Барсэлёна, 1913 год. Псыхіятар Леон Парда, які пазнаёміўся з тэорыяй сэксуальнасьці Зыгмунда Фройда, кідае цяжарную жонку Альму зь няўцямнымі тлумачэньнямі. Альма і муж яе сястры Сальвадор вядуць пошукі нечакана зьніклага. А ключом служыць дысэртацыя Леона пра чатырох гістэрычак…

«Забіць Фройда» — дасьціпная, лёгкая, сьмешная камэдыя Гаакіна Арыстрэлы з дынамічным сюжэтам, дзе знаходзіцца месца і дэтэктыўным інтрыгам, і страшным тайнам, і любоўным шматкутнікам, і дзядулю Фройду.

Праз стагодзьдзе пасьля скандальных адкрыцьцяў венскага доктара псыхааналіз стаўся абавязковым і зацёртым штампам — і аўтары карціны могуць дазволіць сабе іранізаваць зь цёплай настальгіяй. Скандалы садамазахізму, тайных вечарынак трансвэстытаў, інцэсту і гомаэратызму пададзеныя з ашаламляльнай нявіннасьцю, наіўным і мудрым тактам ды здаровым гумарам.

Залатыя рамачкі кадраў, сынэфільскія намёкі на хроніку, касьцюмы, аўтамабілі-карэты ствараюць стыльную атмасфэру.

Сцэнар Дамініка Гарары й Гаакіна Арыстрэлы легкадумна-бездакорны, кожная фраза страляе, сцэны й жэсты вывераныя — гумар адточаны й зусім ня плюгі.

Леанор Ўотлінг (Альма) і Люіс Тасар (Сальвадор) іграюць нязмушана, але ў фільме ўсе акторы на сваім месцы — акторскі ансамбль зладжаны, і нават эпізадычныя ролі добра прадуманыя.

Гледачы плакалі ад рогату на Маскоўскім фэстывалі, дзе карціна была прадстаўленая; да плачу могуць далучыцца й менчукі.

«Забіць Фройда» («Inconscientes»)

Гішпанія—Нямеччына—Італія—Партугалія, 2004, каляровы, 100 хв.

Жанр: іранічная камэдыя.

Адзнака: 7,5 (з 10).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0