чалавек сьціплы і практычны, мае стандарты спажываньня, вышэйшыя за сярэдні ўзровень. Гэта не крымінальнік са сваімі «распальцоўкамі» і «пантамі» ды не ганарлівы і хіжы чыноўнік. Топ-мэнэджэр — звычайна мужчына, з вышэйшай адукацыяй (бывае, што не адной), ва ўзросьце 35—40 год, жанаты і зь дзецьмі, якім аплачвае адукацыю, мае сваю нерухомасьць і мяняе раз на год аўтамабіль. Заробак — да 5 000 даляраў. На працоўным стале ў яго, акрамя дакумэнтаў, некалькі расейскіх дзелавых часопісаў («Секрет фирмы», «Деньги»), скураны штотыднёвік, некалькі кампакт-дыскаў (Гарык Сукачоў, «Крама», «Куін») і кніга невялічкага памеру (Бэгбэдэр, Картасар, Каэльё).

Адзін з супрацоўнікаў, што працуе ў беларускім прадстаўніцтве буйной кампаніі, гаворыць:

— Адпачынак для маёй сям’і і сяброў — важная справа. Трэба ўмець як працаваць, так і адпачываць.

Такія людзі ня маюць традыцыйных летніх адпачынкаў, але зьяжджаюць на кароткачасовы адпачынак тры разы на год: увесну — у Афрыку ці Турцыю (2—3 тыс. даляраў), узімку — на гарналыжныя курорты Эўропы (Аўстрыя, Францыя) — 5 тыс. даляраў на сям’ю з трох чалавек, увосень — на ўік-энд у Нямеччыну (модны «Баварскі піўны фэст», напрыклад, — 1 тыс. даляраў).

Некаторыя маюць свае «бзікі»: напрыклад, дырэктар адной напаўлегальнай фірмы, што аказвае мытныя паслугі, — вялікі аматар футболу, і зьлётаць на матч улюбёнага «Манчэстэру» ў Англію для яго не праблема (усяго 1000—1500 даляраў).

Дырэктар буйнога рэклямнага агенцтва вельмі шануе рыбалку, таму вырашыў зьезьдзіць на фарэль у тундру: цягніком у СВ-купэ да Масквы, адтуль самалётам да Хабараўску, там — чартэрны верталёт дастаўляе яго ў сібірскую глыбінку, а адтуль яшчэ БТРам у самую тундру. Палавіў рыбы з паўдня і на замоўленым верталёце назад. Усяго пад 4 тыс. даляраў.

28-гадовая мэнэджэрка, што ўжо мае сям’ю, ня можа адпачываць у менскіх клюбах, таму зь пятніцы на суботу пляжыцца ў віленскіх (недалёка ды нядорага).

Тыя, хто рызыку і экстрым-вандроўкі ня надта шануе, гуляюць у тэніс, казіно, пэйнтбол, боўлінг, хакей, ходзяць на VIP-канцэрты «Машины времени», «Виагры» і Сукачова ў «Мэдысан-клюб» (білет ад 20 даляраў). Адзін топ-мэнэджэр — вялікі прыхільнік беларускага року — зацягнуў сваіх кампаньёнаў на фэст «Генэралы айчыннага року», дык тыя ўсё пляваліся: холадна, кава танная ў плястмасавых шклянках, бару няма. «Мы плацім ня столькі за напоі ці стравы, колькі за якасьць, абслугоўваньне і ўвагу да кожнага», — кажа адзін з «наёмных». Такім людзям зручней заплаціць свайму куміру, каб той выступіў на прыватнай карпаратыўнай вечарыне, чым цягнуцца на яго сольны канцэрт (цэны на беларускіх музыкаў — ад 300 да 2000 даляраў у залежнасьці ад ступені іх «крутасьці»).

«Ня думайце, што такое жыцьцё — праява панства, гэта практычнасьць, падмацаваная магчымасьцямі», — кажа мой суразмоўнік. Ён набывае цыгарэты, каву, пральныя парашкі ды іншую бытавую драбязу праз сваіх дылераў у Эўропе (Нямеччыне і Польшчы). Калі п’е піва, то чэскае, гарэлка — «Фінляндыя». Выступае толькі за платную мэдыцыну — бяз чэргаў і з паважлівым стаўленьнем, таму водзіць дачку на мэдычны агляд толькі ў «Ладэ» (кансультацыя — 10 даляраў, паставіць плёмбу — 35). Для яго лепей адлічыць грошы ў Аўстрыйскі пэнсійны фонд, чым хаваць іх у слоіку пад гаражом.

Наагул жа ў Беларусі вялікія грошы траціць цяжка, прызнаецца топ-мэнэджэр. «Хоць менскія рэстарацыі даражэйшыя за маскоўскія ці варшаўскія, але, каб туды трапіць у выходныя, трэба замаўляць месца папярэдне». Такія людзі могуць выдаткоўваць грошы на культурныя праекты (не без дапамогі бізнэсоўцаў, напрыклад, нядаўна выйшла энцыкляпэдыя «Беларуская міталёгія»), але ў бок палітыкі глядзяць насьцярожана: «Я ды шмат хто з маіх калег, з аднаго боку, вітаем зьмены, але, зь іншага, баімся рэвалюцыі, бо яна можа яшчэ больш пагоршыць становішча. Аднак калі знойдзецца чалавек, які выступіць гарантам тых зьмен да лепшага, — далучымся, у пустабрэхаў укладаць сродкі ня будзем», — дзеліцца сваімі меркаваньнямі топ-мэнэджэр.

TOP-5 менскіх забаў топ-мэнэджэра

1. Начныя клюбы («X-Ray», «Изюм», «Белая вежа», «Bronx»): кактэйлі і танцы — 50—100 даляраў на вечар.

2. Казіно («Эмір», «Белая вежа», «Журавінка»): гульня і бар — ад 50 даляраў да бясконцасьці.

3. Боўлінг («Мэдысан-клюб», «Журавінка», «Play boll» — 10 гульнявых дарожак) — 100 даляраў за дзьве гадзіны з улікам кухні.

4. Пэйнтбол (Раўбічы, Якуцкія горы) — 500 даляраў на каманду зь пяці чалавек на дзьве-тры гадзіны.

5. Стэндавая стральба («Спортынг-клюб» ва Ўруччы): цір, мінікінатэатар, тэніс, рэстарацыя — 50—80 даляраў за вечар пры наяўнасьці пасьведчаньня чальца клюбу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0