2005. Брыль і самакрытыка
Тэксты Янкі Брыля раздражняюць празь ягоную паўсюдную аптымістычную самазадаволенасьць. Нават самакрытыка ў Івана Антонавіча самазычлівая, такая лагодная, што выглядае не на ўшчуваньне, а на кепска прыхаваную пахвальбу. Крытыкуючы сябе, Брыль ставіць сваю асобу ў шэраг адмоўных пэрсанажаў. Ён крытыкуе ўжо не сябе, а гэты адмоўны шэраг, у якім ён ня самы адмоўны. Вось і прыклад выбудоўваньня Брылём адмоўнага сьмецьцеаблічнага шэрагу: «Успамінаючы ў Ахматавай, можа, і не зусім дакладна: «Из какого сора растут стихи». І хочацца дадаць: «А самі паэты?» Калі падумаць пра сябе. Асабліва ў начной адзіноце». Тут яшчэ адзін прыклад: «А можа, яно яшчэ лепш было б — за кожным разам даваць у дужках (лаянка), (лаянка), (лаянка)?.. І гэтак далей, пакуль зусім не агоркне. Прапаную — і крыху няёмка: і ў самога часам таксама «намёкі» бывалі, няшмат, аднак усё ж…» (З кнігі «Блакітны зьніч». 2004.)
P.S. Пішучы пра Янку Брыля, я губляю маштаб, страчваю сталічную стылістыку, раблюся правінцыйны. Правінцыя — таўстадупая баба, што стаіць у дзьвярах супэрмаркету і замінае іншым рухацца. Правінцыя і вызначаецца запаволенасьцю ў дзеяньнях, у думках, у прыняцьці рашэньняў. Толькі вось сягоньня бяз гэтай правінцыйнасьці Янкі Брыля ўся беларуская літаратура проста нікчэмная.
1995. Клімковіч і рана
«Бахціка пасадзілі!» — «Ведаю!» — «У камэры ён сам сябе пазногцямі разарваў, і так тую рану раскалупаў, што яго ў бальніцу перавялі… Сьмешна!» Мне ад такога аповеду Максіма пра Бахціяра Бахціярава стала ня сьмешна, а млосна. Ня я, а Клімковіч з тым Бахцікам разам працаваў, не на маёй працы, а на ягонай людзей кідаюць у турму за хабар. Фармальна — за хабар, а напраўду — за палітнекарэктнасьць, за палітнедальнабачнасьць, за палітыку. А ён — мой таварыш і паплечнік Максім — млее ад злараднасьці. Тут паміж намі і прабегла чорная котка недаверу з раскалупанай пазногцямі ранаю.