Краіна зёлак

Фрагмэнты бясконцае паэмы

Памяці Зоські Верас

Прадмова

Словы у кнізе схаваліся, крылцы, як зёлкі, стуліўшы,

лета даўнейшага сьпеў, шэпты тутэйшых людзей

льюцца, напоўніўшы дзеямі формы, дзе іхныя думы

сэрца прымусяць заўжды біцца, чырвонячы кроў.

*

Сьпевамі птушак і сонцам настоена моцна паветра,

іх галасы вада перадражнівае з ручаін.

Бэзавымі валасамі зусім маладзенькіх бярозак

хочацца твар астудзіць, вецер стаіўшы ў грудзёх.

*

Сёньня — хмары ад ранку нізюткае неба замглілі,

сыплецца дробны рунец. Толькі — травы акіян

слаба ўздыхае пад ветрам. Аднак жа заслонаю з марлі

крые абшары туман, хілячы травы да сну.

Перш — багаткі паснулі; і я сярод іх засынаю —

сёньня, напэўна, Марфэй дружбу з Зэфірам завёў.

*

Гучна пад вечар вароны гарлаюць, спаць кладучыся,

жабы вакол завялі гімн на гамэраўскі лад.

Чую фальцэт камарыны; і зрэдку сабака забрэша.

Сьціхла машына ў палёх, скончыла гной развазіць.

Хораша моўчкі залегчы ў траве халадкавай, што пахне

смачна зялёным шчаўём, сенам яшчэ маладым.

Вочы ўздымаю угору: а месяц ужо, як гадзіньнік,

сьцелюць аблокі пасьцель, зь ветру п’ю сырадой.

*

Дождж пакідае пісьмёны вось тут на стале лубаваным;

зранку выходжу у сад, слухаю цені травы.

Недзе пад ветрам рыпучым ячмень асьцюкі свае вострыць

з вытарапкаю злой ходзіць на пару асот,

шчыльна бярозка зь бярозай спляліся. Ля дроў нерубаных

кот пазяхае ў цішы — цэлую ноч паляваў.

Доўга шукае аса ў аксамітнай сьцяне сваю норку

і пераможна нясе збройную песьню у сьвет.

Сотні вісомых мастоў, вераўчаных драбінаў у неба

сплёў для мяне вінаград, нават прыступкі памыў.

Зёлкі, букеты і сьлёзы — спляліся і радасьць вяшчуюць,

кветкі ж рабыя, аднак, кажуць, што восень ідзе.

*

Твары заплаканых яблыкаў сьлёзы сьціраюць лістамі.

Бульбы пад небам рады… Статак пярэстых кароў…

Колькі разоў ты ўглядаўся ў блакітную вільгаць прастораў,

колькі ты словы шукаў, каб расказаць на ўвесь сьвет

казку пра замак ружовы зь сялянскіх ільняных аблокаў,

праўду пра скошаны луг, песьню пра кроплі расы!

Толькі заўжды заставаўся сам-насам з маўчаньнем прастораў,

зь яблыкамі, што зь лістоў хітра ўсьміхаюцца ў сьвет.

1976—2001 г.

Банальныя праўды

*

Розум наш — кволая сьвечка, што цемру быцьця асьвятляе,

толькі запаліш агонь — цемра гусьцее вакол.

*

Чорныя вочы смалою кіпучай мне сэрца спалілі,

пэўна, што ў гэтай смале буду і ў пекле кіпець.

*

Полымя полымем тушаць пры моцных лясных пажарах,

і на маю, пэўна, жарсьць рада адна толькі — ты.

Празаічныя ўсьмешкі

* * *

Ларысе

Помніш, мы неяк купілі шціблеты, віна і закускі —

доўга на беразе Кронану сьвята бадзягі спраўлялі.

Тыя шціблеты даўно ўжо валяюцца, просячы кашы,

толькі віно мы, здаецца, пілі не даўней як учора.

Аб гуманізьме

Насьледаваньне Ксэнафану

Здаўна дабро гуманізмам людзі завуць між сабою,

зьмеі ж, напэўна, зьмяізмам празвалі б, каб ведалі словы,

а пацукі — пацучызмам, як павукі — павучызмам.

Лепей, каб спрэчак пазбыцца, назвалі б яго сябелюбствам.

Аб настаўніках д’ябла

З Сымона Буднага

Многа ня трэба пісаці, якіх мы настаўнікаў маем, —

ведае сьвет, як яны на ступені свае заступаюць,

ведаем мы, як стаяць і справуюцца пастыры тыя.

Плакаці лепей, нуж норавы тут іх выпісваць. Яно ж бо

пэўная рэч, што дарэмна ад іх папраўленьня чакаці.

Лепей, хто згінуць ня хоча, хай іншыя лекі шукае.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0