Апошні піск «ультравожыкаў» — «Атлянтыда» — увайшоў у тройку найлепшых песень у інтэрнэтаўскім гіт-парадзе. А сайт «Майкі патрыётаў» прапануе набыць саколкі з выявамі замызганых францужанак і вершамі Быкава.

Газэта патрыётаў

Пры канцы жніўня ў Белнэце распачало працу он-лайнавае выданьне «Белорусская патриотичная газета» (www.bpg.h15.ru). На галоўнай старонцы — здымак прэзыдэнта, збоку — спасылкі на сайт прэзыдэнта, «Советскую Белоруссию» і агенцтва БелТА. Навіны — скрозь пазытыўныя і па-расейску — бяруцца ўпрост зь дзяржаўных ура-патрыятычных СМІ. Рэчаіснасьць сама падводзіць да гратэску. «Да 1 верасьня Міністэрства культуры плянуе выпусьціць падарункавы набор цацак для садка пад назваю «Маленькі патрыёт». У яго ўвойдуць чырвона-зялёныя кубікі, дзіцячае выданьне «Советской Белоруссии» ў карцінках і канструктар «Зьбяры Нацыянальную бібліятэку».

Майкі патрыётаў

Сайт моладзевага руху «Лімон» (www.limon.3dway.org) таксама падтрымлівае прэзыдэнта ва ўсіх пачынаньнях. «Мы хочам узьняць рэйтынг прэзыдэнта, які ўпаў ніжэй няма куды», — б’юць трывогу яны ў маніфэсьце. Удзельнікі праекту «Майкі патрыётаў» (www.cafepress.com/bel_t_shirts) папулярызуюць словы прэзыдэнта. Праз сайт можна замовіць «дыванкі для мышы і кубкі» зь ягонымі выказваньнямі. Можна таксама набыць саколкі з выявамі брудных францужанак, Кандалізы Райс (з цытатай пра нэграў на мяжы Беларусі) і хлопчыка, які «ўзяўся за яйца». Саколкі з выявай чырвонаармейца з надпісам «А ты чытаў вершы Быкава?» каштуюць ад $9,89 да 18,69. Арганізатары зьвяртаюць увагу на тое, што гэта некамэрцыйны праект, «усе грошы ідуць на аплату хостынгу і на падтрымку таленавітай моладзі па лініі БРСМ».

Музыка патрыётаў

Адзін з самых дасьціпных праектаў — музычны сайт «UltraВожык» (www.luka.rocks.it), дзе разьмешчаны сынгл «Ідэалёгія» ды іншыя песьні. У адных кампазыцыях выказваньні прэзыдэнта зьмікшаваныя пад тэхна-рытмы, у некаторых хлопцы пяюць самі: «У нас ёсьць прэзыдэнт, і герб свой ёсьць у нас / З Расеяй мы сябры, мы любім танны газ / Калі нячэсны ты, ты — апазыцыя / Такая нашая ідэалёгія». На сайце зьмешчаныя й запісы іншых выканаўцаў. У прыватнасьці, запісаная ў 1995 г. «Ляпісам Трубяцкім» песьня «Лу-ка-шен-ко».

Апошні піск «ультравожыкаў» — «Атлянтыда» — увайшоў у тройку найлепшых песень сэзону паводле галасаваньня на «Тузіне гітоў».

Спробы пракуратуры знайсьці творцаў сайту «Мульт-клюб» толькі падагрэлі палітычна-сатырычны бум у Белнэце. Беларусы замежжа працуюць над сваімі праектамі, а каардынатар праекту «Трэці шлях» Павал Марозаў, на сайце якога зьмешчаны «Мульт-клюб» і «Лімон», дамовіўся пра супрацу з украінскімі стваральнікамі флэшак пра Януковіча. Украінцы бяруцца стварыць наступныя сэрыі LLL-мультоў.

Рэйтынг сатырычных інтэрнэт-сайтаў

1. http://mult.3dway.org

2. http://www.luka.rocks.it (ці http://members01.chello.se/skywatcher/uv/index.htm-)

3. http://www.cafepress.com/bel_t_shirts

4. http://www.limon.3dway.org

5. http://www.bpg.h15.ru

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0