Кіраўніцтва Ірляндзкай рэспубліканскай арміі заявіла аб тым, што будзе змагацца за свае ідэалы выключна мірнымі сродкамі. Мары аб адзінай Ірляндыі будуць рэалізаваныя дзякуючы глябальнаму рынку і Эўразьвязу. Суровы націск эканамічнай рэальнасьці вядзе сем паўночных графстваў да інтэграцыі з Ірляндыяй.

У ліпені з Ольстэру не выпадае чакаць добрых навін. Адэпты пратэстанцкай канфэсіі традыцыйна ладзяць маршы «аранжыстаў», якія заканчваюцца канкрэтнай бойкай з каталікамі. Але ліпень-2005 стаў выняткам: ІРА пастанавіла скласьці зброю. Напярэдадні 28 ліпеня нічога ня сьведчыла, што на зямлю Паўночнай Ірляндыі прыйдзе доўгачаканы мір. Вайна ішла сваім ходам.

Усё пачалося ў 1858 г., калі было створана кансьпіратыўнае Ірляндзкае рэспубліканскае брацтва, зь якога ў 1905 г. вырасла партыя Шын Фэйн, а ўжо пры ёй у 1919 г. — славутая Ірляндзкая рэспубліканская армія (ІРА). У 1970-м войска рэспубліканцаў раскалолася на крытыкаў тактыкі ваеннай барацьбы — ІРА (гістарычную) і яе прыхільнікаў — ІРА (часовую).

Пасьля расстрэлу мірнай дэманстрацыі каталікоў у 1972 г. у Дэры (т.зв. Крывавая нядзеля) паміж камунамі пачалася праўдзівая вайна, што ўвайшла ў брытанскія падручнікі пад назвай «непрыемныя часы». Закончылася яна толькі ў 1997 г., калі быў падпісаны т.зв. «Дагавор Вялікай пятніцы», які прадугледжваў выбары ў мясцовы парлямэнт (распушчаны яшчэ ў 1972 г.) і фармаваньне кабінэту з прадстаўнікоў пратэстантаў і каталікоў.

Выбары адбыліся ў 1998 г., і ў палацы Стармант — рэзыдэнцыі паўночнаірляндзкага ўраду — пасялілася кааліцыя Шын Фэйна і партыі юніяністаў. Аднак у 2002 г. прамое кіраваньне правінцыяй зь Лёндану прыйшлося аднавіць: юніяністы і рэспубліканцы перасварыліся наконт таго, як кантраляваць арсэналы ІРА.

Сёлета ў студзені, здалося, тэндэнцыя абвастрэньня сытуацыі працягваецца. У бэлфасцкім пабе ІРА забілі Робэрта Маккартні. Увесну стала вядома, што ІРА была датычная да аднаго з самых буйных у гісторыі банкаўскіх налётаў: у сьнежні каса бэлфасцкага філіялу Паўночнага банку не далічылася 24 млн фунтаў. Таму нікога не шакавала рэпліка Макгінэса (прадстаўнік ІРА на перамовах з урадам) у пачатку ліпеня: «ІРА не аддасьць брытанцам ніводнага патрона, ніводнай унцыі выбуховых рэчываў».

І раптам праз пару тыдняў: «Беспрэцэдэнтная заява, што ня мае роўных па важнасьці гістарычных паралеляў». Так пракамэнтаваў рэзалюцыю ІРА прэм’ер Вялікабрытаніі Тоні Блэр.

Найбольш арыгінальную вэрсію прычын зьмены курсу ІРА выказаў камэнтатар «Гардыян» Рой хатэрлі, які напісаў: «Мары Майкла Колінза і Імана дэ Валера (айцы ірляндзкай незалежнасьці) аб адзінай Ірляндыі будуць рэалізаваныя дзякуючы глябальнаму рынку і Эўразьвязу. Суровы націск эканамічнай рэальнасьці вядзе сем паўночных графстваў да інтэграцыі з Ірляндыяй. Палітыкі вымушаны ісьці сьледам за эканомікай».

Больш падобных да праўды вэрсій дзьве. Першая: пасьля ліпеньскіх выбухаў у лёнданскім мэтро стаўленьне да тэрору ў брытанскім грамадзтве радыкальна зьмянілася ў нэгатыўны бок. Як вынік, ІРА вырашыла перастрахавацца ад непазьбежных загалоўкаў у прэсе тыпу «Аль-Каіда» + ІРА = каханьне».

Вэрсія №2. Заява ІРА — частка больш глябальнага пляну, які праводзіць урад. Яго мэта — пад прэтэкстам заканчэньня канфлікту ў Ольстэры вывесьці адсюль войскі, каб папоўніць экспэдыцыйны корпус брытанцаў у Іраку. Вуснамі Блэра ўрад лейбарыстаў ужо заявіў, што вайна закончана, і, нават не дачакаўшыся канкрэтных эфэктаў ад заявы ІРА, пачаў вывад салдат. Усяго ўлады маюць вывесьці 3000 штыкоў з 5500. (Для даведкі: рэкорд прысутнасьці брытанскіх жаўнераў быў пастаўлены ў 1972 г. — 21 000 вайскоўцаў.) Пад нож пайшла нават вайсковая інфраструктура — блёкпасты, вежы і казармы — у сумнавядомым раёне Паўднёвы Арма. Тут рэспубліканцы забілі столькі Томі Аткінсаў (мянушка брытанскага салдата), што ва Ўайтхоле гэтую мясцовасьць інакш як «Край бандытаў» не называюць.

Закладнікамі зьмены геапалітычнай каньюнктуры брытанскай палітыкі сталі былыя саюзьнікі брытанцаў — юніяністы (Партыя дэмакратычных юніяністаў). Як вядома, рух юніяністаў за аддзяленьне сямі паўночных графстваў ад Ірляндыі быў інсьпіраваны кансэрватарамі на пачатку XX ст. Цяпер былыя сябры сталі апанэнтамі.

Пэсымістычны варыянт: усе экспэрты адзначылі, што заява ІРА была прынята не агульнай канвэнцыяй, а сямю сябрамі т.зв. «Вайсковага камітэту». Такім чынам, гаварыць пра адназначны кансэнсус адносна мірных прапаноў у асяродзьдзі ІРА немагчыма. Няма ніякіх гарантый, што не паўторыцца гісторыя 1998 г., калі ў знак пратэсту супраць Дагавору Вялікай пятніцы ад ІРА (часовай) не адкалолася так званая ІРА (сапраўдная). Арганізаваны «сапраўднымі» выбух аўтобуса ў Ома (29 забітых) стаў моцным хукам па мірным працэсе. Таму няма гарантый, што гісторыя з падзелам ІРА на радыкальную і канструктыўную фракцыі не паўторыцца зноў.

Аптымістычны варыянт. Лідэр юніяністаў Ен Пэйсьлі, камэнтуючы ініцыятыву ІРА, усё яшчэ гаворыць пра «злачынную безадказнасьць ураду», што пратэстанты «аказаліся без абароны з боку магчымых атак рэспубліканцаў-дысыдэнтаў». Аднак большасьць аналітыкаў пагаджаюцца, што заявы Пэйсьлі — агонія. «Індэпэндэнт» вылучае ў прамовах Пэйсьлі сэнтэнцыю аб неабходнасьці заняць «пазыцыю чаканьня і назіраньня», што сьведчыць: падсьвядома «аранжавыя» прызнаюць: нас кінулі, без падтрымкі Лёндану мы нішто.

Натуральна, гістарычны кансэнсус паміж камунамі ня будзе дасягнуты нават сёлета. Згодна з прапанаваным Даўнінг-стрыт, 10 плянам, недзе ў верасьні адстаўны канадзкі генэрал Джон дэ Чэстэлейн паспрабуе канчаткова скамплектаваць камісію, якая будзе інспэктаваць працэс раззбраеньня ІРА.

Увосень пачнуцца першыя кансультацыі паміж «зялёнымі» і «аранжавымі», якія паступова павінны перайсьці ў фармат шырокіх перамоў. Гэты працэс можа заняць некалькі месяцаў, аднак сьпяшацца няма куды. Галоўнае — гэта сьнежаньскі даклад камісіі інспэктараў аб працэсе дэмілітарызацыі ІРА. Калі ўсё будзе добра, Ену Пэйсьлі нічога не застанецца, як сесьці за стол перамоваў. Таму, магчыма, наступным летам мы атрымаем нейкае пагадненьне аб выбарах у Паўночнаірляндзкую парлямэнцкую асамблею.

Пакуль цяжка ўявіць, што Пэйсьлі, які публічна заклікаў да генацыду каталікоў, стане міратворцам. Але гісторыя сьведчыць, што ў ірляндзкіх адносінах магчыма ўсё. У 1920-м дэ Валера, чакаючы перагавораў з Лойдам Джорджам аб статусе краіны, пагадзіўся сустрэцца зь лідэрам юніяністаў Крайгам. Палітыкі пратакольна абмяняліся поглядамі, нечакана канстатаваўшы для сябе, што, калі б ня Лёндан, яны маглі б знайсьці супольную мову.

У сваім дзёньніку першы прэзыдэнт Ірляндыі адзначыў: «Мы спадабаліся адзін аднаму».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0