Ён выглядаў так, як і мусіць выглядаць клясык сучаснасьці, які не згубіў дэмакратызму, нягледзячы на тое, што бачыў свае пастаноўкі на найлепшых сцэнах сьвету, а на палічцы ў ягоным доме стаіць залаты «Оскар». Сусьветна вядомы драматург Том Стопард зладзіў у сталіцы майстар-клясу. Апрануты ў блакітныя джынсы ды нябеснага колеру кашулю Том Стопард сядзеў за сталом у адным са сталічных клюбаў перад некалькімі тузінамі зацікаўленых вачэй. Акторкі, якія толькі што адыгралі п’есу «Псыхоз 4.48», таксама паселі на зэдлікі ды прыціхлі, пацягваючы глінтвэйн. Трымаючы цыгарэту левай рукой, брытанскі драматург выпускаў дым у столь, устрэсваючы ўскалмачанымі валасамі зь сівізной.
Пачынаючы размову, Стопард павольна пацірае рукі, як чалавек, які жадае ўзяцца за справу, што захапляе. Зрэшты, так і было — драматург, які прыехаў у Беларусь на запрашэньне праекту «Свабодны тэатар», меўся правесьці ў сталіцы майстар-клясу для сваіх беларускіх калегаў. Яму самому, дарэчы, ня дужа спадабалася азначэньне «майстар-кляса» — ён палічыў за лепшае назваць сустрэчу дыскусіяй. Стопард, які ня верыць у культурную герархію, жадаў гутарыць не пра тое, што ёсьць добрым тэатрам, а пра ролю тэатру для грамадзтва.
Некалі ў адным са сваіх нешматлікіх інтэрвію Стопард сказаў, што ня любіць чытаць кнігі пра сябе. Таму ён па магчымасьці пазьбягае размоваў з журналістамі — бо ня верыць у нязьменнасьць поглядаў. Драматург мяркуе, што нават калі ён кажа нешта сёньня, гэта зусім ня значыць, што ён будзе так думаць і заўтра. Удзельнікі дыскусіі маглі самі пераканацца ў гэтым — Стопард не выказваў гатовых думак, а нараджаў і карэктаваў іх у працэсе гутаркі.
Паразуменьне Том Стопард і яго суразмоўцы знайшлі ў абмеркаваньні дачыненьняў cцэнарыст—рэжысэр. На думку Стопарда, драматург нечым падобны да дыктатара, бо менавіта ён вызначае, які тэкст атрымае глядач. Аднак гэтую дыктатуру абмяжоўвае рэжысэр, які мае магчымасьць вызначаць, якія падзеі пабачыць глядач — і для гэтага рэжысэру зусім не абавязкова зьмяняць тэкст.
Стопард, на грудзёх якога былі значкі з выявай зубра ды эмблемай «Хартыі’97», жыва цікавіўся Беларусьсю — адчувалася, што ён ведае пра нашую краіну нашмат больш, чым выпадковы візытэр. Яшчэ ў дзяцінстве ён паспытаў жахі таталітарных рэжымаў. Без усьмешкі, з сур’ёзным тварам ён слухаў прывычныя нам страшылкі пра скасаваньне кантрактаў, неабароненыя аўтарскія правы ды прыём п’есаў «худсаветамі» ды чыноўнікамі зь Міністэрства культуры. Сытуацыя, якая склалася ў беларускім тэатры, не ўкладваецца ў яго ў галаве: у Брытаніі моладзь ня можа дазволіць сабе схадзіць у тэатар, бо задарагі, а тут квіток можа набыць хто заўгодна, але гэта зусім ня значыць, што можна будзе пабачыць штосьці вартае.
Аднак, што да будучыні беларускага тэатру, тут Том Стопард быў аптымістычным. У пачатку 1990-х у харвацкім Заграбе ён пабачыў маленькі тэатар, арганізаваны сям’ёй актораў — мужам і жонкай. Яны нават самі расстаўлялі зэдлікі, каб некалькі дзясяткаў чалавек маглі паглядзець п’есу. Праз тры-чатыры гады маленькая сцэна зрабілася, бадай, самым знакамітым тэатрам у Заграбе, значнай часткай культурнага жыцьця гораду. І Стопард адчувае, што ў Менску таксама ёсьць аўдыторыя для такога тэатру.
А яшчэ Том Стопард пытаўся ў тутэйшых драматургаў, на якой мове яны пішуць — на беларускай ці на расейскай. Ён быў зьдзіўлены, калі даведаўся, што на конкурс «Свабоднага тэатру» прыйшла 231 п’еса, і толькі 4 зь іх — па-беларуску. Праўда, праблему ён бачыць ня столькі ў выбары мовы, колькі ў інтэрпрэтацыі арыгіналу. «Я думаю, калі сцэнарыст піша на абедзьвюх мовах, гэта нармалёва. Напрыклад, Сэмюэль Бэкет пісаў па-ангельску і па-француску ды сам рабіў пераклад. Няма праблемаў. Але паверце, калі я пішу па-ангельску, а хтосьці перакладае п’есу на нямецкую, францускую ці на любую іншую мову, я адразу адчуваю, што тут нешта ня тое. Мне здаецца, што пераклад — амаль што немагчымая справа. Я цікаўлюся моўнай сытуацыяй, бо не разумею, на якой мове тут размаўляюць. Бо ў 1990-м беларускую мову зрабілі афіцыйнай, а цяпер усё памянялася назад. Для мяне гэта загадка. Але гэта проста фантастыка, што я змог сюды прыехаць. Спадзяюся, завітаю ў Беларусь яшчэ раз».
∎
ТОМ СТОПАРД (Штраўсьлер) нарадзіўся ў 1937 у чэскім Зьліне. Ратуючыся ад нацыстаў, сям’я выехала ў Сынгапур. У 1941-м уварваньне Японіі ў Сынгапур зрабілася немінучым. Том, ягоныя брат і маці знайшлі паратунак у Індыі. Бацька не пасьпеў зьехаць і быў забіты японцамі. У 1946-м сям’я Штраўсьлераў эмігравала ў Брытанію, дзе маці Тома ўзяла шлюб з маёрам Кенэтам Стопардам. У 17 год Том кінуў школу і пайшоў працаваць журналістам. Тут выявіўся яго талент рэцэнзаваць спэктаклі. Том пачаў працаваць для часопісу «Scene». Пасьля ён сам паспрабаваў пісаць п’есы і хутка знайшоў сабе літаратурнага агента. Першая п’еса Стопарда, якая прабілася ў сьвет, называлася «Шпацыр па вадзе» і была напісаная адмыслова для тэлебачаньня. Але сапраўдная слава да Стопарда прыйшла ў 1966-м, пасьля лёнданскай прэм’еры п’есы «Разэнкранц і Гільдэнстэрн мёртвыя», дзе дзея «Гамлета» разглядаецца вачыма двух другарадных пэрасанажаў п’есы Шэксьпіра. У 1977-м Том Стопард наведаў СССР з групай «Міжнароднай амністыі» і пачаў цікавіцца парушэньнем правоў чалавека ў таталітарных рэжымах Цэнтральнай ды Ўсходняй Эўропы. У 1999-м Стопард атрымаў «Оскара» за сцэнар да фільму «Закаханы Шэксьпір» (супольна з Маркам Норманам).