Эўрапейскія бюракраты прынялі рашэньне, якое цалкам адпавядае палітыцы афіцыйнага Менску і разыходзіцца з эўрапейскімі каштоўнасьцямі. Таму я лічу яго ганебным.

Мае апанэнты павінны прадставіць альтэрнатыўны нацыянальны праект. Замест гэтага мы назіраем авантурныя праекты-«аднадзёнкі». Віталь Сіліцкі адказвае Аляксандру Фядуту, Рыгору Мінянкову, Аляксандру Адамянцу ў справе мовы «Нямецкай хвалі».

Калі я вырашыў распаўсюдзіць заяву з нагоды рашэньня Эўракамісіі пра вяшчаньне «Нямецкай хвалі» выключна на расейскай мове, то ўяўляў, якую гэта можа выклікаць рэакцыю ў Беларусі, асабліва з боку… тых, хто, уласна, і прарэагаваў. Усё ж наважыўся пайсьці на такі крок. Бо любая водпаведзь — гэта нагода для дыскусіі. Прызнаюся, аднак: не чакаў, што дыскусія пойдзе ў стылі сапсаванага тэлефона.

Такім чынам, некалькі цытат з адказаў на сайце «Наше мнение».

«Мы ўсё роўна плывём у адной лодцы і вяслуем у адзін бок, хоць часам і сутыкаемся з анэкдатычным неразуменьнем сутнасьці рэчаў, як у выпадку зь нядаўняй заявай Віталя Сіліцкага, які заклікае байкатаваць «беларускія» перадачы «Нямецкай хвалі» толькі таму, што яны будуць на расейскай мове», — Аляксандар Фядута.

«Сіліцкі называе рашэньне Эўразьвязу пра адкрыцьцё расейскамоўнага вяшчаньня на «Нямецкай хвалі» «ганебным». Ён абвінавачвае ЭЗ у тым, што той фактычна далучыўся да палітыкі «афіцыйнага Менску», які «штодня топча права» беларускіх грамадзян «слухаць навіны на сваёй мове». Захад тым самым, на думку аўтара, «спрыяе ўтрываленьню дыктатуры ў Беларусі», — Аляксандар Адамянц.

Сацыялёгія талерантнасьці

Менавіта так. Я выказваю пратэст супраць рашэньня Эўракамісіі вяшчаць выключна на расейскай мове — Фядута прыпісвае мне імкненьне да байкоту «толькі таму», што перадачы «будуць на расейскай мове». Я пярэчу супраць адсутнасьці беларускамоўнага вяшчаньня — Адамянц абвінавачвае мяне ў тым, што я абураўся рашэньнем «аб адкрыцьці расейскамоўнага вяшчаньня». Каб расставіць усе кропкі над «і», працытую ўласную заяву: «Я не выступаю за выдаленьне расейскай мовы зь беларускай мэдыйнай прасторы. Я толькі пратэстую супраць палітыкі выдаленьня мовы беларускай». Такім чынам, калі ласка, пакажыце, дзе я выступіў супраць расейскай мовы, заклікаў да байкоту «толькі таму», што перадачы «будуць на расейскай мове», абураўся рашэньнем «аб адкрыцьці расейскамоўнага вяшчаньня»? Калі ў вас узьнікнуць цяжкасьці з пошукам, магу пераслаць файнае павелічальнае шкло.

Тут можна проста злавіць Фядуту і Адамянца на круцяльстве, якое мяжуе з маной, і спыніць дыскусію. Але няўжо вышэйназваныя паважаныя аўтары насамрэч не разумеюць розьніцы паміж «супраць расейскай мовы» і «за беларускую»? І калі б толькі аўтары — атрымліваю днямі па электроннай пошце пратэст ад уласных сяброў: «Заклікаць да байкоту перадачы толькі таму, што яна на расейскай, у сытуацыі Беларусі (дый у цэлым, мабыць), мякка кажучы, непрадуктыўна!» Усё, справа зроблена: Сіліцкі стаў праціўнікам расейскай мовы, ні разу супраць яе ня выступіўшы.

Дарэчы, аб прапагандзе. Далей за ўсіх пайшоў камэнтар Ірыны Рыбальчанкі (наколькі разумею, простай слухачкі) на ўсё той жа «Нямецкай хвалі»: «На жаль, нашы нацыяналісты на чале з Пазьняком падарвалі давер да апазыцыі. Адной з памылак палітыкі апазыцыі была (і ёсьць) неталерантнасьць. Сам па сабе беларускі народ талерантны. А апазыцыя ў свой час спрабавала сярод іншага сілай навязаць людзям, што пражываюць на тэрыторыі Беларусі, абавязковае веданьне і ўжываньне беларускай мовы». Забаўна, у бой кінуты аргумэнт пра «талерантнасьць» беларусаў, які, па іроніі, у свой час бліскуча разьнёс ушчэнт вельмі паважаны мною мой былы выкладчык Алег Манаеў. Талерантнасьць, як заўсёды, падаецца аднабока, не пашыраючыся на беларускую мову, а зводзячыся выключна да прыманьня яе зьнішчэньня. І зноў-такі, супраць расейскай мовы як ніхто не выступаў, так і не выступае — але вам усё роўна ў нагрузку Пазьняка дадуць. І яшчэ: БНФ нібыта «навязваў» «абавязковае веданьне» беларускай мовы. Ды ў школе яе выкладаюць, урэшце! Хочаце крытыкаваць за беларускую мову — крытыкуйце, але нашто ўвесь час зводзіць крытыку да прапаганды ў стылі Мураўёва-вешальніка і Трашчанка?

У духу прапаганды

Апраўдвацца вашаму пакорнаму слугу няма ў чым. Мае артыкулы ў расейскамоўных выданьнях, такіх, як «Белорусские новости», я думаю, шмат хто чытаў. І, мабыць, ні Фядута, ні астатнія не прыгадаюць, каб я калі-небудзь станавіўся ў позу і прымушаў каго-небудзь размаўляць са мной па-беларуску, калі мой суразмоўнік расейскамоўны. Гэтак жа як і не зьбіраюся я абвінавачваць каго-небудзь з сваіх крытыкаў у варожым стаўленьні да беларускай мовы. Што нас падзяляе, дык гэта стаўленьне да яе зьнішчэньня. Усплывае куды больш сур’ёзная праблема, зьвязаная з станам, пэрспэктывамі выжываньня і роляй беларускай мовы ў далейшым палітычным разьвіцьці краіны, уключаючы пэрспэктывы яе дэмакратызацыі. Паспрабую пагаварыць пра гэтыя рэчы.

Пачнём з стану. У прынцыпе, яго лепш за ўсё характарызуе той напрамак дыскусіі, якая разгарнулася пасьля майго выступу. Такі фармат стаўленьня да моўнай праблемы на працягу дзесяцігодзьдзя задала афіцыйная прапаганда. Выступленьне за беларускую мову ўспрымаецца як выступленьне супраць расейскай мовы (афіцыёз яшчэ дадасьць: прыйдуць да ўлады і пасадзяць расейцаў на чамаданы). Дык вось, незнарок значная частка беларускай аналітычнай і інтэлектуальнай супольнасьці, што называецца, села на кручок гэтай прапаганды. Вядома, ня ў тым сэнсе, што сайт «Наше мнение» ці «Белорусская газета» пачнуць клеймаваць фашыстам любога, хто выступіць за беларускую мову. Але ярлык русафоба начэпяць абавязкова. Больш за тое, лёгіка «або—або» пашыраецца на ўсё. У незалежных сацыялягічных апытаньнях рэспандэнтам прапануюць выбар паміж «незалежнасьцю» і «эканамічнай бясьпекай», як быццам такая дылема сапраўды існуе. У аналізе моўных праблем выбар ставіцца такім жа чынам: ці за адну мову, ці за другую — але рэдка за прысутнасьць абедзьвюх. Агульнае стаўленьне да праблемы і ўяўленьне аб ёй фармуецца пры дапамозе дзьвюх-трох дубовых схемаў. У выніку ўтвараецца нейкі паталягічны страх перад беларускай мовай унутры і звонку Беларусі — сам назіраў яго ў размовах зь некаторымі эўрапейскімі чыноўнікамі, таму, уласна кажучы, так і зачапіла.

Ці вось, напрыклад: абмяркоўваецца радыёстанцыя «Свабода» — і ні слова, што яе вяшчаньне цяпер ажыцьцяўляецца толькі на адной ці дзьвюх частотах, ні пра тое, што караткахвалевыя перадатчыкі амаль цалкам выходзяць з ужытку, — праблема вядома загадзя: беларуская мова. Такім чынам, пад прыкрыцьцём сьцьвер-джаньня, якога я не аспрэчваю, што без расейскай мовы беларускай грамадзянскай супольнасьці і палітычнай апазыцыі не абысьціся, амаль кожны раз, калі заяўляецца аб праве ўласна беларускай мовы на існаваньне, у пэўных колах пачынаецца гістэрыка. Па наступных прычынах:

1) на беларускай мове амаль ніхто не гаворыць;

2) на беларускай мове ніхто (ці амаль ніхто) ня будзе слухаць навін, больш таго, выкарыстаньне беларускай мовы пераводзіць апазыцыю ў стан «нацыяналістаў» і робіць яе безабароннай перад дзяржаўнай прапагандай;

3) выкарыстаньне беларускай мовы абмяжоўвае «зону прыёму» інфармацыі і ідэй, якія трансьлююцца апазыцыяй і грамадзянскай супольнасьцю, расейская ж мова, наадварот, спрыяе яе пашырэньню і, у выніку, разьвіцьцю грамадзянскай супольнасьці;

4) нарэшце, «беларускі нацыяналізм гаворыць па-расейску», расейская мова не зьяўляецца перашкодай для ўмацаваньня незалежнасьці і, як вынік, руху да дэмакратыі.

Па-мойму, аргумэнты пералічаны карэктна. Паспрабую спыніцца на іх па парадку.

Маральны выбар

Пытаньне мовы — гэта пытаньне чалавечых і грамадзянскіх правоў. Менавіта гэта служыла абгрунтаваньнем для атак на беларусізацыю ў пачатку 1990-х (ня буду спыняцца на прычынах яе няўдачы — заўважу толькі, што за свой уласны аналіз я неаднаразова «атрымаў па галаве» ад сваіх беларускамоўных сяброў. Цытую паводле часопісу «Arche»: «БНФ мог бы пайсьці на пэўныя кампрамісы ў сваёй ідэалягічнай арыентацыі і заангажаваць тую частку электарату, якая заставалася нацыянальна пасіўнай, але праявіла схільнасьць да падтрымкі «грамадзянскай» вэрсіі нацыянальнай праграмы, г.зн. прымаючы палітычную ідэю незалежнасьці, заставалася расейскамоўнай. …Аднак бескампраміснасьць БНФ і ў першую чаргу яго лідэра Зянона Пазьняка прывяла да таго, што рух адштурхнуў ад сябе гэтую частку грамадзтва і ўрэшце пачаў ператварацца ў маргінальную палітычную сілу»).

Апанэнтамі беларусізацыі ў пачатку 1990-х прыводзілася маса прыкладаў, як гарманічна суіснуюць, скажам, у Фінляндыі фінская і швэдзкая мовы. Праз паўтара дзесяцігодзьдзя, аднак, спроба выцягнуць беларускую хаця б на ўзровень швэдзкай у Фінляндыі выклікае папрокі ў неталерантнасьці. Сёньня, калі паўстае пытаньне пра абарону правоў беларускамоўных на карыстаньне ўласнай мовай, пачынаецца «наезд» з упорам на нацыяналізм і ўсе астатнія грахі. Так, абарона беларускай мовы можа і сапраўды пазбавіць вас палітычных дывідэндаў (што вельмі імаверна, маючы на ўвазе і афіцыйны дыскурс беларускіх улад, і яго перапеў часткай незалежнай прэсы). Што ж, тыя, хто ішоў супраць большасьці і выступаў у абарону габрэяў у 1930-х у Эўропе, рызыкавалі жыцьцём. Але гэта ваша права выбару — заставацца з большасьцю ці кіравацца прыкладам караля Даніі Крыстыяна Х, які пасьля таго, як фашысты захапілі яго краіну і пачалі рэпрэсіі супраць габрэяў, нашыў на вопратку зорку Давіда…

Дайце мове свабоду

На палітычных рызыках, уяўных і рэальных, спынюся падрабязьней трохі ніжэй. Пакуль што прадоўжу з нагоды арэолу беларускай мовы і пытаньня правоў. Такім чынам, калі мы пагаджаемся з тым, што грамадзянам Беларусі, якія хочуць выкарыстоўваць сваю родную мову, павінна быць такое права забясьпечана (спадзяюся, пярэчаньняў ня будзе), то неабходна згадзіцца і з тым, што адміністрацыйнае выцясьненьне беларускай мовы з інфармацыйнай прасторы (зноў для тых, хто ня хоча слухаць, — менавіта выцясьненьне беларускай мовы, а не прысутнасьць расейскай) спрыяе гвалтоўнай русіфікацыі той невялікай часткі грамадзтва, якая жадае карыстацца роднай мовай. Каб не было ў гэтым сумненьняў, напомню, што ў свой час менавіта прысутнасьць беларускай мовы ў савецкі і «раньнебеларускі» час у СМІ спрыяла захаваньню яе носьбітаў. Даруйце, але я не прыгадаю народных бунтаў супраць, скажам, футбольных рэпартажаў на беларускай мове ці супраць радыёстанцыі «Беларуская маладзёжная». Цяпер, пасьля таго як беларуская мова выкінута з інфармацыйнай прасторы, кампанія, вобразна кажучы, за пятнаццаць хвілін беларускамоўнага вяшчаньня на «Нямецкай хвалі» ўжо ўяўляецца нечым жахлівым.

Калі ўжо на мяне вешаюць ярлыкі праціўніка расейскамоўнага вяшчаньня, дык чаму, можа спытаць чытач, я накінуўся на «Нямецкую хвалю», а не на сайт «Наше мнение», напрыклад? Ды таму, што калі б ва ўсіх (ну ці амаль ва ўсіх) сфэрах сытуацыя зь беларускай мовай была хоць бы такой, якая яна на сёньня ў Інтэрнэце, я б і не хваляваўся. Паводле дасьледаваньняў, беларускамоўнага кантэнту ў Байнэце нават больш, чым украінскамоўнага ва ўкраінскім Інтэрнэце. З аднаго боку, гэта даказвае, што мова яшчэ далёка ня мёртвая. З другога — што для яе выжываньня і разьвіцьця дастаткова палітычнай, інтэлектуальнай і эканамічнай свабоды, якую Інтэрнэт дае. Апроч таго, ніякай кампаніі за беларусізацыю асобнага вэб-сайту весьці ня трэба. Дастаткова з заўтрашняга дня выкладваць па адным-два тэксты на беларускай мове. Дарэчы, вось так, паціху-памалу, беларускамоўны кантэнт зьяўляецца і на сайце «Третий путь», і (нават калі ў выглядзе спасылак) на «Нашем мнении». І нармальна — працэс, як той казаў, ідзе. Інтэрнэт — гэта той сродак масавай інфармацыі, дзе моўная праблема ня зводзіцца да «гульні з нулявой сумай» (г.зн. ці адна мова, ці другая). Я, у адрозьненьне ад сваіх крытыкаў, лічу, што праблемы нулявой сумы не павінна быць і ў электронным вяшчаньні. Але пытаньні (у тым ліку і моўныя) электронных СМІ — гэта пытаньні палітычныя, бюракратычныя, фінансавыя. Інакш кажучы, рашэньне прынята — і яго ня зьменіш. Вось праз гэта і наехаў ваш пакорны слуга на эўрапейскіх бюракратаў, таму што яны прынялі менавіта палітычнае рашэньне, якое цалкам адпавядае палітыцы афіцыйнага Менску і якое, з прычыны відавочнага разыходжаньня з эўрапейскімі каштоўнасьцямі і эўрапейскай практыкай, у тым ліку ў галіне абароны моў і культур, я лічу ганебным.

Калі яе няма

Наконт непрымальнасьці беларускай мовы для беларускага грамадзтва. Калі гаворка ідзе пра яе дубовае насаджэньне — пагаджуся. Але вось ізноў — любое выступленьне ў абарону беларускай мовы інтэрпрэтуецца як афіцыйнай, так часткова і неафіцыйнай прапагандай як яе дубовае насаджэньне. Успамінаецца перадача «Выбар» на АНТ двухгадовай даўнасьці — калі яе вёў Уладзімер Мацкевіч. Было пастаўлена простае пытаньне: ці павінен беларус валодаць беларускай мовай? Дзьве трэці тэлегледачоў адказалі: так, павінен. Праз два тыдні Мацкевіч зьнік з тэлеэкрану. Калі ў канцы 2003 г. беларуская мова амаль цалкам зьнікла з БТ, па недаглядзе цэнзараў на адной зь перадач «5x5» моладзь пра гэта толькі і гаварыла. Заўважце, расейскамоўная моладзь, якая ўсё-такі адчувала патрэбу ў беларускім слове! Прыклады можна доўжыць і далей, але ў цэлым сьцьверджаньне, што тая большасьць, якая размаўляе па-расейску, ня будзе ўспрымаць перадач на беларускай мове, — гэта ня больш чым міт. Праблема беларускай мовы ў тым, што калі яна ёсьць, то яна як бы нікому не перашкаджае. Калі яе няма і спрабуеш выказацца за яе вяртаньне — дык адразу падымаецца хваля гневу…

Тры месяцы і тры хвіліны

Цяпер пра палітычную немэтазгоднасьць выкарыстаньня беларускай мовы. Пытаньне трохі па-за тэмай, таму што мэдыявяшчаньне і палітычная кампанія — гэта дзьве розныя рэчы. Так, для пэўнай часткі грамадзтва беларуская мова — гэта адразу БНФ. Для другой — гэта найлепшы спосаб ідэнтыфікаваць апазыцыю, тых, хто «супраць». Раю пагутарыць з тым жа Вінцуком Вячоркам, Алесем Лагвінцом, Алесем Міхалевічам і даведацца, ці перашкаджала ім беларуская мова ў зносінах з выбаршчыкамі. Цытую Алеся Міхалевіча, які ў 2003 годзе вёў агітацыю ў сельскай акрузе і набраў 75% галасоў: «Для народу пытаньня, якою моваю да яго гавораць, не існуе. Гэтае пытаньне прыдумала сабе эліта. Народу важна, хто гаворыць, што гаворыць і як гаворыць. А якою моваю — няважна». Вось так, менавіта «няважна». Зноў-такі, да адмаўленьня ад расейскай мовы ніхто не заклікае.

Дарэчы, пра кампанію Ганчарыка, у штабе якой ваш пакорны слуга прабыў паўгоду (кампанія была сьмехатворнай, і спадар Фядута вельмі дакладна абрысаваў яе ў сваёй біяграфіі Лукашэнкі). Памятаеце, як праціскалі яго як адзінага кандытата па масавых рэкамэндацыях усіх аналітычных цэнтраў, якія сьцьвярджалі, што народ не прагаласуе за нацыяналіста Домаша? Ну вось, вылучылі Ганчарыка адзіным. На наступны дзень афіцыйнае радыё перадае, што ў БНФ тры галавы — першая Пазьняк, другая Домаш, трэцяя Ганчарык. Тры месяцы аргумэнтаў на карысьць «памяркоўнага» кандыдата аказаліся разбураны трыма хвілінамі прапаганды! Ва ўмовах інфармацыйнай вайны прапаганда можа ахрысьціць любога хоць нацыяналістам, хоць палпотаўцам. Такім чынам у 2004-м «фашыстамі» сталі Фралоў і Скрабец, а БНФ, партыя, якая ў свой час прыцягнула ўвагу, не пабаюся сказаць, усяго сьвету да чарнобыльскай праблемы, стала раптам выступаць за згортваньне праграмы дапамогі заражаным тэрыторыям. Так што, паверце мне, калі спатрэбіцца, то ў нацыяналісты запішуць і вас (спадарыня Абрамава ў свой час прысвоіла гэты тытул у адной зь перадач на расейскім тэлебачаньні ў 1999 годзе нават вельмі расейскамоўнай АГП, сябром якой, дарэчы, зьяўляецца і ваш пакорны слуга). Адзінае проціядзьдзе ад такой прапаганды — гэта пошук супрацьдзеяньня забабонам наконт усяго беларускамоўнага, а ня ўцёкі ад яго.

Страта касьцяка вядзе да бесхрыбетнасьці

Трэцяе. Зноў ня буду спрачацца зь відавочным. Так, выкарыстаньне палітычнай апазыцыяй, грамадзянскай супольнасьцю і незалежнымі СМІ выключна беларускай мовы вядзе да самаабмежаваньня і культурнай рэзэрвацыі першых. Аднак ці слушна адваротнае — тое, што выкарыстаньне выключна расейскай мовы проста-такі прывядзе да росквіту беларускай дэмакратыі? Давайце прыгадаем некалькі гістарычных фактаў. Так, БНФ пацярпеў у свой час сакрушальнае паражэньне. Але нічога больш моцнага, чым БНФ у свае найлепшыя гады, на апазыцыйнай палітычнай сцэне так і ня ўзьнікла. Так, беларускамоўнае асяродзьдзе вельмі абмежаванае. Але менавіта яно — і амаль што толькі яно — дало штуршок разьвіцьцю грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі і дагэтуль складае яе касьцяк. Так, апазыцыі нельга зачыняцца ў рэзэрвацыі. Але, страціўшы касьцяк, яна зрабілася нейкай бесхрыбетнай.

Ні для кога не сакрэт, што з апазыцыйнага асяродзьдзя ідзе пастаянны адток людзей — таму што выступаць супраць улад сёньня страшна і балюча. Застаюцца ў асноўным старажылы, тыя, хто яшчэ помніць энтузіязм і ідэалізм пачатку 1990-х. У сухой астачы маем толькі тое, што было напрацавана на хвалі нацыянальнага адраджэньня на пачатку 1990-х гадоў. Няўжо не відавочная карэляцыя паміж нацыянальнай самасьвядомасьцю і палітычнай актыўнасьцю?

Процістаяньне аўтарытарызму патрабуе большага, чым могуць даць палітычныя тэхналёгіі і «розьнічны» продаж палітыка адпаведна густам выбаршчыка, — а менавіта пэўнай маральнай стойкасьці, якую надае ў тым ліку, і я б сказаў, у першую чаргу, нацыянальная самасьвядомасьць. Менавіта гэта адрозьнівае простага выбаршчыка, гатовага галасаваць за апазыцыю, ад грамадзяніна, гатовага выходзіць на вуліцу, тыднямі сядзець у сумётах, дамагаючыся адмены сфальсыфікаваных выбараў, ісьці пад міліцэйскія дубінкі, рызыкаваць свабодай, здароўем і нават большым.

Ну а як жа, спытаеце вы, з «расейскамоўным беларускім нацыяналізмам»? Скажу проста — у тым, што такая зьява прысутнічае (грамадзяне Беларусі, што размаўляюць па-расейску, але выступаюць за незалежнасьць) — наш, улічваючы сёньняшнюю сытуацыю, паратунак. Я цалкам згодны зь Фядутам, што гэтыя дзьве катэгорыі (сьвядомыя і расейскамоўныя) — саюзьнікі, і нам нават ня трэба заключаць ніякіх фармальных саюзаў: проста мы жывём у адной краіне і працуем разам — вось і ўся формула аб’яднаньня. (Дарэчы, падобны падзел дастаткова ўмоўны: я сябе да апошняга часу адносіў да абедзьвюх катэгорый…)

Падтрымка незалежнасьці — яшчэ не нацыяналізм

Вядома, падтрымку незалежнасьці нельга аўтаматычна прыраўноўваць да нацыяналізму (падобную памылку ў апісаньні лукашэнкаўскага «нацыяналізму» ў свой час дапускалі і спадар Булгакаў, і пан Фядута, дый я сам пару разоў, запісваючы ў «нацыяналісты» Лукашэнку), а ўжо тым больш да дэмакратычнай нацыянальнай самасьвядомасьці (гэта, дарэчы, тэма для асобнай дыскусіі — ці здольна сёньняшняя падтрымка ідэі незалежнасьці скласьці падмурак захаваньня беларускай дзяржавы і яе дэмакратызацыі ў будучыні — абяцаю калі-небудзь пра гэта напісаць). Але нават з агаворкамі, і ў вас, і ў мяне шмат знаёмых, якія любяць гісторыю ВКЛ і групу «Палац», хочуць у Эўропу, а не ў Расею, але размаўляюць толькі па-расейску. Для мяне яны — такія самыя суграмадзяне, як, скажам, Валерка Булгакаў. Аднак вось пытаньне: колькі вы бачылі расейскамоўных беларускіх нацыяналістаў, скажам, у 1990 годзе? Я думаю, са мной згодзіцца нават крытыкі: беларускамоўны нацыяналізм разбудзіў усё-такі нацыяналізм расейскамоўны. Менавіта ён першы зьвязаў ідэю Беларусі і беларускай нацыянальнай ідэнтычнасьці з такімі паняцьцямі, як «свабода», «дэмакратыя», «Эўропа», менавіта ён пераарыентаваў наша гістарычнае мысьленьне з Расеі на ВКЛ, менавіта ён пазбавіў (тых, каго пазбавіў) ад комплексаў нацыянальнай і гістарычнай непаўнавартасьці, якія ўдзёўбваліся ў нашу сьвядомасьць ледзьве не зь дзіцячага садка… Хіба ня праўда, што наша стаўленьне да Беларусі зьмянілася дзякуючы такім падзьвіжнікам, як Васіль Быкаў, Уладзімер Арлоў, Мікола Ермаловіч, Алег Хаменка, Лявон Вольскі, нарэшце, Валерка Булгакаў, Андрэй Хадановіч, якія прадставілі нашу краіну, нашу гісторыю і нашу культуру ў абсалютна іншым сьвятле?

Справа тут ня толькі ў правах першародзтва. Пытаньне ў тым, ці будзе расейскамоўны нацыяналізм мець працяг сам па сабе? Ну зьнікне беларуская мова поўнасьцю — дзе вы знойдзеце, дзе выгадуеце новых Быкавых, Арловых, Хаменкаў і Хадановічаў? Калі ня выгадуеце, чым вы іх заменіце? Ці вы думаеце, што дэмакратычную самасьвядомасьць беларусаў умацуе псэўдакультурная бурда, якой сёньня актыўна закормліваюць наша грамадзтва? У гэтых пытаньнях — мой адказ майму былому выкладчыку расейскай сацыялёгіі, вельмі паважанаму мной Рыгору Мінянкову, які папракнуў мяне ў негрунтоўнасьці і нават небясьпецы зьвязкі мовы і дэмакратыі, асабліва ў кантэксьце Беларусі. Зноў даводзіцца папраўляць — дзякуй богу, ня так, як Фядуту, — я ўвязаў нацыянальную самасьвядомасьць і дэмакратыю, а ўжо потым нацыянальную самасьвядомасьць і мову.

Крэмль скалупне

Паўтаруся яшчэ раз: па-першае, разьвіцьцё нацыянальнай самасьвядомасьці (і ў больш шырокім сэнсе, схем ідэнтычнасьці, якія легітымізуюць ідэі і прынцыпы дэмакратыі) — ключавое пытаньне дэмакратыі і дэмакратызацыі ў любым соцыюме. Наконт гэтага, дарэчы, існуе найбагацейшая літаратура, якую з радасьцю магу парэкамэндаваць. Гаворка, вядома, не ідзе выключна пра этнічны, моўны нацыяналізм. Аднак без прысутнасьці беларускай мовы і беларускага кантэксту (у каторы раз паўтараю для тых, хто спрабуе мяне перакруціць: без прысутнасьці — не без «засільля», «манаполіі» ці што мне там яшчэ спрабуюць прышыць) разьвіцьцё дэмакратычнай, эўрапейскай нацыянальнай самасьвядомасьці немагчыма. Гэтае сьцьверджаньне для маіх крытыкаў сама меней спрэчнае.

Але ў такім разе яны павінны прадставіць альтэрнатыўны нацыянальны праект. Замест гэтага мы, як правіла, назіраем усё больш сумнеўныя палітычныя праекты-«аднадзёнкі», што актыўна спараджаюцца дастаткова авантурнымі асобамі. Ды яшчэ запэўніваньнямі ў тым, што Крэмль вось-вось скалупне Лукашэнку, якія ўжо можна прызнаць клясыкай беларускага палітычнага гумару.

У цэлым і не адказ выйшаў, а запрашэньне да дыскусіі. Калі яна працягнецца, будзе нават здорава. У кожнага можа быць свая думка, і чым больш іх будзе выказана, тым лепш — толькі давайце для пачатку навучымся хоць бы не прыпісваць адзін аднаму таго, чаго не было сказана.

Падзагалоўкі і скароты Рэдакцыі.

ВІТАЛЬ СІЛІЦКІ — палітоляг, доктар філязофіі унівэрсытэту Ратгерса (ЗША).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0