Насуперак эканамічнай мэтазгоднасьці Менск вырашыў пераарыентаваць грузапаток на Калінінградзкі марскі порт, піша «Белорусский рынок».

Спачатку пытаньні супрацоўніцтва Беларусі і Калінінградзкай вобласьці былі прадметна абмеркаваны прэзыдэнтамі Беларусі і Расеі ў Завідаве 20—21 ліпеня, дзе «ўсе выпрацаваныя прапановы падтрымаў прэзыдэнт Расеі». Праз чатыры тыдні, 16 жніўня, на сустрэчы з калінінградзкім губэрнатарам Уладзімерам Ягоравым А.Лукашэнка заявіў: «Калінінградзкая вобласьць для Беларусі не чужая… Галоўнае, каб гэта падабалася калінінградцам».

«Белорусский рынок» зазначае, што эканамічна нявыгадная пераарыентацыя на замярзаючы Калінінградзкі порт (Вэнтсьпілс і Кляйпэда знаходзяцца бліжэй і не замярзаюць. — «НН») — ахвяра на перадвыбарную кампанію Лукашэнкі, які хоча гарантаваць сабе падтрымку Расеі. Апошняя ж перадусім перасьледуе эканамічныя мэты ў Беларусі.

Беларускія экспэрты ў той жа час даводзяць, што з калінінградзкім праектам будзе тое самае, што і зь іншымі перадвыбарнымі абацаньнямі расейскаму саюзьніку: пасьля выбараў знойдзецца нагода дэнансаваць пагадненьне.

Аднак наўрад ці Масква так проста дала сябе падмануць — ёсьць досьвед узаемадачыненьняў. Калі гэта так, то тайнае пагадненьне, заключанае ў Завідаве, мусіць хаця б выглядаць ўзамеамавыгадным, а ня толькі падабацца калінінградцам, канстатуе «Белорусский рынок».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0