Засяваюцца непазначаныя на плянах участкі, але атрыманы ўраджай дзеліцца на «афіцыйную» плошчу. Ствараецца неафіцыйны збожжавы фонд, які ў выпадку праверкі накіроўваецца ў слабыя гаспадаркі. Імпартаваная тэхніка дазваляе жаць пры вільготнасьці збожжа 32—35%, а ўлік ураджайнасьці вядзецца згодна з бункернай вагой.

Дзяржаўныя СМІ штодня паведамляюць пра новыя посьпехі на палетках. «Ёсьць мільён!» — радасна рапартуе «СБ» аб выніках жніва на Меншчыне. Традыцыйна ў жніўні з бачын газэт на нас пазіраюць стомленыя вочы працаўнікоў, а тэлевізар гудзе ад камбайнаў і трактароў.

Што хлеб патрэбен — ніхто не спрачаецца. Як ніхто не сумняваецца ў высакароднасьці працы на зямлі. Але асьвятленьне жніва з кожным годам робіцца ўсё больш аднабаковым — скрозь посьпехі, стаханаўскія тэмпы і выкананьне ў вызначаны тэрмін заплянаваных паказчыкаў. Па-за кадрам застаюцца непазьбежныя выдаткі штогадовых бітваў. Праз інтэрнэт даведваемся пра п’яных трактарыстаў, што забіваюць людзей, пра незадаволеных нізкім заробкам калгасьнікаў ды прыцягненьне да працы ў шкодных умовах непаўналетніх. Але я маю на ўвазе ня толькі ахвяры аварый. Маральныя ахвяры, магчыма, яшчэ большыя. Людзі прывучаюцца да падману, бо сыстэма змушае іх да прыпісак.

Банальны для большасьці краін вытворчы працэс у нас падаецца як усенароднае змаганьне за ўраджай. А з кім змагаемся? Калі з стыхіяй, дык сьмешна змагацца з прыродай. Калі ваюем зь несунамі, што цягнуць народнае дабро, то ці не прасьцей даць ім прыстойны заробак ды не адцягваць увагу міліцыі ад больш пільных патрэб?

Дзяржаўныя СМІ не даюць сабе клопату задумацца: адкуль бяруцца рэкордныя ўраджаі і мільёны тон збожжа насуперак выклікам надвор’я і гаротнаму стану гаспадарак?

Наша вайна ня горшая і ня лепшая за астатнія. У нас таксама ўжываюцца сучасныя элемэнты, такія, як дэзынфармацыя. Па-народнаму — прыпіскі. Прычым санкцыянуюцца яны з самага верху — Галоўным Аграномам, які кожнага разу з дакладнасьцю да мільёна ведае, які ўраджай нас чакае.

Застаецца толькі не падмануць чаканьні, але і не перастарацца з паказчыкамі, што няспынна сьцякаюцца зь месца падзей у цэнтар. За гады аграрных бітваў назапашаны багаты вопыт. Яго апісаў яшчэ Макаёнак у п’есе «Выбачайце, калі ласка». Гэты твор 1953 году тады ставіўся масава, але сёньня ня мае шанцаў трапіць на сцэну.

Каб парадаваць начальства, у гаспадарках ідуць на розныя хітрыкі. Засяваюцца непазначаныя на плянах участкі, але атрыманы ўраджай дзеліцца на «афіцыйную» плошчу. Вось і атрымліваецца ўраджайнасьць амаль што нямецкая. Каб пазьбегнуць непрыемнасьцяў зь нечаканымі візытамі, у раёнах ствараецца неафіцыйны збожжавы фонд, які ў выпадку праверкі накіроўваецца ў самыя слабыя гаспадаркі. Тое, што нягледзячы на прапаганду айчынных вытворцаў сельскагаспадарчай тэхнікі на палетках усё яшчэ працуюць нямецкія ды амэрыканскія калегі «Гомсельмашу», тлумачыцца стратэгічным значэньнем іх тэхналягічных вартасьцяў.

Нашы камбайны ня здольныя пакуль працаваць у такіх умовах, калі вялікая колькасьць збожжавых палегла ў выніку ўрагану. Да таго ж імпартаваная тэхніка дазваляе пачынаць жніво пры вільготнасьці збожжа 32—35%, а ўлік ураджайнасьці вядзецца згодна з бункернай вагой. Падлічыць, колькі застанецца ад ураджаю, сабранага такой тэхнікай, пасьля дапрацоўкі (а захоўваецца зерне з утрыманьнем вільгаці 14%), можа кожны. Не гаворачы ўжо пра звычайныя прыпіскі, заклапочанасьць якімі выказваюць нават афіцыйныя эканамісты.

Каму гэта ўсё патрэбна, зразумела і так. Галоўны герой бітвы выразна акрэсьліў кола сваіх заняткаў: пасяўныя-ўборачныя і перадвыбарная гонка. Газэтна-тэлевізійныя ж героі, якія робяцца героямі толькі на час жніва, насамрэч выконваюць ролю таннай у літаральным сэнсе статычнай масоўкі: сем мільёнаў? Калі ласка!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0