Там, дзе няма гэтага пакаяньня, дзе ўсё сьпісваецца на «аб’ектыўнасьць» працэсаў, застаецца правапераемнасьць старых русіфікатарскіх традыцый.

На жаль, абсалютная бальшыня дыскутантаў ня слухае перадачаў «Нямецкае хвалі», а таму ад пачатку абралі скажоны дыскурс (ці мусяць беларусы дзякаваць немцам і г.д.). Перадачы гэтае радыёстанцыі маюць мізэрны адсотак слухачоў у Беларусі. Нават сярод тых, хто прызвычаіўся атрымліваць інфармацыю з замежнага вяшчаньня. Прынамсі, сярод вялікага кола сваіх знаёмых я знайшоў-такі аднаго сталага слухача «Нямецкае хвалі». Але ён слухае яе на… мове дары. Ён усходазнаўца, а на гэтай мове ня мае іншых крыніцаў інфармацыі. Таму, зважаючы рэалістычна, для беларускае сытуацыі эфэкт ад вяшчаньня гэтае радыёстанцыі роўны амаль нулю. Што па-расейску, што па-беларуску. Хоць, улічваючы куды большую заангажаванасьць беларускамоўнае публікі, мабыць, рэйтынг «Нямецкае хвалі» па-беларуску ў нашай краіне ўзрос бы шматкроць.

Але паколькі ў палемічным запале прыхільнікі беларушчыны й іхнія супернікі ўсё ж завялі гаворку пра куды большыя праблемы, то ёсьць сэнс яе працягнуць.

Выглядае, нібы мы й нашы апанэнты знаходзімся ў роўных умовах. Прынамсі, з гэтага зыходзяць прынцыпова расейскамоўныя ўдзельнікі дыскусіі. Вось, маўляў, у Беларусі хто як хоча, той так і гавора, ніхто нікога за мову ня нігбіць. Пішы, гавары, слухай што хочаш. Але гэта зусім ня так! На баку расейскамоўных аб’ектывістаў Лукашэнка з сваёй адміністрацыяй, усе галіны ўлады, што прынялі афіцыёзную рыторыку свайго патрона, сілавыя структуры, дзе па-беларуску ня пікні, праваслаўная царква, што адкінула апошнія фігавыя лісткі й праводзіць брутальную вялікадзяржаўную расейскую прапаганду. Я наўмысна не спыняюся на інфармацыйнай прасторы, дзе ва ўсіх галінах расейшчына займае пад 90% часу й месца. На баку тых, хто іранізуе зь беларушчыны — двухвекавая традыцыя заплёўваньня ўсяго жывога беларускага, якая часам пераходзіла да фізычнага вынішчэньня нацыянальных дзеячаў. За тыя гады, што прамінулі пасьля страты камуністычным рэжымам манаполіі на інфармацыю й культуру, я ні ад кога не пачуў словаў раскаяньня. Раскаяньня за тую самую злосную іроню зь беларускасьці, за ўціск і абразы, за забароны й зьздекі. Раскаяньня за тое, што ў маіх бацькоў не было выбару, калі яны аддавалі мяне ў расейскамоўную школу; за тое, што ў мяне не было ніякага моўнага выбару, калі я атрымліваў спэцыяльную, а затым і вышэйшую адукацыю. Раскаяньня за тое, што яны задаволена маўчалі, калі лукашысты выдзіралі жывалупам тыя кволыя парасткі найноўшае беларушчыны, што былі зарунелі ад пачатку 1990-х гадоў. Ніякае роўнасьці паміж тымі няроўнымі часткамі беларускага грамадзтва, што паўсталі ў выніку брутальнае русіфікатарскае палітыкі й лятэнтнае русафільскае казуістыкі, быць ня можа.

Тыя, хто прынцыпова не прызнае за беларушчынай натуральнага права выправіць несправядлівасьць, сьвядома ці не, але ствараюць тое моўнае, культурнае й мэнтальнае поле, на якім пануе Лукашэнка. Трэба альбо адкрыта прызнаць сябе правапераемнікамі ўсіх тых русіфікатарскіх традыцый, як сёньняшняя Расея стала правапераемніцай СССР, альбо публічна адцурацца іх і пакаяцца. Бо колькі ні ўнікай гэтага пакаяньня, колькі ні абыходзь гэтае праблемы пад маркаю «аб’ектыўнасьці» працэсаў, факт застанецца фактам: пакуль ня будзе пакаяньня, ня будзе згоды між беларусафіламі і масквафіламі, а вугольле недаверу будзе гарэць пад прыскам нашае будзённасьці.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0