Эўропа чакае ад Беларусі сюрпрызу

Францускі палітоляг Жан-Шарль Ляльман прыехаў у Беларусь, каб яшчэ раз на свае вочы пабачыць аб’ект, які ён ужо дзесяць гадоў дасьледуе. Ён піша кнігу пра Беларусь і Лукашэнку. З сп.Ляльманам гутарыць карэспандэнт «НН».

«НН»: Чый Вы палітоляг — францускі ці эўрапейскі?

Жан-Шарль Ляльман: Францускі, бо я француз! Гэта рэальнасьць. Але ж у той самы час я яшчэ і жыхар Эўропы.

«НН»: Чым зьяўляецца Беларусь для Францыі і чым — Беларусь для Эўропы? Калі, канечне, паміж гэтымі паняцьцямі трэба праводзіць рысу.

ЖШЛ: Я спадзяюся, што розьніцы няма і што тое, што датычыцца Францыі, і тое, што датычыцца Эўропы, — гэта адное і тое ж. Пра Беларусь ужо ведаюць, хоць пра яе дагэтуль мала пішуць і мала гавораць. Але многія эўрапейцы ўжо дазналіся, дзе на мапе сьвету знаходзіцца горад Менск. Два гады таму ў Парыжы праходзіў чэмпіянат сьвету па лёгкай атлетыцы, менавіта тады ўсе буйныя францускія газэты па-сапраўднаму адкрылі для сябе Беларусь — праз спорт. Але розьніца паміж Беларусьсю і Расеяй для шараговага насельніцтва незразумелая. Што датычыцца інтэлектуалаў, дык пра Лукашэнку ўжо ўсе чулі.

«НН»: Што Эўропа чакае ад Беларусі?

ЖШЛ: Калі канкрэтна, дык нічога. Ну, хіба што сюрпрызу, накшталт украінскага.

«НН»: Ці лічыць Эўропа дагэтуль, што можна дэмакратызаваць Беларусь з дапамогай Расеі?

ЖШЛ: Цяпер у Эўропе зразумелі, што такое пуцінскі рэжым. Гэта ахалоджвае і без таго няпростыя адносіны з Расеяй. Тыя, хто цікавіцца Беларусьсю, прынцыпова ня хочуць, каб яе праблемы вырашаліся праз Маскву. Ну а тыя, хто зарыентаваныя на Маскву, пра Беларусь увогуле не клапоцяцца.

«НН»: Што Вы думаеце пра скандал вакол Саюзу палякаў Беларусі?

ЖШЛ: Беларусь усё больш і больш нагадвае абложаную фартэцыю. У яе дрэнныя адносіны з усімі суседзямі, нават з Расеяй. Акрамя гэтага, каб мабілізаваць насельніцтва, заўсёды можна адшукаць замежнага ворага. Тым больш што ў часе Аранжавай рэвалюцыі Польшча адыгрывала выключна важную ролю — празь яе можа ісьці падтрымка беларускай апазыцыі, што не падабаецца рэжыму. Вось чаму Лукашэнка карыстаецца палітыкай дзяржаўнага нацыяналізму.

«НН»: Кім для Вас як для палітоляга зьяўляецца Лукашэнка?

ЖШЛ: Дыктатарам! Падобным сваім папулізмам да дыктатараў Лацінскай Амэрыкі. Але ёсьць і адрозьненьне — яно палягае ў тым, што тая сацыяльная палітыка, якую нібыта праводзіць урад Лукашэнкі, — фікцыя. Практычна поўная адсутнасьць сыстэмы мэдыцынскага страхаваньня, 20 даляраў дапамогі па беспрацоўі — гэта не сацыяльная палітыка.

«НН»: Які Ваш прагноз на 2006 г., калі зыходзіць з рэальнай сытуацыі, якую вы тут бачыце?

ЖШЛ (сьмяецца): Можна разьлічваць на яшчэ адну пяцігодку барацьбы!

Гутарыў Алесь Кудрыцкі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0