30 жніўня Польшча сьвяткавала юбілей «Салідарнасьці». 25 гадоў таму польскія працоўныя ўзьняліся на барацьбу за людзкую годнасьць і свае чалавечыя правы. Бяз гэтага ня ўпаў бы савецкі рэжым і Беларусь не атрымала б незалежнасьць. Голасам Беларусі на сьвяткаваньні быў Лявон Вольскі. Ён узьняў над Варшавай бел-чырвона-белы сьцяг.

Хутка выбары

Лідзія Ярмошына заявіла ў інтэрвію «Звяздзе», што прэзыдэнцкія выбары найхутчэй што адбудуцца 16 ліпеня 2006 г. Старшынька Цэнтравыбаркаму лічыць, што 100 тысячаў подпісаў зьбяруць ня больш за чатыры кандыдаты і што выбары пройдуць у адзін тур. Яна таксама намякнула, што Цэнтравыбаркам будзе здымаць з гонкі кандыдатаў, якія будуць карыстацца дапамогай з-за мяжы.

Геніюш на CD

Абвешчаны конкурс на выданьне кампакт-дыску зь песьнямі на вершы Ларысы Геніюш. Праектам займаецца БМАgroup. У зборку ўвойдуць як вядомыя творы («Kriwi» — «Беларуска», «Песьняры» — «Краю мой родны», Цярэшчанка — «Запяі мне песьню»), так і песьні маладых выканаўцаў. Збор фанаграмаў працягнуты да канца верасьня.

Біблія Скарыны

У Нямеччыне знойдзены асобнік Бібліі ў перакладзе Скарыны. Надрукаваная ў 1517—1519 г. у Празе кніга была выяўленая ў бібліятэцы Гёрліца (Саксонія) Верхнялужыцкім навуковым таварыствам. Яна трапіла туды ў 1524 годзе. Біблія ўключае ў сябе 1316 старонак. У сьвеце вядома 258 асобнікаў спадчыны Скарыны.

Хвароба Руговы

Стан здароўя прэзыдэнта Косава, 61-гадовага пісьменьніка Ібрагіма Руговы, рэзка пагоршыўся. Лідэр краю быў шпіталізаваны ў мінулую суботу з дыягназам «грып» і знаходзіцца ў амэрыканскім вайсковай больніцы блізу Франкфурту. Зь імем Руговы, філёзафа й старшыні Саюзу пісьменьнікаў краю, які двойчы абіраўся прэзыдэнтам і за апошнія паўтары гады перажыў два замахі на жыцьцё, зьвязана нацыянальнае адраджэньне Косава. Яго назвалі балканскім Гандзі — за палітычную мэту дабіцца незалежнасьці Косава негвалтоўным шляхам.

АР; belta.by

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0