Слухаючы скандальны выступ Цімашэнкі, ловіш сябе на думцы, што недзе нешта падобнае ўжо чуў ці, дакладней, чытаў.

Фэльетон Лёліка Ушкіна.

Такое ўражаньне, што перад выступам цудоўная Юлія заглянула ў фядутаўскі блёкбастэр «Лукашэнка», каб набрацца лексыкі ва ўсіх, каго той «кінуў». Ганчара, Лябедзьку, Віньнікаву па ходзе кнігі выстаўляюць за парог Чырвонага дому. І толькі тут да іх даходзіць жудасная ісьціна: іх былы бос — не Прамэтэй рынкавай мадэрнізацыі, а рэінкарнацыя Нэрона — толькі з бзікам не ў паэзію, а ў хакей. Пасьля гэтага чарговы «зьбіты на ўзьлёце» сыходзіць у апазыцыю. Такі цікавы этас уласьцівы ня толькі палітыкам поясу краін былога ВКЛ. У Расеі свая Цімашэнка, але без касы — Міша Касьянаў.

Што гэта? Адкуль такая радыкальная зьмена настрояў? Нездаровая псыхалягічная рэакцыя на звальненьне, рытуал разрыву з каханым кіраўніком, завышаная асабістая самаацэнка, боль за супольную справу — маўляў, безь мяне тут усё накрыецца?..

Маючы столькі прыкладаў, мы можам канстатаваць аксіёму: у арганізьме клерка за час кар’еры выпрацоўваецца нейкі гармон, які ў выпадку адстаўкі актывізуецца. Падпарадкаваўшы сабе сьвядомасьць кліента, вірус абавязкова прывядзе нашага героя ў логава карбанарыяў-апазыцыянэраў.

Учора гэты закон, назавём яго «закон Чыгіра—Цімашэнкі», яшчэ ня быў вядомы. Цяпер жа, пасьля Цімашэнчынай афэры, ён даказаны амаль эмпірычным шляхам.

Для мадэляваньня палітычных працэсаў на прасторы СНД закон Чыгіра—Цімашэнкі — тое самае, што закон Архімэда для фізыкаў. Але гэта ў пэрспэктыве. Цяпер кожная шышка ва ўрадзе павінна зразумець, што з Саўміну ёй тры шляхі: або ў турму за карупцыю, або на пэнсію, а хутчэй за ўсё — у апазыцыю.

Падрыхтоўка да пераходу ў іпастась апазыцыянэра павінна стаць часткай жыцьця кожнага бюракрата. Галоўнае тут — саскочыць у аптымальны момант, напрыклад, калі ВУП узьляцеў на 10%. У такім разе можна будзе закаціць рэзанансную прэсуху і сказаць, што табе і прырост ВУП зьбілі на ўзьлёце. У сваю чаргу, прэзыдэнт разумее, што яго «верныя еўнухі» сьпяць і бачаць сябе на чале апазыцыйных фуршэтаў. Таму яго задача — адправіць у адстаўку самага дэбільнага міністра, каб імідж апазыцыі быў адпаведным.

У будучыні працэс інстытуалізуецца. Нейкі рамантычны тынэйджар, наслухаўшыся «N.R.M.», заскоквае на Варвашэні, 8: «Дзе тут у апазыцыю запісваюць?» На што ён атрымае адказ: «Раскатаў губу! Малады ты яшчэ для апазыцыянэра. Спачатку трэба кар’еру па лініі БРСМ зрабіць, папрацаваць, міністрам стаць. І толькі калі цябе з ураду папруць, тады і прыходзь у апазыцыю. Жыве Беларусь!»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0