2005. Харэўскі і торганьне

«Ты бачыў, як па загадзе архітэктара вырываюць з вуліцы дом? Ну проста як дантыст выдаляе зуб. Пагадзіся! Архітэктар і масты ставіць, як той зубны тэхнік. У абодвух варыянтах нам баліць — і з домам баліць, і з зубам… Ні дантыст, ні архітэктар ня чуюць нашага касталомнага болю, то ж бо звыкліся. Але ні зубны доктар, ні гарадзкі архітэктар ніколі ня звыкнуцца з тым, што іх торгаюць за руку падчас работы!» — кажу Сяргею Харэўскаму. «Ды ня торгаю я!» — «Торгаеш-торгаеш, архітэктараў торгаеш, а ты паспрабуй таргані зубнога доктара…»

1969. Піткевіч і жалезны шарык

Ёсьць узрост, калі просьценькі мэталёвы шарык уяўляе вялікую каштоўнасьць, асабліва як ёсьць яшчэ рагатка, зь якой можна той шарык пусьціць. Чамусьці мне хацелася пусьціць шарык у шыбу. Шкоднае жаданьне. Больш за тое, жадалася, каб мой стрэл убачылі сьведкі. Было нешта накшталт спрэчкі. «Ты можаш?» — «Канечне!» — «Ну пайшлі, паглядзім, як ты зможаш!..» Мы — Бязушка, Піткевіч і я — уцяклі са школы, дабеглі да першага жылога дому, і я стрэліў. Шыба на першым паверсе луснула і пасыпалася. Я быў упэўнены: шарык праб’е акуратную дзірку, як куля. Але ў яго хапіла моцы толькі абсыпаць шыбу. Хаваючыся за кустамі, мы подбегам вярнуліся ў школу. Я зь Бязушкам вярнуўся, а Піткевіч застаўся. Ён быў тоўсты, ён ледзь дабег з школы да дому, назад бегчы сілаў не знайшлося. Ён так і стаяў пад тым дрэвам, з-пад якога я стрэліў, калі гаспадар пабітага акна схапіў нашага таўстуна за каўнер і павалок у міліцыю. Піткевіч прывёў міліцыянта ў нашую клясу і паказаў на мяне і Бязушку. Шыбу ўстаўлялі за грошы маіх і Бязушкавых бацькоў. Піткевічава маці плаціць адмовілася. Мая мама сказала, каб я ня помсьціў Піткевічу, бо яны зусім бедна жывуць. Маці ягоная працавала майстрам у цырульні і адна гадавала двух тоўстых сыноў. Чамусьці я тады паслухаў маці і ня помсьціў Піткевічу, але і сябраваць зь ім болей не сябраваў.

2005. Тата і падарожжы

Заўсёды ў падарожжа бяру адзін са зборнікаў татавых апавяданьняў. Каб у якім далёкім краі перачытаць перад сном навэлю і наноў адчуць салодкую незваротнасьць часу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0