«Concertgebouw» у перакладзе зь нідэрляндзкае — «канцэртны будынак», «дом канцэртаў». Залі з такой назваю ёсьць у некалькіх гарадах Галяндыі й Бэльгіі, але самая знакамітая — у Амстэрдаме.

Цяперака брэнд «Concertgebouw» існуе ў любой мове сьвету безь перакладу, гэтаксама як, напрыклад, «Berliner Philharmoniker». Канцэртгебаў, які існуе ад ХІХ стагодзьдзя, мае слаўную гісторыю.

Побач з музэем сэксу

Калі год таму я, толькі прыехаўшы на вучобу, вохкім санлівым ранкам выйшаў з аўтобусу на амстэрдамскім вакзальчыку Амстэл, у пустэчы станцыйнага холу кінулася ў вочы яскравая рэкляма: на ёй усьміхаўся дырыжэр Марыс Янсанс і быў надпіс «License to thrill». У наступным рэкляма была відаць па ўсім горадзе. Так — як турнэ поп-зоркі або як новы крэм для схудненьня — абстаўлена было зьяўленьне за пультам Каралеўскага сымфанічнага аркестру Канцэртгебаў яго новага мастацкага кіраўніка. Я паспрабаваў уявіць падобны размах рэклямнае акцыі маэстра Анісімава ў Менску. Ня здолеў.

Канцэрты адбываюцца тут практычна штодня, па некалькі разоў у дзьвюх залях. «Grote Zaal» — вялікая заля — пераважна запрашае на канцэрты аркестраў, хораў і найбуйнейшых салістаў, якія здольныя сабраць па-над дзьве тысячы расьпешчаных тутэйшых мэляманаў. «Kleine Zaal» жа ўжываецца часьцей для канцэртаў камэрнае музыкі, ансамбляў, вакалістаў. Будынак стаіць крыху наўзбоч ад гістарычнага старога места. Зусім блізка музэй Ван Гога й Мастацкі музэй, дыскарня-кнігарня «Broekmans», аддзяленьні банкаў, супэрмаркет, фабрыка дыямэнтаў. Да музэю сэксу ды кварталу чырвоных ліхтароў — пару трамвайных прыпынкаў.

Расьпісана наперад

Стары будынак, што пры канцы 1980-х зазнаў поўную рэстаўрацыю, выглядае шыкоўна. Зь левага боку да спаруды прыбудавана сучасная двухузроўневая шкляная галерэя, якая зьмяшчае касы, а на другім паверсе — кавярню. Ля касаў давялося за год правесьці не адзін дзясятак гадзін, чакаючы ў жывой чарзе на ўваходныя квіткі коштам сем эўра. Іх тут можа набыць кожны, маладзейшы за 27 год або старэйшы за 65 (прад’яўленьне дакумэнту з фатаздымкам абавязковае), пры наяўнасьці лішку непрададзеных білетаў. Гэтыя квіткі зьяўляюцца за 45 хвілін да пачатку канцэртаў. Звычайныя ж білеты каштуюць недзе 30—60 эўра, часам цэны сягаюць 125 эўра за месца.

Праграма канцэртаў расплянаваная, па сутнасьці, на год наперад. Ля галоўнага ўваходу задарма можна ўзяць буклет або на цэлы год, або на адзін зь месяцаў. Многія канцэрты арганізаваныя ў абанэмэнты: ёсьць цыклі з сымфанічнымі аркестрамі, камэрнымі ансамблямі, квартэтамі, трыё. Знакамітая сэрыя «Meesterpianisten» ідзе ўжо дзевятнаццаты год, у ёй аб’яднаны сольныя канцэрты найвыдатнейшых піяністаў сучаснасьці. У апошнім канцэртным сэзоне гралі, сярод іншых, Рыгор Сакалоў, Міхаіл Плятнёў, Аркадзь Валадось, Раду Люпу, Мікалай Луганскі, Севярын фон Экардштайн, Яўген Кісін. Апрача такіх абанэмэнтаў, адбываюцца й разавыя канцэрты — ня толькі клясычныя, але, часам, і джазавыя, а таксама нязвыклыя, аб’яднаныя паняткам «world music» (фальклёрныя й іншыя разнастайныя формы музыкі з усіх канцоў сьвету). Не бывае тут хіба што толькі канцэртаў поп- ці рок-музыкі.

Як у «Гілтане»

За мінулы сэзон на афішах Канцэртгебаў двойчы былі прозьвішчы беларускіх музыкаў. У сакавіку ў Малой залі выступалі віялянчэлісты Кісялёў, Сінькевіч і Карызна (усе яны калісьці навучаліся ў менскім музычным каледжы ў клясе Ўладзімера Перліна). А ў красавіку аркестрам «Holland Symphonia» дырыгаваў у Вялікай залі Аляксандар Анісімаў. У буклеце на наступны год ёсьць імя Ксеніі Кузьменкі, нашай піяністкі, якая цяпер стала жыве ў Нідэрляндах.

Унутранае ўбранства Канцэртгебаў не саступае ў эфэктнасьці вонкаваму бляску. Элегантныя бары з клясычным наборам напояў, чырвоныя кілімы, ветлівая абслуга — усё амаль як у гатэлях «Гілтан». Часьцей за ўсё залі бываюць поўныя, прычым кідаецца ў вочы пэўная акалічнасьць. Калі на вуліцах Амстэрдаму скрозь сустракаеш людзей усіх нацыянальнасьцяў і колераў, прычым пераважаюць чарнаскурыя ды арабы, дык падчас канцэртаў такое ўражаньне, быццам адбылася лякальная расавая зачыстка. Адзінае выключэньне складаюць кітайцы зь японцамі. Тут сёньня яшчэ можна сустрэць тую самую публіку, якая была і дваццаць, і сорак гадоў таму. Прыкра, што большасьць слухачоў сталага ці вельмі сталага веку. Прычына гэтага ў дарагоўлі квіткоў і досыць кансэрватыўнай рэпэртуарнай палітыцы канцэртнай залі. Дзіўна, але колькасьць прэтэндэнтаў на танныя моладзевыя квіткі зазвычай не перавышае 15—20 чалавек, пры тым што літаральна цераз дарогу знаходзіцца кансэрваторыя з больш як тысячай студэнтаў — патэнцыйных заўсёднікаў.

Канцэртгебаў мае просты й прывабны вэб-сайт (www.concertgebouw.nl), дзе можна даведацца пра праграму і выканаўцаў ці не на ўвесь год. Як практычна ўсюды ў Галяндыі, інфармацыя пададзеная па-нідэрляндзку й па-ангельску. Адразу можна замовіць квіткі, зрабіўшы аплату крэдытнай карткай, і выбраць спосаб атрыманьня білета — або праз пошту, або праз выдачу ля касы ў дзень канцэрту.

Беларускі аналяг

Прынцып работы Канцэртгебаў амаль не адрозьніваецца ад іншых буйных заляў Галяндыі й сьвету. Менскай філярмоніі, якая нядаўна набыла новы выгляд, некалькіх такіх важных штрыхоў не стае. Яна цяперака мае дзьве залі (падобна да «Grote Zaal» ды «Kleine Zaal»). Новай Малой залі на дзьвесьце месцаў нададзена імя Рыгора Шырмы. Абноўленую Вялікую канцэртную залю варта было б назваць у гонар Ўладзімера Шаліхіна, які не адзін дзясятак гадоў вёў у ёй канцэрты. Ёсьць яшчэ Заля камэрнае музыкі, якая месьціцца ў касьцёле Сьв.Роха. Прысутнічаюць у нас і абанэмэнты на цэлы сэзон — асабліва ўнікальныя й каштоўныя тыя, дзе з сымфанічным і камэрным аркестрамі іграюць навучэнцы Музычнага каледжу. Аднак дагэтуль няма ні старонкі ў інтэрнэце, ні эфэктыўнай магутнай рэклямы, якая б спрыяла папулярнасьці філярмоніі сярод заможных менчукоў, турыстаў, бізнэсмэнаў. Прафэсійныя музыкі і так спраўна сочаць за афішамі.

Гэта магло б спрыяць павышэньню коштаў квіткоў, а значыць, і магчымасьці запрашаць значна большую колькасьць вядомых у сьвеце выканаўцаў, і ня толькі з Расеі.

Нават разгромная рэцэнзія ў газэце ў выніку дае адчувальны рост цікаўнасьці да выканаўцаў і канцэртных праграм. Шкада, што ў іншых гарадах Беларусі няма годных аналягаў Менскай філярмоніі, якія рабілі б ёй адначасова і канкурэнцыю, і падтрымку. Згадайма зноў Галяндыю: падобнага ўзроўню канцэрты адбываюцца і ў Гаазе, Ратэрдаме, Эйндховэне.

І ўсё ж адчувальна, што Менск чакае цікавы і насычаны канцэртны сэзон. Ужо зьявіліся сьвежыя афішы, дзе прыцягваюць увагу канцэрты вялікага піяніста Мікалая Луганскага, аркестра «Lietuva», цыкль з трох канцэртаў «Краіна Сымфонія». У сьнежні мае адбыцца міжнародны конкурс піяністаў «Менск-2005». Так што часам і ў залях амстэрдамскага Дому канцэртаў давядзецца тужліва ўзгадваць пра родную Белдзяржфілярмонію.

За мінулы сэзон на афішах Канцэртгебаў двойчы былі прозьвішчы беларускіх музыкаў. У сакавіку ў Малой залі выступалі віялянчэлісты Кісялёў, Сінькевіч і Карызна (усе яны калісьці навучаліся ў менскім музычным каледжы ў клясе Ўладзімера Перліна). А ў красавіку аркестрам «Holland Symphonia» кіраваў у Вялікай залі Аляксандар Анісімаў. У буклеце на наступны год ёсьць імя Ксеніі Кузьменкі, нашай піяністкі, якая цяпер стала жыве ў Нідэрляндах.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0