Уладзімер Угольнік, «Cherry Vata», Юры Міхайлаў.

Задушэўны рок-н-рол

Уладзімер Угольнік. (р) 2005, «Ковчег».

Гэты альбом выглядае як зборнік найлепшага з таго, што было раней запісана вядомым гітарыстам і да нядаўняга — загадчыкам катэдры мастацтва эстрады тае навучальнае ўстановы, якую многія й дагэтуль называюць «кульком». Уладзімер Угольнік сабраў на дыску найбольш удалыя й прэзэнтабэльныя кампазыцыі, выдадзеныя, прынамсі, на двух папярэдніх ягоных альбомах. Таму музыка тут — самая разнастайная. Гэта і тытульная п’еса адпаведнага стылю, і апрацоўкі народных мэлёдый («Чырвоная вішня»), блюзу і джазу («Шпіталь Сьв.Джэймза», «Скокі»), а таксама аўтарскія творы, якія складаюць асноўную частку альбому. Зь іх варта вылучыць «Цяжкі блюз», «Дзённыя сны» (у дуэце з Тацянай Капянковай, як і некаторыя іншыя), а таксама п’есу з пагрозьлівай назвай «Кідай курыць, ці Міністэрства аховы здароўя папярэджвае». Безумоўна, упрыгожвае альбом незаслужана забытая мэлёдыя з кінафільму «Чырвонае лісьце». Выканаўца выступае то з акустычнымі вэрсіямі кампазыцый, то ўжывае магутна зафузаваную электрагітару, прычым, як трэба здагадвацца, у «электрыфікаваных» п’есах прафэсар гітары ўсе партыі запісваў самаруч.

Альбом можна было б назваць цалкам удалым, калі б не адна акалічнасьць, якая, зрэшты, уласьцівая многім падобным зборнікам. Кампазыцыя дыску шмат у чым выпадковая. Прынамсі, нейкая, нават умоўная, драматургія тут адсутнічае. Ёсьць просты, адвольны набор асобных нумароў, парадак якіх мог быць такі ці іншы. Але ж гэты момант, нават у дачыненьні да звычайнага «грэйтэст гітс», можна было прадумаць дакладней. Тым больш што матэрыялу хапае.

Тым ня менш, тым, хто раней ня чуў Уладзімера Ўгольніка і хоча атрымаць уяўленьне аб ягоных магчымасьцях як аўтара, так і выканаўцы, гэта альбом можна сьмела параіць. Тут ёсьць што паслухаць. Старыя коні і гітары не сапсуюць.

Задушаны Слухач

Intro Jagody

Група «Cherry Vata». (p) 2004, «Gizmo Lab Records».

Я невялікі знаўца й аматар сучасных кампутарных «дабаў», «міксаў» і падобных «дрын-н-пэйсаў». Наколькі ўдалося даведацца, група гэтая складаецца з трох чалавек, якія хаваюцца пад гучнымі юнацка-фірмовымі псэўданімамі — Хайнц Трой, Дзіямас Рол і Вера Фэйт. Ролі разьмеркаваныя гэтак: Вера сьпявае, а далей адзін музыка (хіба Трой) выступае як гітарыст, другі ж у патрэбны момант націскае на тую ці іншую «гарачую» кнопку кампутара, у якім знаходзяцца раней запісаныя падложкі ўсіх трэкаў з тымі самымі «дабамі», «міксамі» і ўсім іншым, што яны называюць музыкай. Вядома, што дыск гэты музыкі лічаць нечым накшталт дэма, папярэднікам нечага куды больш манумэнтальнага й глябальнага, што яны плянуюць запісаць і выдаць яшчэ сёлета.

Я ўсё ж люблю музыку жывую. Бо кампутар — гэткае стварэньне, якое, як і жанчыну, разгадаць адразу немагчыма. Таму, слухаючы гэтыя запісы, цяжка здагадацца, што зроблена рукамі і мазгамі чалавека, а што зьляпілі кампутарныя праграмы ды розныя «Intel»ектуальныя чыпы. Інакш кажучы, дзе тут уласна творчасьць, а дзе — тэхналёгія. І чым «чреваты» прагрэс для стварэньня музыкі.

Што да гэтага ўзору прагрэсу, дык ён, прынамсі, не выклікае жаданьня скінуць з апошняга паверху дарагі як памяць кампутар 486-DX і назаўсёды разьвітацца зь мінулым рок-н-ролу. Тут ёсьць нават прыемныя моманты, галоўны зь якіх — голас Веры. Голас зь вельмі цікавымі і рэдкімі тэмбрамі, выразны і глыбокі. Хіба што ня надта трэніраваны. Але ён запамінаецца. Каманда гэтая ўжо паказвалася пару разоў у менскіх клюбах на спэцыфічных электронных сэйшэнах, хоць, на маю думку, яна ня надта ўпісваецца менавіта ў электронную тусоўку. Гэта, хутчэй, адна з разнавіднасьцяў (пакуль?) андэрграўнднага, амаль хатняга музыкаваньня, якое можа выйсьці на новы якасны ўзровень, а можа аказацца ўсяго толькі часовым экспэрымэнтам. Там, ведаеце, можа здарыцца замужжа, войска, сям’я, пошук, чым накарміць нашчадкаў. Тут ужо не да міксаў з дабамі.

Так што пачакаем абяцанага на восень.

Шчэры Слухач

Не для FM

Юры Міхайлаў. (р) 2005, аўтарскае выданьне.

Радуе ўжо вось што: гэтыя песьні з аўтарскага, сольнага альбому лідэра групы «Мадэра гард-блюз», дзякаваць богу, на хвалях айчынных FM-станцый наўрад ці пачуеш. Надта ўжо яны нефарматныя як па музыцы, так і па зьмесьце. Такое ўражаньне, што Міхайлаў, наведаўшы неяк Андрэя Плясанава, добра пачаставаўся славутымі «плянавымі» напоямі. Аж да таго, што, калі Плясанаў прапанаваў запісвацца, ён быў ужо ня ў стане падыграць Міхайлаву на гітары, адно нэрвова трос рукамі з заціснутымі ў пальцах пэркусійнымі бразгалкамі.

Дый рэпэртуар атрымаўся адпаведны. Вось назвы некаторых песень: «Запой», «0,7 віна», «Я вып’ю гарэлкі» і на заканчэньне, адпаведна, — «Туга». У аснове музыкі — рок-н-рол ды блюз, усе гітарныя партыі Міхайлаў неяк здолеў запісаць самастойна. Прычым выйшла гэта даволі ўдала. У кожным разе, не чуваць, каб ён разьбіў якую з гітар аб сьценку.

Але ў цэлым альбом, на маю думку, вельмі выразна адлюстроўвае час. Бо па сутнасьці гэта — ня што іншае, як своеасаблівы амаль забыты «кватэрнік», запіс таго, што цяпер амаль не выконваецца з сцэны (хіба што на клюбных вечарынках), а адрасавана найперш блізкім сябрам ды самым загартаваным аматарам творчасьці Міхайлава. Ён нібыта вяртае слухачоў у часы Саветаў, калі падобная творчасьць ня надта ўхвалялася ўладамі і таксама была нефарматная для этэру. А па духу — гэта ўсё ж клясычны блюз. Толькі што створаны ў сучаснай Беларусі ды на той мове, на якой Міхайлава замбіравалі на палітынфармацыях падчас ягонай вучобы ў тэатральна-мастацкім.

Безумоўна, альбом не разьлічаны на шырокую папулярнасьць, на разгорнутую музычную прэзэнтацыю. Ён цікавы найперш як дакумэнт эпохі забаронаў канцэртаў, пазбаўленьня музыкаў канстытуцыйнага права на працу ды канчатковай страты сумленьня адказнымі за культуру чыноўнікамі. Не, не FM’у адрасаваў гэтыя свае ня вельмі жыцьцярадасныя песьні Міхайлаў, а, магчыма, гэтым вось кабінэтным вужакам, каб паказаць, што жыцьцё ў «Панараме навін» і жыцьцё ў блюзе — рэчы зусім розныя…

Нефарматны Слухач

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0