Трэці ня лішні

Трэці апэратар GSM-сувязі ў Беларусі, ЗАТ «Беларуская сетка тэлекамунікацый» мае пачаць працу 18 верасьня. Інакш Мінсувязі прыпыніць ліцэнзію. Пераможца тэндэру кампанія «Алькатэль Шанхай» паставіла першую партыю абсталяваньня ў пазыку, на рэшту трэба браць крэдыт.

Незайздросны лёс бізнэсу

Справаздача Сусьветнага банку й Міжнароднай фінансавай карпарацыі паставіла Беларусь на 106 месца (з 155 прааналізаваных) па якасьці рэгуляваньня бізнэс-асяродзьдзя. Улічваліся ўмовы прадпрымальніцкай дзейнасьці, абарона інвэстараў, парадак найманьня і звальненьня супрацоўніка, рэгістрацыі маёмасьці, ліцэнзаваньня, выплаты падаткаў. Нізкае месца — вынік жорсткіх умоваў для разьвіцьця бізнэсу ў краіне, нізкага ўзроўню карпаратыўнага кіраваньня ды складаная падатковая сыстэма.

«Прыёр» — значыць першы

Трэці год запар найбуйнейшы камэрцыйны банк краіны, ААТ «Прыёрбанк», абвяшчаецца найлепшым беларускім банкам па вэрсіі часопісу «The Banker», што ўваходзіць у холдынг «The Financial Times». Пераможцы вызначаюцца паводле розных крытэраў, у тым ліку й па распрацоўцы перадавых тэхналёгій і стратэгій. Найбуйнейшым акцыянэрам банку зьяўляюцца аўстрыйская група «Райфайзэн» (ёй належыць 61,3% акцый) і Эўрапейскі банк рэканструкцыі й разьвіцьця (13,5%).

Узбуйненьне алькагольнага бізнэсу

Паводле падпісанага 12 верасьня дэкрэту А.Лукашэнкі, умовы вытворчасьці, продажу й рэклямы алькаголю стануць больш жорсткімі. Для ажыцьцяўленьня агулавага гандлю алькагольнымі вырабамі прадпрыемству неабходна мець памер статутнага фонду ня меншы за 100 тыс. эўра, сховішчы плошчай ня меншай за 1 000 м². Таксама яно павінна займацца агулавым гандлем ня менш за пяць гадоў. Гандляваць ураздроб алькаголем можна будзе толькі ў крамах, плошча гандлёвай залі якіх ня меншая за 50 м². За парушэньні прадпрыемствы будуць пазбаўляцца ліцэнзій. Дэкрэт набудзе сілу 12 сьнежня. Павялічылася адказнасьць за вытворчасьць і продаж фальсыфікаванага алькаголю, алькаголю з падробнымі акцызнымі маркамі й без дакумэнтаў. Цяпер штраф можа дасягнуць 5 тыс. базавых велічынь (Br127,5 млн).

ЗД

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0