Дыскусія вакол «Нямецкай хвалі» пайшла на карысьць.

Пасажыры тралейбусаў, якія праносіліся па вуліцы Багдановіча, некалькі дзён запар мелі магчымасьць назіраць за купкай людзей, якая стаяла ўздоўж ходніку, трымаючы ў руках плякаты «Russische DW über alles?» ды «Няма мовы — няма народу!». «Дыскусія» — так назвалі арганізатары сэрыю пікетаў, што прайшлі ад 23 па 25 жніўня на плошчы Бангалор. У апошні дзень акцыі ўдзельнікаў і актыўных гледачоў пікету можна было пералічыць па пальцах, аднак дыскусія ад гэтага не рабілася менш гарачай.

Удзельнікі пікету яшчэ не пасьпелі разгарнуць лёзунгі, як палітоляг Уладзімер Мацкевіч распачаў эмацыйны дыспут з каардынатарам акцыі журналістам Вадзімам Александровічам. У вастрыні моўнага пытаньня экс-вядучы ток-шоў «Выбар» мог пераканацца яшчэ на прыкладзе сваёй перадачы, прысьвечанай гэтай праблеме. Па словах Мацкевіча, той выпуск «Выбару» меў рэкордны глядацкі рэйтынг, які не пабіты і дагэтуль. Але гэтым разам Мацкевіч выступаў не як мэдыятар, а як крытык крытыкаў. На думку палітоляга, жорсткая рэакцыя на ініцыятыву «Нямецкай хвалі» была нясвоечасовай.

«Я разумею тых дзеячаў культуры, якія далучыліся да выказваньняў пра сытуацыю зь «Нямецкай хваляй», але я цалкам не разумею тых палітыкаў, якія зрабілі тое самае. Ператвараць гэта ў палітычную сварку могуць толькі людзі, якія цалкам не разумеюць сытуацыі ці шкодзяць дэмакратыі ў Беларусі». Уладзімер Мацкевіч лічыць, што нямецкія экспэрты зрабілі цалкам лягічны маркетынгавы праект. «Беларускамоўныя — найбольш сьвядомая частка грамадзтва, яны супраць Лукашэнкі, а перадача «Нямецкай хвалі» — супраць дыктатуры, таму яна цалкам рацыянальна пабудаваная на расейскай мове».

Падобнай думкі прытрымліваецца і Сяргей Калякін, які таксама завітаў на плошчу Бангалор. «Сёньня ёсьць пытаньне беларускай мовы, пытаньне прыгняценьня яе з боку расейскай мовы, няма дзяржаўнай палітыкі па падтрымцы і разьвіцьці беларускай мовы, але гэта не датычыцца тых мэтаў, якія мы ставім перад сабой па распаўсюджваньні альтэрнатыўнай інфармацыі. Нельга блытаць два пытаньні. Інфармацыя павінна паступаць на той мове, якая можа быць найлепш успрынятая грамадзтвам. А што да нібыта магчымага расколу ў апазыцыі па «моўным пытаньні» — дэмакратычная апазыцыя на тое і дэмакратычная, што мае розныя погляды».

Нягледзячы на крытыкаў, арганізатары акцыі выпускнік Унівэрсытэту культуры Зьміцер Касьпяровіч ды журналіст Вадзім Александровіч лічаць, што пікеты мелі посьпех: «Нам удалося прыцягнуць увагу многіх людзей да праблемы. Калі да гэтага часу абмеркаваньне не выходзіла за межы сайту «Наше мнение» і старонак «НН», дык цяпер пра гэта даведаліся нават чытачы «Белорусской газеты» і «Комсомольской правды». Любая дыскусія нараджае зрухі ў грамадзтве».

Нязграбны мэдыйны крок Эўракамісіі ды «Нямецкай хвалі» спараджае патрэбу разабрацца ў тым, што Захад мог бы зрабіць для Беларусі, але дагэтуль не зрабіў. «Галоўнае, што яны былі павінны зрабіць — дамовіцца паміж сабой і займець адзіную пазыцыю адносна Беларусі, — лічыць Уладзімер Мацкевіч. — На жаль, яны ня могуць гэта зрабіць, бо маюць адрозныя падыходы да дэмакратыі і да суседзяў, якія гэтых дэмакратыяў ня маюць. Да эўрапейскай бюракратыі будзе яшчэ год даходзіць тое, што адбываецца. На падтрымку дзеяньнямі, а ня словамі, спадзявацца не даводзіцца».

Сяргей Калякін таксама ня дужа задаволены дзеяньнямі Захаду: «Яны ж па вялікім рахунку нічога і не зрабілі. Ёсьць заявы, ёсьць прапановы, ёсьць дэклярацыі, гэта ўсё, што мы на сёньня маем».

Адзін з найбольш верагодных кандыдатаў у прэзыдэнты — Алесь Мілінкевіч — мяркуе, што найбольшыя праблемы з падтрымкай існуюць менавіта з боку Эўразьвязу. «Яны шмат разоў выказваліся пра патрэбу падтрымкі, але ўжо каля году ня могуць прыдумаць «схему дапамогі».

Апошні пікет, адрасаваны «Нямецкай хвалі», быў сьвятам карэктнасьці — і У.Мацкевіч, і С.Калякін прамаўлялі па-беларуску, а пікетоўцы ўсяляк падкрэсьлівалі тое, што выступаюць ня супраць расейскай, а за беларускую мову. Увогуле, вынік ад дыскусіі можна лічыць станоўчым. Палітыкі яшчэ раз пераканаліся, што, як ні круці, а моўнае пытаньне — адно з галоўных. Жорсткая рэакцыя была неспадзяванкай і для эўрапейцаў. Таму наступным разам, калі будзе высьпяваць сапраўды карысны мэдыйны праект, а не мікраскапічная радыёпраграма, яго арганізатары лішні раз пачухаюць сабе галаву.

«Рэакцыя беларусаў была нечаканая для Эўракамісіі»

Прадстаўнікі Беларуска-эўрапейскага задзіночаньня (Бэльгія) і Зьвязу беларусаў замежжа (Чэхія) сустрэліся ў Брусэлі з супрацоўніцай аддзелу ў справах Беларусі, Украіны й Малдовы Дэпартамэнту вонкавых дачыненьняў Эўракамісіі спн. Аннэ Койстынэн. У Эўракамісію былі перададзеныя звароты Рады БНР, Згуртаваньня Беларусаў у Вялікабрытаніі й Беларуска-Эўрапейскага Задзіночаньня супраць рашэньня «Нямецкай хвалі» зарганізаваць вяшчаньне на Беларусь па-расейску. Таксама была перададзеная заява Рады БНР у праблеме польскае меншасьці у Беларусі. Беларусы закцэнтавалі ўвагу на недаацэнцы эўраструктурамі беларускае мовы як складніку беларускае дэмакратычнае спадчыны. Спн. Койстынэн адзначыла, што рэакцыя беларусаў на рашэньне «Нямецкай хвалі» вяшчаць па-расейску была нечаканай для Эўракамісіі, але пагадненьне пра дапамогу нямецкай радыёстанцыі падпісанае, таму ўжо цяжка ўнесьці зьмены.

На працягу дзеяньня дамовы з «Deutsche Welle» Эўракамісія дапускае магчымасьць падрыхтаваць новыя праекты, якія будуць разглядацца з улікам пажаданьняў беларускіх палітычных і грамадзкіх арганізацыяў стварыць беларускія службы «Нямецкае Хвалі» ці іншых электронных мэдыяў. З боку нашых арганізацыяў было прапанавана стварыць беларускамоўныя служ- бы замежных радыёстанцыяў з выкарыстаньнем патэнцыялу беларускіх журналістаў, якія маюць досьвед працы ў незалежных сродках масавай інфармацыі.

Iгар Лазарчук, Антвэрпэн

Зінаіда Бандарэнка: «Мы ўсё-такі даб’ёмся справядлівасьці»

Народная артыстка Беларусі патэлефанавала ў рэдакцыю, каб далучыць свой голас да патрабаваньня беларусізаваць «Нямецкую хвалю».

Я далучаю свой голас да патрабаваньня да «Нямецкай хвалі» наладзіць вяшчаньне па-беларуску. Я вельмі рада, што столькі людзей уключылася ў барацьбу за беларускую мову. Гэта дае падставу верыць, што ня ўсё яшчэ згублена ў нашым грамадзтве, што мы ўсё-такі можам у поўны голас гаварыць у падтрымку беларускай мовы, у падтрымку дэмакратыі. Кажуць, што няма фінансавых сродкаў і як быццам бы бракуе прафэсіяналаў, але ў нас у Беларусі ёсьць людзі, якія маглі б дапамагчы наладзіць беларускамоўнае вяшчаньне. Тое, што «Нямецкая хваля» будзе так працаваць, выклікае абурэньне. Я не разумею, чаму так да нас ставяцца. Калі мы будзем як мага больш свой голас уздымаць, гаварыць, пратэставаць, я думаю, мы ўсё-такі даб’ёмся справядлівасьці, навучымся салідарна адваёўваць свае правы.

Запісаў АК

Мова ня мусіць быць крыніцай рознагалосьсяў

Лінгвістычная палярызацыя інтэлектуалаў, навязаная палітыкамі на пачатку 1990-х, прывяла да таго, што цягам апошняга дзесяцігодзьдзя расейска- і беларускамоўныя інтэлектуалы суіснавалі нібы ў паралельных сусьветах. Расейскамоўныя пасіўна падтрымлівалі ўладу (за падараваны прывілей прамаўляць на роднай мове) — пакуль не ачомаліся, убачыўшы, што ўсіх астатніх магчымасьцяў і правоў, за выняткам таго самага прывілею, акадэмічны асяродак ўжо пазбаўлены. Беларускамоўныя сышлі ў апазыцыю — як палітычную, гэтак і эстэтычную. Што да пэўнага моманту было прадуктыўным (калі казаць пра «вынаходніцтва традыцыі», гэта значыць пра стварэньне сучаснай нацыянальнай — не-савецкай і празаходняй — культуры). Неабходна прызнаць, што менавіта беларускамоўныя інтэлектуалы (праз часопісы «Фрагмэнты», «Архэ» і інш.) спрабавалі ажыцьцяўляць функцыю крытычнага мысьленьня ўсімі даступнымі сродкамі.

У любым выпадку, мова ня можа й не павінна быць сёньня крыніцай рознагалосьсяў, тым больш што існуюць супольныя, больш істотныя задачы, што патрабуюць кансалідацыі высілкаў. Можа быць, рух беларуска- і расейскамоўных інтэлектуалаў насустрач адзін аднаму, што нядаўна накрэсьліўся, ёсьць прыкметай палітычнай сытуацыі, якая зьмянілася, і якую мы самі, а тым больш улада, пакуль што не ўсьведамляем напоўніцу.

Альміра Ўсманава, філёзаф, выкладчыца ЭГУ, «Топас», №1/2005.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0