Аднойчы, выехаўшы з ускраіны рабочай гарадзкой у цэнтар, я быў уражаны: нядаўна адрамантаваныя фасады будынкаў па Савецкай былі спляжаны бязглуздымі графіці.

Усе гэтыя манаграмы ды завіткі з кропкамі для іх аўтараў уяўляюць сэнс самасьцьвярджэньня. Акурат прага самасьцьвярджэньня прымушае падлетка рызыкаваць, выходзячы з балёнчыкам фарбы ўначы на галоўную вуліцу гораду. Удала зьдзейсьненая апэрацыя гарантуе пагалоску ў тых, чыя думка зьяўляецца для падлетка ці ня самай важнай. Бацькам ведаць пра начную героіку неабавязкова, міліцыі — непажадана. Праўда, некаторыя зь юных падпольшчыкаў умудраюцца разграфіціць пастарунак. Чыстая рызыка. Большага алярму здатныя нарабіць толькі асэнсаваныя надпісы.

Сапраўдным запаведнікам палітычных графіці зьяўляецца мікрараён Стары аэрадром. Крочыш па яго цяністых вуліцах ды толькі дзівісься на сьцены. Значная колькасьць графіці захавалася тут з эпохі выбараў-2001. Гэта ня значыць, што іх не выдалялі ды не зафарбоўвалі. Але надпісы ўсё адно аднаўляюцца. Ёсьць там і пра жыве, і пра бароў нашых славу. За такое, як зловяць, будуць доўга мазгі паласкаць. Могуць нават з БРСМ выключыць.

Яшчэ адна праява тынэйджарскага вулічнага стылю — хіп-хоп. У Гомелі дастаткова хіп-хопавых і рэпавых камандаў. Але яны ўсе ўнікаюць беларушчыны ды цураюцца ў тэкстах «сацыялкі». Падлеткі з гурту «Наглядное пособие» ў песьні «Перамены» разьвітваюцца зь дзяцінствам ды варожаць, якім будзе дарослае жыцьцё. Яны не выяўляюць ані каліўца юнацкага максымалізму ці нонканфармізму. У намаляванай імі карціне ўсё досыць проста: забыць кепскае, думаць пра лепшае, аддаць належнае бацькам і, галоўнае, закінуць барацьбу.

На гэтым кісельным тле ўражвае беларускамоўны наіўнячок «Гомель на сувязі» каманды «Рухавік рэпу». Юныя рэпэры цешацца з таго, што прарвалі абалонку стэрэатыпаў русіфікаванага грамадзтва і здолелі сказаць іншым мовам «стоп»: «А калі ты беларус і не прызнаеш роднай мовы, // Вось тады ты забываеш, што ляжала ў тваёй аснове».

Нашы падлеткі — недасканалая мадэль беларускага грамадзтва. Недзе разьяднаныя, у чымсьці дэзарыентаваныя, месцамі гатовыя да рашучых дзеяньняў. Што яны заўтра напішуць нітрафарбай на сьценах ці прачытаюць рэчытатывам са сцэны? Пераадолець размытасьць сацыяльнай сьвядомасьці, невыразнасьць этнічнай тоеснасьці юнаму беларускаму гараджаніну вельмі і вельмі няпроста, але магчыма. І дзеля гэтага трэба ім штуршок. Беларусі трэба.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0