Падпісаньне ўказу А.Лукашэнкам аб далучэньні Беларусі да Кіёцкага пратаколу — істотны крок на шляху да ўступленьня ў Сусьветную гандлёвую арганізацыю. А вось усе размовы пра пакупку квотаў выглядаюць несур’ёзна, бо квоты будуць купляцца найперш у краін Эўразьвязу.

Кіёцкі пратакол ёсьць дакумэнтам да Рамачнай канвэнцыі ААН аб зьмяненьні клімату. Кампраміс аб гэтым быў дасягнуты яшчэ ў сьнежні 1998 году ў Кіёта, аднак дамова набрала моц толькі сёлета, 16 лютага.

У адпаведнасьцi зь ёй прамыслова разьвiтыя краiны да 2012 году павiнны зьнiзiць супольныя выкiды парнiковых газаў, што выклікаюць глябальнае пацяпленьне, у сярэднiм на 5,2% у параўнаньнi з 1990-м. Доля супольных выкiдаў прамыслова разьвiтых краiн, якiя ратыфiкавалi пратакол, складае 44,2% агульнага аб’ёму выкiдаў парнiковых газаў. Раней ад ратыфiкацыі пратаколу адмовiлiся такія індустрыяльныя ваўкалакі, як ЗША, на долю якіх прыпадае 38% выкiдаў, ды Аўстралія.

Кiёцкi пратакол — гэта таксама i палiтычнае пагадненьне для разьвiцьця мiжнароднага супрацоўніцтва пад эгiдай ААН па прадухiленьні глябальнага зьмяненьня клiмату, а таксама першы iнструмэнт міжнароднага права, што прадугледжвае ўдзел прыватнага сэктару ў выкананьнi мiжнародных абавязацельстваў. Такім чынам, без залішняга патасу можна сьцьвярджаць: Кiёцкi пратакол да рамачнай Канвэнцыi ААН аб зьмяненьнi клiмату — адзін з найважнейшых экалягiчных дакумэнтаў сучаснасьцi.

А ўсё ж ці патрэбен ён Беларусі? Паводле iнфармацыi Мiнпрыроды, аб’ём выкiдаў парнiковых газаў у Беларусi знаходзiцца на ўзроунi 50—55 млн т СО2. Пачынаючы з 1995 г., эканомiка краiны разьвiваецца бяз росту спажываньня палiўна-энэргетычных рэсурсаў.

У выпадку далучэньня да Кiёцкага пратаколу Беларусь атрымае магчымасьць гандляваць вольнымі квотамi на выкiды парнiковых газаў (эфэкт т.зв. «мэханізму гнуткасьці» пагадненьня). Аб’ём вольных квотаў для нашае краiны ацэньваецца ў 65—70 млн т эквiваленту СО2, што з улiкам сёньняшнiх цэнаў — ад $5 да 25 за тону — можа забясьпечыць Бе-ларусi даход ад $325 млн да 1,75 млрд. Афіцыйная схема, усё гранічна проста: «раніцай — квоты, увечары — грошы!». Усё гранічна проста. Але гэта толькі звонку. Паводле незалежных экспэртаў, усе размовы пра пакупку квотаў выглядаюць несур’ёзна, бо квоты будуць купляцца найперш у краін Эўразьвязу. Беларусь жа ня мае найперш уласнага рынку гэтых квотаў. А ня маючы рынку, немажліва вызначыць у сябе цаны. У іншых краінах тыя прадпрыемствы, якія надта забруджваюць навакольнае асяродзьдзе, плацяць за гэта тым, хто забруджвае менш.

Ці можна такое ўявіць у нашых гушчарах? Дадайце незайздросны імідж краіны ды «прыязныя» дачыненьні з індустрыяльна разьвітымі краінамі — і летуценьняў паменее, як чыстага паветра.

З другога боку, без Кіёта няма СГА… Падпісаньне тут — абавязковая ўмова. Пытаньне ў іншым: ці апраўдае ён тыя надзеі на атрыманьне прыбытку з паветра? Уласна набыцьцё сілы пратаколам сёлета ў лютым можна лічыць невялічкай перамогай экалягічнае супольнасьці ўсёй плянэты. Штогод больш за 5,5 млрд т двухвокiсу вугляроду выкiдаецца ў атмасфэру Зямлі. Паводле зьвестак Мiжурадавай групы па эвалюцыi клiмату пры ААН, калi ў 1900 годзе ў адным кубамэтры паветра было 280 см³ вуглякiслага газу, то ўтрыманьне яго ў 1990 годзе дасягнула 355 см³, а да канца XXI стагодзьдзя прагназуюць лiчбу ў 500 см³. Атмасфэра паступова разаграецца — усе мы таму сьведкi. Толькi ў Эўропе летась у вынiку беспрэцэдэнтнай сьпёкі загiнула 20 тыс. чалавек. Зьмяненьне клімату, паводле слоў прафэсара Лёнданскага iнстытуту гiгiены й трапiчнай мэдыцыны Эндру Хайнэса, ужо прыводзiць да сьмерцi на плянэце да 160 тысяч чалавек штогод. Вынiкi парнiковага эфэкту i надалей будуць забiраць жыцьці людзей — нават нягледзячы на прагрэс мэдыцыны. Да 2100 г. навукоўцы прадугледжваюць рэзкае павышэньне тэмпэратуры, пад’ём на 80 см узроўню акiяну. А гэта ўжо сцэнар катастрофы.

Асноўныя абавязацельствы па скарачэньні ўзялі на сябе індустрыяльныя краіны (Эўразьвяз мусіць скараціць выкіды на 8%, Японія й Канада — на 6%). Краіны Ўсходняй Эўропы й Балтыі абавязаліся скараціць выкіды ў сярэднім на 8%, Расея і Ўкраіна — захаваць сярэднегадавыя выкіды ў 2008—2012 гадох у сярэднім на ўзроўні 1990 году. Дарэчы, пасьля адмовы ЗША ратыфікаваць пратакол умовай набыцьця ім сілы зьявілася далучэньне Расеі, на якую прыпадае да 17% сусьветнага аб’ёму выкідаў! Ці ня гэты рынак для гандлю квотамі мае на ўвазе цяперашняя адміністрацыя?

Калі пакінуць убаку дыскусію пра эканамічныя выгады, на тле выхаду Штатаў зь ліку падпісантаў пратаколу наш уваход выглядае элегантна… Дыхаем на поўныя грудзі ад Кіёта да Койданава!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0