Нацыянальны кангрэс дэмакратычных сілаў прызначаны на 1 кастрычніка. За месяц апазыцыі прыйдзецца зрабіць выбар, з наступствамі якога — пазытыўнымі ці нэгатыўнымі — краіне прыйдзецца жыць пяць гадоў.

Паводле апытаньня IRI, найменшы нэгатыўны рэйтынг сярод прэтэндэнтаў маюць Уладзімер Колас і Аляксандар Вайтовіч. Але два гэтыя палітыкі не далучыліся да кангрэсавай працэдуры. З «далучаных» найменшы нэгатыўны рэйтынг у Алеся Мілінкевіча. Самым пазнавальным апазыцыйным палітыкам застаецца Анатоль Лябедзька. У сытуацыі роўнасьці рэйтынгаў многія дэлегаты будуць, бадай, галасаваць сэрцам, пад уплывам апошніх эмоцый.

Напрыклад, узбурэньня праз рашэньне «Нямецкай хвалі» рабіць беларускую праграму ў выключна расейскамоўным фармаце. Алег Трусаў увогуле паставіў пад сумнеў мэтазгоднасьць удзелу ў Кангрэсе ў сытуацыі, калі асобныя прэтэндэнты ў прэзыдэнты такое рашэньне віталі. Маўляў, калі няма павагі да нашага галоўнага прыярытэту, пра якую еднасьць гаворка. Да тэмы «Хвалі» вяртаецца Віталь Тарас.

Зь іншых матэрыялаў нумару зьвярну ўвагу на допіс А.Бузіннага зь Пінску. Ці мусяць беларусы выяўляць салідарнасьць з народамі, якія змагаюцца за незалежнасьць ад Расеі? Гэты ліст, думаю, выкліча рэакцыі. Адпачнеце ж за чытаньнем цудоўных перакладаў з габрэйскае, з Этгара Керэта.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0