Усе на лесанарыхтоўкі!

Дапамажы сабе сам

Пілуючы бервяно падчас пікету ля польскага консульства, сябры БРСМ дэманстравалі сымбалічную падтрымку палітыкі ўраду ў міжнацыянальных дачыненьнях. Але яны нават і падумаць не маглі, які глыбокі сэнс набудзе гэты іхны хэпэнінг у стылі рэтра праз пару тыдняў. Пасьля жнівеньскага ўрагану беларусы ў пацярпелых ад стыхіі раёнах дружна пілавалі паваленыя ветрам дрэвы, рубілі ды цягалі бярвеньне. Пагрозьлівыя словы, якія прагучалі на самым версе — «глядзіце, каб не пакралі лес!», — сталі свайго роду сыгналам для насельніцтва. Усе на лесанарыхтоўкі!

Адзін з дачных пасёлкаў пад Менскам у выніку ўрагану цалкам адрэзала ад вонкавага сьвету — ні праехаць, ні прайсьці, ні сьвятла, ні тэлефоннай сувязі. На другі дзень падразьдзяленьні МНС прарэзалі з дапамогай тэхнікі праз павалены лес дарогу. А яшчэ празь дзень на ёй зьявілася аўтамашына Мінсувязі. Дачнікі падумалі: цягнуць тэлефонную сувязь. Але сувязісты проста скарысталі момант, каб запасьціся дровамі. Дзеля гэтага й была задзейнічана наяўная аўтатэхніка. Але жыхары лецішчаў, як і навакольных вёсак, на сувязістаў не крыўдавалі — яны першыя пачалі нарыхтоўваць сабе запасы паліва на зіму. Не было б шчасьця, ды няшчасьце дапамагло.

Імем прэзыдэнта

Гараджанам стыхія прынесла адны непрыемнасьці. Пацяклі дахі ў жылых дамох. Пацякла столь і ў знаёмых, у доме з новым капітальным рамонтам. У ЖЭС, куды патэлефанаваў гаспадар, адмаўляцца ад таго, што рамонт давядзецца рабіць за кошт камунальнікаў, ня сталі. Толькі трэба акт скласьці. Але прыслаць супрацоўніка, каб ацаніў нанесеную дажджом шкоду, адмовіліся. «Вы ня ведаеце, што кіраўнік дзяржавы загадаў нам ліквідаваць наступствы ўрагану да заканчэньня заўтрашняга дня? — пагрозьліва запытаўся дзяжурны. — У нас людзей не хапае! На наступным тыдні тэлефануйце». «А вы хіба ня чулі, што кіраўнік дзяржавы загадаў дайсьці да кожнага чалавека?!» — зьдзіўлена запытаўся адказны кватэраздымальнік. Суразмоўца на тым канцы дроту крыху сумеўся, а потым далікатна папрасіў пачакаць да панядзелка. З кіраўніком дзяржавы не паспрачаесься. Хоць ня ўсе вышэйшыя ўказаньні выконваюцца «своечасова ды ў поўным аб’ёме».

Чароўны куфэрак

Іншыя знаёмыя атрымалі дом у спадчыну. Пасьля судоў ды розных інстанцыяў справа трапіла ва ўправу геадэзіі. Усе патрэбныя дакумэнты былі падрыхтаваныя ў належныя тэрміны, засталося толькі адправіць поштай у гарвыканкам. Праходзіць месяц, другі, трэці. «Мо’ дакумэнты не ў парадку, мо’ подпісу якога не хапае?», — турбуецца знаёмы. «Усё ў парадку, усяго хапае, — супакойваюць у адказ ва ўстанове. — Чакайце».

Стаміўшыся чакаць, знаёмец у адчаі пайшоў ва ўстанову, дзе запатрабаваў кнігу скаргаў. «У нас яе няма», — кажа чыноўніца. «Як няма, ёсьць жа ўказ!», — абураецца наведнік.

Кніга была, але начальнік загадаў нікому яе не даваць. Тут у галаву знаёмцу прыходзіць думка. «Сёньня будзе прэс-канфэрэнцыя вашага міністра, то я ў яго запытаюся, хто й чаму ў яго ведамстве выдае падобныя загады», — сказаў ён і выйшаў. Не пасьпеў з чацьвертага паверху спусьціцца на першы, як яго ўнізе чакала чыноўніца й ласкава прасіла вярнуцца, каб залатвіць справу.

Падобных гісторыяў безьліч. І кніга скаргаў фігуруе амаль у кожнай, але, хутчэй, яна зьяўляецца прадметам казачным, нібы чароўны куфэрак. Распавядаючы аб розных бюракратычных праблемах ці аб выпадках звычайнага хамства — у краме, у міліцыі, на дарозе, у міністэрстве, у ЖЭС, суразмоўца амаль ніколі не абміне тэму гэтай кнігі.

Але калі пачынаеш высьвятляць, што далей, аказваецца, што адзін тую кнігу і ў руках ніколі не трымаў, другі атрымаў, але ў апошні момант перадумаў пісаць скаргу ды напісаў... падзяку, трэці напісаў нешта й чакае вынікаў. Дарэчы, правяраць скаргі мусіць дзяржкантроль. А з КДК жарты, як вядома, кепскія.

Таварыш скаржнік

Калі існуе падвойная бухгальтэрыя, чаму б не завесьці дзьве-тры кнігі скаргаў на розныя выпадкі жыцьця? Не на гербавай паперы тыя кнігі друкуюцца. Тым больш, што ў наш час і кніга адрадзілася, і вера ў яе жыве. Культурны чалавек як бы й разумее, што насамрэч існуе толькі адна Кніга. Яна завецца Бібліяй. Нават калі гэты чалавек атэіст, то і ён дапускае, што недзе ёсьць Кніга лёсаў, дзе запісаныя ўсе нашыя ўчынкі — благія й добрыя. Але ж расплата ці наадварот — узнагарода за іх чакае ўжо ў іншым жыцьці. А чалавеку ж хочацца ўведаць вынік сваіх зямных клопатаў. І ўбачыць свайго ворага пакараным за дрэнныя ўчынкі. А жыцьцё кароткае. Вось і хочацца верыць, што адным росчыркам пяра можна вырашыць усе праблемы, якімі будзе займацца нехта навышэйшы, строгі ды справядлівы. А галоўнае — ананімны. Бо немагчыма паверыць, што нейкі Іван Іванавіч альбо Пятро Валяр’янавіч на сваіх высокіх пасадах, пры сваім узроўні інтэлекту, манерах і пачварным выглядзе твара здольны дапамагчы чалавеку ў прынцыпе. А калі скаргай займаецца абстрактная дзяржава альбо нехта невядомы, усюдыісны ды ўсёмагутны, бесстароньні й бездакорны, як прыёмная камісія ва ўнівэрсытэце, дык тады справядлівасьць абавязкова павінна перамагчы. А скаржнік будзе сьціпла зьбіраць яе плады.

Ахвярай гэткага мэханізму справядлівасьці заўсёды будуць, канечне, ворагі й зласьліўцы, а звычайныя грамадзяне-скаржнікі — ніколі! Гэта й будзе ідэальная дзяржава, Горад-Сонца, выспа Ўтопія! Утопія, як вядома, была рэалізаваная на практыцы й звалася яна краінай Саветаў. (гісторыкі Некрыч і Гельлер кнігу пра СССР так і назвалі — «Утопія ва ўладзе»). Мільёны савецкіх грамадзянаў рэгулярна пісалі адзін на аднаго скаргі, дакладней — даносы. Можа, больш правільна было б назваць кнігу скаргаў кнігай даносаў?

Парадак у галовах

Вядомы бюракратычны прынцып «дзеля таго, каб скараціць, трэба павялічыць» ёсьць насамрэч законам фізыкі: нішто зь нічога не зьяўляецца і нікуды бязь сьледу не зьнікае. Камуністычныя ідэі, нават самыя манючныя, таксама нікуды не зьнікаюць. Некалі Маскву абвесьцілі ўзорным камуністычным местам. Цяперашні Менск вырашыў ні ў чым не саступаць колішняй Маскве і стаць адным з найпрыгажэйшых — і найдаражэйшых — гарадоў Эўропы. Праблема дэфіцыту харчу цяпер не стаіць — цэны ў менскіх крамах амаль ні ў чым не саступаюць маскоўскім. Што тычыць чысьціні на вуліцах беларускай сталіцы, дык бліжэй да ідэалаў Гораду-Сонца знаходзіцца хіба што Пхэньян. Праўда, згаданы вышэй ураган папсаваў-ткі карціну дабрабыту на вуліцах Менску. Але ж парадак быў наведзены сапраўды ўдарнымі тэмпамі, і толькі пянькі ў дварох цяпер нагадваюць пра навальніцу.

Навесьці парадак на вуліцах і ў дварох, асабліва калі ў гэтым зацікаўленыя самі жыхары, значна прасьцей, чым у галовах грамадзянаў. А галава сёлета нават у самага выпрабаванага менчука можа пайсьці кругам. Хоць і кажуць, што ад перамены назваў вуліц зьмест (інакш кажучы, іхны выгляд) не мяняецца, ад гэтага не лягчэй. Галоўны праспэкт сталіцы хоць і перастаў насіць імя Скарыны, але ж застаўся праспэктам, хоць і з назвай Незалежнасьці. А вось ці стала вуліца Варвашэні праспэктам пасьля перайменаваньня яе ў Машэрава?

Цікава, дарэчы, што ў Варвашэні — у адрозьненьне ад Машэрава, не знайшлося актыўных абаронцаў сярод жыхароў Менску. Барэльеф з выявай аднаго з былых савецкіх кіраўнікоў партызанскага руху Беларусі прыбралі з вуліцы ў цэнтры гораду ў іншае месца «бяз шуму й пылу».

На мапе Менску яшчэ застаюцца вуліцы Камуністычная, Інтэрнацыянальная, Калініна, Куйбышава, Ландара, Мясьнікова, іншых дзеячаў, якія ў лепшым выпадку ня маюць ніякага дачыненьня да Беларусі, а ў горшым — спрычыніліся да рэпрэсіяў супраць беларусаў. Але гэтыя імёны мала што гавораць менчукам, і ўсе перайменаваньні спатрэбіліся адно толькі дзеля самога працэсу перайменаваньня. Рух ёсьць усё, канчатковая мэта — нішто. Пры адсутнасьці зрухаў у грамадзкім жыцьці, калі самай высокай марай становіцца запіс у кнізе скаргаў, функцыю аздараўленьня грамадзкай атмасфэры часам бярэ на сябе прырода. Жнівеньская віхура ня толькі дазволіла частцы беларускага насельніцтва назапасіць дроваў, а камунальнікаў прымусіла наводзіць «парадак на зямлі». Яна таксама праветрыла мазгі некаторых грамадзянаў, разьвеяўшы непатрэбныя ілюзіі ды марныя спадзяваньні.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0