Калі каманда не дэманструе прыгожай гульні, не атрымлівае цягам дзесяцігодзьдзя прыметных перамог і не глядзіць у бок заўзятараў, мне цяжка ўявіць, навошта і для каго нацыянальная зборная наагул выходзіць на поле.

Магчыма, для чыноўнікаў з футбольнай фэдэрацыі? У Вільні на літбелфутбол хадзіў Андранік Антанян.

Нягледзячы на тое, што сустрэчы паміж беларускай і літоўскай футбольнымі дружынамі адбываюцца з прыметнай рэгулярнасьцю, матчы ў сьвядомасьці заўзятараў пакуль не набылі статусу прынцыповага дэрбі. Беларусь і Літва не трактуюцца як супернікі прынцыповыя, перамагчы якіх справа гонару.

Ёсьць і яшчэ адна акалічнасьць. Футбол у Літве, які дзякуючы высілкам банкіра, футбольнага магната, паэта-аматара etc. Уладзімера Раманава сёньня перажывае свае ці ня самыя лепшыя часы з моманту атрыманьня незалежнасьці, яшчэ ня можа прэтэндаваць на ролю меркі нацыянальных здольнасьцяў. Нішу гэтую ў Літве яшчэ ў 1938-м заняў баскетбол, і малаімаверна, што ў найбліжэйшыя гады становішча кардынальна зьменіцца. Да беларускіх посьпехаў у любым відзе спорту літоўцы ставяцца паблажліва і бязь ценю рэўнасьці. У баскетбол у Беларусі гуляць пакуль не навучыліся.

Вынікам адноснага футбольнага рэнэсансу Літвы стала і зьяўленьне ў Вільні футбольнай арэны «Ветра», пабудаванай на прыватныя сродкі. Стадыён хоць і знаходзіцца ў стане дабудовы, але ўтульны, зь якасным газонам і асьвятленьнем. Так што ў літоўскай зборнай, нарэшце, зьявілася магчымасьць прымаць на сталічным стадыёне сваіх супернікаў.

Урэмя зубраваць

Некаторы дадатковы шарм сустрэчы дадало тое, што ўпершыню за гісторыю беларуска-літоўскіх футбольных супрацьстаяньняў на віленскіх вуліцах зьявіліся арганізаваныя фанаты беларускай зборнай. Аказалася, што гэта група зуброўцаў — людзей да футболу абыякавых, якія вырашылі спалучыць прыемнае з патэнцыйна карысным. Цягам дня яны былі заўважаны ў розных частках гораду са сваімі немудрагелістымі акцыямі: перад тым як зьдзейсьніць паход у пакаханы беларускімі турыстамі гандлёвы цэнтар «Maxima», што на вуліцы Міндоўга, напалохалі паліцыянта, які ахоўвае беларускае прадстаўніцтва, а падчас экскурсіі па Старой Вільні зладзілі яшчэ адзін пікет на ганку старой віленскай ратушы (трэба прызнаць, месца ня самае вірлівае, дый прадстаўнікі літоўскай улады бываюць там радзей, чым у якім іншым пункце гораду). Зуброўцы таксама ахвотна давалі інтэрвію мясцовым мас-мэдыя, у якіх выказвалі зьдзіўленьне, што літоўскія сілы правапарадку ніяк не рэагуюць на іх паводзіны, і спадзяваліся, што іх сэктар зь бел-чырвонымі сьцягамі будзе ўпрыгожваць карцінку трансьляцыі з матчу, якая ўжывую будзе ісьці па Беларускім тэлебачаньні. Аднак на прыгожую бел-чырвона-белую карцінку зь Вільні зуброўцы дарма спадзяваліся: тэлетрансьляцыя арганізоўвалася сродкамі Ковенскай тэлестудыі, тэхнічныя магчымасьці якой больш чым абмежаваныя. Апэратары і рэжысэры, якія працавалі на матчы, былі заклапочаныя тым, каб злавіць кадар «у фокусе» хоць на адной з трох камэр, а да гасьцей ім не было ніякай справы.

Кавэр-вэрсія гімну

Па тутэйшых мерках атрымаўся амаль аншляг. Тры тысячы гледачоў на таварыскай сустрэчы — для Вільні гэта шмат. За сустрэчай таксама назіралі некалькі дзясяткаў парадзіх з раддому, вокны якога выходзяць на стадыён «Ветра».

Матч, як і належыць, пачаўся з выкананьня нацыянальных гімнаў. Праўда, гімн Рэспублікі Беларусі чамусьці быў выкананы ў інструмэнтальным варыянце. Як аказалася, яго слоў ня ведалі ні футбалісты, ні зуброўцы, ні людзі, якія разьмясьціліся на супрацьлеглай трыбуне з чырвона-зялёнымі сьцягамі. Зь літоўскім гімнам накладак не было, зрэшты, нават калі б гучала «мінусоўка», стадыён без праблем выканаў бы ўсе чатыры куплеты песьні Вінцаса Кудзіркі. Сэктар зь літоўскімі ультрас сьпяваў на працягу ўсяго матчу, і шырыня рэпэртуару дазволіла ім не паўтарацца на працягу першай паловы сустрэчы. Вядома, традыцыі харавога сьпеву ў Літве куды глыбейшыя і шырэйшыя, але беларускія фанаты на працягу ўсяго матчу ня здолелі арганізавана прасьпяваць хоць бы «Саўку ды Грышку».

Былі заўважаны і іншыя рытуальныя моманты. Стадыён «Ветра», на якім адбываўся матч, хоць і зьяўляецца самым сучасным у Вільні, але не абсталяваны электронным таблё. Задача інфармаваньня была ўскладзена на правераную фанэрную шыльду, на якой няўмелымі рукамі чорнай тушшу былі выведзены словы «Baltarusija» і «Lietuva». Надпісы былі зроблены чалавекам, які ніколі ня браў урокаў каліграфіі. Літары атрымаліся рознастылёвымі і крываватымі. Безумоўна, кранальна, што ў нашы часы татальнай кампутарызацыі ёсьць яшчэ месца для рукапіснага шрыфту, але выкананьне магло быць і лепшым. Лічбы на таблё зьмяняліся безадмоўным ручным спосабам. Камусьці ўсё гэта падасца сьмешным, камусьці забаўным, але такі на сёньня стан футбольнай інфрастуктуры Літвы.

Дарэчы, інфармацыйная падтрымка сустрэчы ў арганізатараў аказалася не на самым высокім узроўні: судзьдзя-інфарматар абвяшчаў нават ня ўсе замены ў складзе зборнай гасьцей. Дробязі, справа жыцьцёвая.

Цяганьне бервяна

Віленскія заўзятары, якія прыйшлі ня толькі падтрымаць зборную, але і паглядзець на зорак у складзе зборнай беларускай, засталіся расчараваныя. Свой статус майстра падтрымаў хіба Сяргей Гурэнка, які зьдзіўляе пэрманэнтным запалам на гульню. Астатнія футбалісты нагадвалі нэўрахірургаў на ленінскім суботніку. Працаваць трэба, трэба займацца патрэбнай, але нікому не цікавай справай. Во і цягаюць абрыдлыя бярвёны Ільліча. Два разы па сорак пяць хвілін. Дзевяноста хвілін ганьбы — і забясьпечаная старасьць.

Мэгазорка беларускага футболу Аляксандар Глеб быў заўважны толькі першыя дваццаць хвілін. Віталь Кутузаў запомніўся хіба нематываванай грубасьцю, незразумелай у таварыскай сустрэчы. Правы флянг запомніўся тым, што менавіта на ім згасалі ўсе пэрспэктыўныя атакі беларусаў.

Гол пры канцы тайму, забіты Дэйвідасам Часнаўскісам, хаця і не вынікаў з ходу гульні, але назваць яго выпадковым нельга. Футбол — гульня ня вельмі лягічная.

У другім тайме выявілася, што ў літоўскай зборнай ёсьць праблемы з раўзначнымі заменамі. З сыходам з поля галеадора Пошкуса і паўабаронцы Данілявічуса гульня ўраўнавалася, а апошнія дваццаць хвілін беларусы валодалі прыметнай тэрытарыяльнай перавагай, аднак каманда ня здолела знайсьці, як зь яе скарыстацца. Сьвісток судзьдзі зафіксаваў канчатковы вынік 1:0, і літоўская зборная атрымала першую ў сваёй гісторыі перамогу над паўднёвымі суседзямі.

Дзеля гледачоў

Пасьля матчу нікому зь беларускіх футбалістаў не прыйшло ў галаву падысьці да беларускага сэктару і падзякаваць фанатам за падтрымку. Магчыма, натужныя «оле-оле-оле, Беларусь жыве» і проста «Жыве Беларусь!» ня надта іх натхнялі на барацьбу, магчыма, не для саматужных спэцыялістаў яны ўдзельнічаюць у гэтым дзействе. Але калі каманда не дэманструе прыгожай гульні, не атрымлівае цягам дзесяцігодзьдзя прыметных перамог і не глядзіць у бок заўзятараў, мне цяжка ўявіць, навошта і для каго нацыянальная зборная наагул выходзіць на поле. Магчыма, для чыноўнікаў з футбольнай фэдэрацыі?

Вельмі часта даводзіцца чуць, што ў таварыскіх сустрэчах за зборную ў футбалістаў няма матывацыі. Магчыма, гуляць за нацыянальную зборную (а можа, за зборную такой краіны?) людзям, пра якіх з захапленьнем піша «Прессбол», сапраўды нецікава. Стымулы стымуламі, але ў спорце існуе такі панятак, як «сэрца чэмпіёна», у які ўваходзіць зарад на барацьбу ў любым матчы і няўменьне прайграваць у самай шараговай гульні.

Адсутнасьць гэтай якасьці і прадэманстравалі беларускія футбалісты. Зрабілі яны гэта не ўпершыню ды, магчыма, і не ў апошні раз.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0