Там каталікі моляцца разам з праваслаўнымі ў адных храмах. Там газэты лепш за калгасьнікаў ведаюць вынікі бітвы за ўраджай. Там летам мыюцца ў адной лазьні, а зімой у іншай. Чатыры цэнтры Эўропы аб’ехала экспэдыцыя «НН».

Шо must go on

Шлях да цэнтру Эўропы ляжыць празь вёску Шо. Адзіная дарога ідзе проста празь людзкія двары. Мінуўшы дзясятак хацін і аббегшы прыватны мэхдвор самага заможнага гаспадара, яна спыняецца на грудку перад возерам Шо. Тут, пад разлапістымі дубамі, — напэўна, якраз там, дзе стаіць закураны мангал для шашлыкоў — і знаходзіцца цэнтар Эўропы. Кропка, адкуль да Ўралу, за якім пачынаецца Сібір, і да Партугаліі, за якой сканчаецца Стары Сьвет, — роўная адлегласьць. А можа, цэнтар Эўропы недзе на плыткім азёрным дне: там, дзе ў сонечныя дні відаць каменныя крыжы. Іх паходжаньне туманнае. Мог апусьціцца пад ваду сярэднявечны цьвінтар, такое здараецца на балацявінах.

З возера Ша хацелі здабываць сапрапель, але мясцовыя жыхары забайкатавалі справу, баючыся за свой спакой.

Людзі самай цэнтральнаэўрапейскай вёскі (саманазва — шанскія) ня ведаюць, дзе дакладна цэнтар Эўропы. Сям’я, зь якой мы разгаварыліся, складае мяккае кудлатае сена. Гаспадар, гаспадыня, дарослыя дочкі, унук і ашалелы ад цэнтральнаэўрапейскага шчасьця гладкі гарадзкі сабачка. Во, кажуць, летась прыяжджаў карэспандэнт зь Пінску. Распавёў, што цэнтар Эўропы вызначыў касьмічны спадарожнік і скінуў туды нейкую тычку. «Але мы той тычкі ня бачылі», — прастадушна прызнаецца цётачка. Вераць людзі друкаванаму слову і яго носьбітам.

Га? Чаму вёска называецца Шо? «Некалі тут жыла глухая паня, якая перапытвала падарожных: «шо?» — пераказваюць нам людзі тыповую легенду. Хоць самі перапытваюць ня «шо?», а «га?».

Папяровая ўраджайнасьць

Навукоўцы ж лічаць Шо балцкім тапонімам. Старая цераспалосіца славянаў і балтаў дагэтуль тут заўважная. Наша гаспадыня — цёмна-русая, з арыстакратычным простым носам. У гаспадара клясычнае «быкаўскае» аблічча.

Зь недалёкае адсюль вёскі Завулак Рускі паходзіла маці Васіля Быкава. Там дагэтуль жыве ягоны стрыечны брат Антон Скрабатун. Нам зь ім пабачыцца не ўдалося, ён пасьвіў каровы на далёкім полі. Апроч праваслаўнага Рускага, ёсьць каталіцкі Літоўскі Завулак. Але ён стаіць пусты, там ужо зусім няма людзей. Мінаючы напаўзакінутыя вёскі і зарослыя бярэзьнікам палі Віцебшчыны, пачынаеш моцна сумнявацца ў рэальнасьці тэлевізійных «сямі мільёнаў тон хлеба».

— Ураджайнасьць у нас — цэнтнэраў дваццаць пяць з гектара, — дакладвае загадчыца зерняскладу недалёкай ад Шо вёскі Івесь.

— Ідзі ты, дваццаць пяць… — кпіць дзядзька-прыёмшчык у бэйсболцы, з запечаным на сонцы тварам, падобны да вясёлага афраамэрыканскага рэпэра.

— Ты што, газэтаў не чытаеш, ня ведаеш, якая ў нас сёлета ўраджайнасьць? — чырванее мілая загадчыца. — Летась была дваццаць сем, а сёлета дваццаць пяць...

— А дзе ў вас тут цэнтар Эўропы? — перапытваем, імітуючы стылістыку карэспандэнтаў АНТ.

— А во тут, у цяньку, дзе мы сядзім, — сьмяюцца ссушаныя нізкааплатнай працай і танным віном шофэры. Мясцовы анэкдот гэты цэнтар. Дакладней, цэнтры, бо іх у ваколіцах аж чатыры. У першым, на возеры Шо, мы ўжо былі. Кіруемся ў другі — у вёску Хралы.

Сталінград—Бэрлін

«Вы яго адразу ўбачыце, там да дрэва леваруч знак прыбіты», — арыентуе нас цётка. Яна рабіла шопінг у Івесі — хлеб, батон, крупы, цукар. Там у крамах «усё ёсьць» — не ў дзяржаўнай, дык у прыватнай. Плюс у Хралы тры разы на тыдзень прыяжджае аўталаўка. «Калі гарэлкі трэба, ідзіце ў дзяржаўны магазын, бо прыватны зачынены ўжо», — па-свойму разумее яна нашу цікавасьць да мясцовага гандлю. Мілая звычка старэйшых людзей пераходзіць на паўшэпт, калі гаворка пра гарэлку — бо сорамна ж.

Знак, які мы шукаем, уяўляе сабой бляшаны ромб зь серабрыстым абрысам эўрапейскага кантынэнту і пазначанымі на ім чатырма населенымі пунктамі: Сталінградам, Масквой, Івесьсю і Бэрлінам. Ён тырчыць на таполі перад самымі весьніцамі ўжо досыць даўно.

«А чаго я яго здымаць буду — ня я ж вешаў», — кажа гаспадар. «Зь Віцебску прыяжджалі, з абласнога тэлебачаньня. Яны і прыбілі знак. Перадачу тут рабілі», — тлумачаць мясцовыя людзі. Відавочна, да 60-годзьдзя перамогі Хралы вырашана аб’явіць цэнтрам уратаванай Эўропы. Той, што пачынаецца пад Сталінградам і сканчаецца ў Бэрліне. Але вайну тут помняць і бяз гэтага.

Маскі-шоў для рыбнагляду

«Мой брат старэйшы ў партызанах быў, — апавядае дзядзька. — Дык і я кожную ноч на жалезку дынаміт цягаў». А на браканьерства заставалася выбухоўка? — сьмяемся. «Дык есьці ж трэба было ў вайну», — цалкам сур’ёзна адказвае ён.

Запасы дынаміту падупалі з вайны. Цяпер больш цягаюць рыбу сеткамі. Але і рыбнагляд ня дрэмле. Інспэктар здымае на відэакамэру нялёгкую браканьерскую працу, а потым едзе да падазраванага, паказвае яму «кіно» і выпісвае квітанцыю. Нядаўна два мясцовыя мальцы — гэтае непаўторнае крывіцкае слова — заплацілі па 200 тысячаў штрафу. Але на кожнае ноў-гаў знойдзецца гаў яшчэ лепшае. Цяпер браканьеры ставяць сеткі ў масках з прарэзамі для вачэй – каб твараў было не пазнаць. Рыбу тут звычайна не прадаюць, ловяць сабе. Дый меней яе стала: «Ня так як раней — як нераст, дык яе бераць мяшкамі».

Мы стаім з талакою чакаем, пакуль пад’едзе прыватны камбайн — касіць людзкое жыта. Бярэ прыватнік паўтары тысячы за сотку. А старшыня аблвыканкаму Андрэйчанка на сэлектарнай нарадзе дакладваў прэзыдэнту яшчэ месяц таму, што столькі й столькі камбайнаў працуюць на ўборцы прыватных участкаў. «Раз Лукашэнка сказаў, будзе выпаўнена! — абсякае дзядзька. — Толькі невядома калі». «Ён тут у нас другія Раўбічы пастроіць!» — ні з пушчы ні зь поля прарокуе цыганаватая кабета. — Дык у вас жа тут гораў няма. — «Ёсьць у нас горы за сялом! І запомні: няма нічога немагчымага! Галоўнае — захацець! — тараторыць яна. — Бо ў нас усё добра, і тэрапэўт да нас прыяжджае раз на месяц з Падсьвільля!»

Жывуць у Хралах няблага і бяз лыжнага курорту. Гаспадары маюць па дзьве лазьні: зімовую — бліжэй да хаты, каб прасьцей было дабрацца па сьнезе, і летнюю — на беразе возера Івесь. «Тых, каму за трыццаць пяць, туды не пускаюць», — сьмяюцца дзядзькі. Наведнікаў у моладзевай лазьні небагата. «Летам прыгожа, а зімой нудна ў Хралах. Няма маладых», — уздыхае бабуля. Жыве тут 26 чалавек. Гэтыя чалавекі атрымліваюць ад 120 да 200 тысяч пэнсіі. Яшчэ ёсьць дачнікі.

Дачы зь відам на азёры

Яны пакуплялі хаты ва ўсіх навакольных вёсках. У адной Шы іх пяць. Мясцовы гонар — рэжысэр Купалаўскага тэатру Валеры Раеўскі. Яго дача — малюсенькая канцавая хатка ў засені дбайліва абрэзаных яблыняў. Людзі хваляцца, што Раеўскі так упадабаў цэнтар кантынэнту, што набыў і яшчэ адзін дамок у вёсцы Бабруйшчына. У гэтай вёсцы ў 1945—1950 гадах месьціўся савецкі канцлягер. Дагэтуль захаваўся барак, у якім жылі ахоўнікі. Але мэмарыяльнай шыльды на ім няма.

Загарадны дом ля Шы, у Заазёрным, мае і пісьменьніца Вольга Іпатава. Каб трапіць на яе лецішча, трэба аб’ехаць возера Псуя. А з самое дачы відны яшчэ два возеры, і якія! Самае глыбокае возера Беларусі — Доўгае. І тое самае Шо. Дыхтоўны дом абсаджаны туямі, але ім не расьцецца на ветрагоне высокага плято над катлавінай Доўгага.

«Мы ўратавалі гэты дом, які ўжо развальваўся. Але цяпер рэдка выпадае бываць там», — журыцца Вольга Іпатава, запрашаючы нас частавацца апошнімі аж віннымі парэчкамі. Ад Менску да Шы — чатыры гадзіны язды. Калі не перавышаць хуткасьці, вядома.

Аб знакамітых дачніках тутэйшы люд ведае і цешыцца іх прысутнасьцю. «Я Раеўскаму гарод рабіў», — кажа настаўнік фізкультуры зь Івесі.

Вучняў у школе, што стаіць на самым беразе возера, застаецца па пяць—дзесяць на год. Недахоп гадзінаў пэдагогам кампэнсуе гаспадарка. Фізрук мае два гектары зямлі, дзьве каровы і трактар. Паказвае нам яшчэ адзін цэнтар Эўропы — у Івесі, між помнікам ахвярам вайны і дубам, што праізрастае між помнікам і водным патокам. Тут віцебская моладзь ладзіла «Купальле ў цэнтры Эўропы». Раз тут Купальле было, значыць, тутака й цэнтар. Іншай матывацыі няма. А вось былы настаўнік геаграфіі Івескай школы скептычна настроены да ўсіх чатырох мясцовых «цэнтраў»: ён зь дзецьмі падлічваў, і цэнтар Эўропы ў іх выходзіў на паўднёвы ўсход ад Менску.

Каталік у праваслаўным хоры

Ня згодны і старшыня Псуйскага сельсавету. На яго думку, быць цэнтрам Эўропы вартая вялікая вёска Псуя. Там і цэнтравая сядзіба КУП «Яблынька», былога саўгасу імя Сталіна, і царква, і аграгарадок будзе. А побач — велічнае возера Доўгае, найглыбейшае ў краіне. Гэта вам не балацянае Шо.

Над Псуяй у распаленым летнім паветры вісіць звон. У царкве, што сьвіціцца на пагорку, пачынаецца спасаўская служба. Званы тут імправізаваныя: завараныя з аднаго боку кавалкі тоўстай трубы, з прарэзамі для мілагучнасьці. Чуткай дня ў Псуі было тое, што бацюшка паехаў па новыя званы. На іх даўно зьбіралі грошы: 1300 даляраў за два 45-кіляграмовыя «фабрычныя». Але з царквою больш гармануюць сёньняшнія, самапальныя. Збудаваны дзясятак гадоў таму храм не назавеш прыгожым. Кантаватая цэркаўка з сылікатнай цэглы нагадвае трансфарматарную падстанцыю з цыбулінамі. Якая ж вера трэба, каб знаходзіць Бога ў такіх храмах! Нашы продкі будавалі цэрквы больш гарманічныя, хоць і меншыя. Але ж гэта свая, сваімі рукамі зробленая, пераважна немаладымі рукамі. Вокны, усё начыньне, крыжы, нават бляшаныя цыбуліны рабілі мясцовыя людзі. «Таемную Вячэру» маляваў сьвятар з суседняе Плісы. Толькі сьцены ставілі столінскія шабашнікі, землякі тутэйшага бацюшкі. «Там людзі рухавейшыя, ці што», — характарызуе столінскіх мясцовы дзядзька. Штогод беднасьць гоніць адтуль «брыгаду» чалавек з дваццаць працаваць на калгасных бураках.

У псуйскую царкву ходзяць і праваслаўныя, і каталікі. Бацюшка спавядае й прычашчае ўсіх. «А куды ім дзявацца?» Да касьцёлу ў Празароках, што на старым Альгердавым шляху, на тракце Полацак—Вільня, 13 км. Вось і Пятро Іосіфавіч каталік, але сьпявае ў царкоўным хоры. Па-царкоўнаславянску ня ўмею, кажа, дык перапісаў сабе малітвы рускімі буквамі.

Самая цэнтральнаэўрапейская вёска

У прытворы бачок з вадой. «Вадзічка ад Макавея сьвятога. Дапамагае ад усіх хваробаў, — гаворыць ціхая ўсьмешлівая кабета зь літровым слоікам і вышэйшай эканамічнай адукацыяй. — Выпіла — галава перастала балець». У нас жыць можна, пераконвае яна. Ёсьць камэрцыйная крама «Спатканьне», ёсьць крыху моладзі, летась за жніво камбайнэры атрымалі па мільёне, будуюцца новыя прэзыдэнцкія дамы. І людзі ў нас харошыя, працавітыя — гэтая мантра, запазычаная з тэлевізара, паўсюдна паўтараецца перад карэспандэнтамі. А якія расейскія сэрыялы ідуць! Такія цікавыя, лепшыя за замежныя — хоць ты яго не выключай у будні дзень. Вось па АНТ — «КГБ у смокінгу».

Загаворваем пра высылку Севярынца. Няма адказу. Вечнае беларускае маўчаньне перад уладай. Людзі замаўкаюць і не глядзяць адно адному ў вочы. Жанчынка толькі пытае ціха і сардэчна: «Ну і як яму там жывецца?»

Служба па ўсіх праваслаўных правілах, пасьля ютрані бацюшка робіць перапынак, і людзі выходзяць з царквы адпачыць. Ідуць проста на могілкі, якія тут адразу за плотам. У цэнтры, пры вялізным дубе, — падмуркі колішняга храму. «То была вуніярская царква», — кажа бабулька.

350-гадовы драўляны храм перад вайною накрылі новай бляхай. А ў 1960-я дах спатрэбіўся дому культуры ў Плісе, таксама зробленаму з царквы. «Бурылі шафяры, што вучыліся ў Глыбокім. Іх страшылі, што правоў не дадуць, калі яны нашай царквы не пабураць. А яшчэ раней мясцовага чалавека падбівалі яе разабраць — таксама дзеля бляхі. Дык яму свае запіску напісалі: кранеш — спалім». Стары дастае з рота ўстаўную сківіцу, падкладае пад «прафсаюзныя зубы» кавалак газэты і ўстаўляе сківіцу назад у рот: «Пакуль быў жывы стары бацюшка, царквы не чапалі. Ён гаварыў па-нямецку і ў вайну дапамагаў партызанам». Ужо пасьля вайны, разьбіраючы дом сьвятара, у падполе знайшлі пару забытых партызанскіх вінтовак. Аднаўляць «вуніярскую царкву» ня сталі. Прасьцей было паставіць новую.

Помнік Маўчуну

А яна ж, старая, была зь лістоўніц. У Псуі й зараз расьце іх цэлая алея. На Захадзе алея рэдкіх дрэваў была б прадметам гонару й апекі ўсяго мястэчка. Вакол яе купіліся б кавяранькі, крамы, яе б вымяталі, даглядалі, падсьвятлялі, паказвалі турыстам. Але тут і так хапае тураб’ектаў. «Вунь, перад студняй, у нас некалі ведзьмака забілі. Білі палкамі, аж ён у куль саломы ператварыўся. Дык цяпер там нядобрае месца. То аварыя, то яшчэ што. Раз так скруціла машыну, што ў чалавека ажно руль на грудзях паламалася», — апавядаюць сьветлатварыя ўцаркаўлёныя дзядзькі.

І пра калдуна, і пра «вуніярства» яны ведаюць з словаў краязнаўца-настаўніка Івана Воўкава, які зацікавіў людзей гісторыяй сваёй мясцовасьці. «А дубу нашаму — тысяча гадоў. Пры ім неяк капалі дол, знайшлі манэту з надпісам «soldon».

У дупло дуба складаюць старыя крыжы. На псуйскіх могілках радочкамі помнікі зь беларускімі прозьвішчамі. Гіль, Жандараў, Суравец, Малько, Рагіла. Прозьвішчы беларускія, а мова расейская. Цяжка пераадолець каляніяльныя звычкі: хоць дзе па-беларуску, а на магільных помніках спрэс па-расейску. На ўсе могілкі адзіны надпіс па-беларуску — «Маўчун Уладзімер Адольфавіч».

Уладзімераў сын Мікалай — сапраўдны маўчун гадоў пяцідзесяці. На ім сьветлая кашуля, акуратна выпрасаваныя штаны. Маючы гектар зямлі, ён працуе толькі на сябе. Трымае карову, авечкі, здае малако, за літар якога дзяржава плаціць цяпер 330 рублёў.

«Так захацелася, каб надпіс па бацьку быў па-беларуску», — сам сябе саромеецца ён. Згас у ім ранейшы імпэт да спазнаньня. «Калісь я многа розных газэтаў выпісваў, а цяпер толькі «Веснік Глыбоччыны» чытаю». Але яго сядзіба ў вёсцы Абруб зьзяе парадкам. Ён захоўвае нават пуньку з саламянаю страхою. Мікалай пахвальвае Лукашэнку, які абараняе краіну і ад Захаду, і ад Расеі. Непакоіць яго тое самае, што і ўсіх глыбачанаў: раптам Літва сапраўды збудуе атамны могільнік пры мяжы?

Псуйская царква з сылікатнай цэглы наўрад ці прастаіць трыста пяцьдзясят гадоў. Сьціплая памятка па Ўладзімеру Маўчуну здаецца больш дакладным знакам свайму часу.

Кожны час пакінуў тут па сабе помнік. Курганы, гарадзішчы, крыжы ў азёрах. Тут бяжыць Альгердаў шлях, мяшаюцца генатыпы і археалягічныя культуры, зямля аддае арабскія манэты і скандынаўскую зброю. Тут круцілі віхуры эўрапейскай гісторыі. Цяпер тут вераць у сьвятую ваду і аграгарадкі. Газэты лепш за калгасьнікаў ведаюць ураджай. Тут жывецца добра, тут працьвітаньне і стабільнасьць, паўтараюць людзі за экранам. А хаты некалі шматлюдных вёсак пусьцеюць адна за адной. А моладзь папівае. Нібыта Эўропа ляжыць асобна ад свайго цэнтру. Усяго за мэтар. На мэтровай глыбіні.

Літоўцы ў сваім цэнтры Эўропы паставілі калёну зь белага граніту. А мы павесілі бляшанку на таполі. Абвесьцілі цэнтар Эўропы, а што зь ім рабіць — ня ведаем. З дапамогай малатка і зубіла пазначылі Сталінград на бляшанцы — мусіць, каб немцаў з італьянцамі завабіць. Палеткі не арэм, а мільёны тонаў растуць. Невымоўнае хараство азёрнага краю шчэ чакае прыватнага ўласьніка, сапраўднага гаспадара, які зробіць яго з пэнсіянэрскага турыстычным. Тады пра беларускі цэнтар Эўропы даведаецца большасьць эўрапейцаў.

Самы стары знак

цэнтру Эўропы з лацінскім надпісам ужо 125 гадоў стаіць каля вёскі Дзелавое ў Рахіўскім раёне ўкраінскага Закарпацьця. Вылічылі гэты цэнтар географы Аўстра-Вугорскай імпэрыі ў 1887 годзе. А францускія навукоўцы ў 1989 годзе сказалі, што цэнтар Эўропы месьціцца ў Літве, за 26 кілямэтраў ад Вільні. Літоўцы паставілі там велічную калёну зь белага граніту. Ёсьць яшчэ вэрсія, што цэнтар Эўропы месьціцца ў Славакіі, у горадзе Крэмніца. Цэнтральнаэўрапейскімі ёсьць усе краіны, якія лічаць, што цэнтар Эўропы ляжыць на іхнай тэрыторыі.

Дзе ня варта быць

Хата Быкава і ўвесь падворак у Бычках — чысты муляж. Ні духу, ні знаку. Побач у Кублічах ляжаць некранутыя велічныя руіны ўніяцкай царквы, у якой хрысьцілі Быкава.

Доўгае возера

Чырвонымі парэчкамі парасьлі стромыя берагі Доўгага возера. Яно па справядлівасьці заслугоўвала б іншай назвы. Доўгіх азёраў у Беларусі дзесяць, а вось 54 мэтры ўглыбкі мае толькі адно. Праз глыбіню вада ў возеры ніколі не праграецца вышэй за 20 градусаў. А глыбей за 20 мэтраў застаецца зусім халоднай — ніжэй за 5 градусаў нават у зэніце лета. Дзякуючы гэтаму ў возеры захаваўся рэліктавы рачок ледавіковага пэрыяду лімнакалянус.

Возера Шо было названа

цэнтрам Эўропы ў аддзеле картаграфіі Камітэту па зямельных рэсурсах, геадэзіі й картаграфіі пры Саўміне. У падліках выкарыстоўвалася кампутарная праграма, адмыслова распрацаваная на прадпрыемстве «Белкосма-аэрагеадэзія». Эўропу прынялі за адно цэлае, уключна зь Белым і Балтыйскім морам, Брытанскімі выспамі. Усю прастору накрылі інтэгральнай сеткай і вылічылі цэнтральную кропку.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0