Фігура галоўнага паэта Беларусі – фігура, бясспрэчна, трагчная. Але любая спроба кананізаваць адну зь ягоных іпастасяў непазьбежна натыкнецца на падстаўленую самім жа Купалам «падножку». Піша Аляксандар Фядута.

Віталь Скалабан, здаецца, неяк мне сказаў, што Купала і Колас у сьвядомасьці беларусаў ураўнаважваюць адзін аднога.

– Былі патрэбныя такія два паэты. Шляхціч і хутаранін, каталік і праваслаўны, больш палянізаваны і больш русіфікаваны. Такі, каб партрэт аднаго глядзеў на Захад, а другога – на Ўсход.

Уласна кажучы, праўда гэта. Купала спрабаваў свае сілы на польскай мове, Колас – на расейскай. І ў астатнім – таксама праўда. Яны, як Маркс і Энгельс, вісяць на віртуальнай сьценцы ў сьвядомага беларуса, які вырашае «рабіць жыцьцё з каго».

Але Купала, быццам у насьмешку, паказаў гэтую сытуацыю ў самым злабадзённым з сваіх буйных твораў ‑‑ у «трагічна‑сьмяшлівых сцэнах у 4 дзеях» «Тутэйшыя». Там зьяўляюцца да застылага на ростанях Мікіты Зносака два навукоўцы – заходні і ўсходні. І пасьцігаюць яго ‑‑ беларуса.

Злы партрэт атрымліваецца ў выніку гэтага спасьціжэньня. Калі, канечне, лічыць, што адзін з стваральнікаў нацыянальнай літаратуры сапраўды спрабаваў зразумець, у чым сутнасьць беларускага характара. Ды й аўтапартрэт таксама далёка ня самы прывабны.

Мая доля, дык вось доля,

Каб ты лопнула была!

Каб у чыстае дзе поле

Ад мяне ты уцякла!

… І так хочацца зваліцца

У глыбокі дзе ручэй,

Каб не бачыць – утапіцца –

Ані сонца, ні людзей.

Вось ён – тыповы беларус, такім яго паказвае раньні Купалы. Гэта няўдаліца, які ня ў стане перамагчы ўласны лёс, дамагчыся зьменаў сваёй долі.

Не, канечне, гэты сумны і маркотны пэрсанаж разумее, як да яго будуць ставіцца. І загадзя папярэджвае:

Дый ня сьмейся зь мяне,

Што так смутна пяю,

Бо і так там на дне

Душу змучыў сваю.

Таму што сьмяяцца ‑‑ будуць.

І як тут не сьмяяцца

І праўды не сказаць:

Варон на сьвеце многа,

Ды некаму страляць.

Сапраўды. Гэта 1904 – 1906 гады. Да гэтага часу польская паэзіі ўжо даўно пасьпела залічыць у клясыкі ня толькі Міцкевіча альбо Славацкага, але і аднаго з самых складаных эўрапейскіх паэўтаў – Норвіда; расейскі чытач прачытаў Андрэя Белага і рыхтуецца зразумець Веліміра Хлебнікава. Купала, знаёмы з расейскай і польскай мовай, добра начытаны, арыентуецца не на паэтычны авангард, а на «зады» чужой культуры. Так пісалі расейскія народнікі 1870‑х гадоў – прычым тыя зь іх, хто потым сутаргава шукаў іншыя інтанацыі.

Травка зеленеет, солнышко блестит,

Ласточка с весною в сени к нам летит.

Гэта паэзія – Пляшчэеў, Сурыкаў, Нікіцін – становіцца эстэтычным арыентырам для Купалы – у пэрыяд ягонага паэтычнага станаўленьня. А ў тым, што Купала ня толькі іх, але і Блока ўжо чытаў – няма ніякага сумневу: прыгадаем, што ён друкаваўся ў тых жа выданьнях, што і адзін з самымх пранікнёных крытыкаў сьпевака «Сьнежнай маскі» – Уладзімер Самойла.

Купала мог пісаць іначай. Менавіта таму што чуў іншыя галасы. Але ён абірае для сябе канкрэтнага чытача і пачынае сьлепа ісьці за ім – дакладней, за ўласным уяўленьнем пра тое, што трэба гэтаму чытачу. А паколькі гэты чытач ‑‑ паўпісьменны «пан сахі і касы», то і паэт на яго арыентуецца.

Калі б не гісторыя, якая прыбрала такіх магутных супернікаў, як Максім Багдановіч, аўтар «Страцім‑лебедзя», і Алесь Гарун, калі б не савецкія рэпрэсіі, што пакаленьнем выкасілі беларускіх неарамантыкаў, Купала не заняў бы ў масавай сьвядомасьці тое месца, якое яму выпала. Як і Колас, які пакінуў пасьля сябе дзьве цудоўныя паэмы – «Новую зямлю» і «Сымона‑Музыку», – і яшчэ, як цяпер высьвятляецца, больш за дваццаць тамоў безнадзейна слабых твораў (проза Коласа настолькі слабейшая за сьпелую прозу Бядулі ці Зарэцкага, што застаецца толькі ціха ўздыхаць пры згадках аб бясконца цягамотных старонках «На ростанях»). Нават такія вэрсыфікатарскі моцныя рэфлексіі з нагоды фальклёрных сюжэтаў, як «Бандароўна» і «Магіла льва» ня ставяць яго ў шэраг эўрапейскіх сучасьнікаў (іншая рэч – «Курган», але тут меркавалася, на нашу думку, іншая чытацкая аўдыторыя).

Але ёсьць адна іпастась, у якой Купала бясспрэчны. Ён стаў аўатарам дзьвюх п’ес, якія б склалі славу любога нацыянальнага рэпэртуара. Яму пашанцавала ‑‑ «паны сахі і касы» у тыя часы ў тэатар не хадзілі.

Першая п’еса – канечне, «Раскіданае гняздо». Гэты шэдэўр, забіты ў нашых галовах арміяй школьных настаўнікаў, якія, сьледам за падручнікам, бачаць у ім выключна сацыяльную драму, стаіць на ўзроўні найбольш вострых філязофскіх п’есаў сучасных Купалу геніяў. Ён зусім не слабейшы, чым «На дне» Горкага альбо «Возчык Геншэль» Гаўптмана. Ня кажучы ўжо пра Леаніда Андрэева, самага моднага драматурга таго часу (калі казаць пра Расейскую Імпэрыю). Андрэеў проста адпачывае.

Сялянскую сям’ю бярэ Купала для аповеду ня толькі таму, што ён добра ведае яе побыт. Менавіта яе побыт ён і не паказвае – па вялікім рахунку. Яго цікавіць ня столькі побыт, колькі сьвет, распад сьвету. І сялянская сям’я – апошні ўстойлівы, здавалася б, вастравок гэтага сьвету ў бязьмежным акіяне рэвалюцыі. Калі ўжо гэты мікракосм ня вытрымаў выпрабаваньня на трываласьць, то што казаць пра асобна ўзятага чалавека? Яму тым больш ня вытрываць.

І вось гэтага ня вытрымліваючага чалавека Купала паказвае ў другое сваей п’есе – у «Тутэйшых». Тутэйшыя – гэта замест вызначэньня нацыянальнасьці, як прынцып самаідэнтыфікацыі:

– Якія вы?

– Мы? Мясцовыя мы, тутэйшыя, паночку. Жывем тут.

Ледзь не дадаў:

– На балоце.

Але балота зьявіцца крыху пазьней. Пакуль проста вызначаемся, тэрыятарыяльна. Зьяўляюцца два навукоўцы, каб вывучыць людзей, што жывуць на гэтай тэрыторыі – паміж Захадам і Усходам, паміж Польшчай і Расеяй?

Адкуда, мол, и что это за

Географические новости?!

Адкуль? Да ніадкуль. «Прырода наша, пане вучоныя, прыродная. Маем поле і лес, горы і даліны, рэчкі і вазёры, нават мора мелі – называлася Пінскае, – але акупанты зьмяшалі яго з гразёй, дык засталося толькі Пінскае балота. А граніц палітычных ня маем, бо і політыкі сваёй ня маем – на чужой політыцы пакуль што езьдзім».

Гэтая злая ацэнка, якая ня страціла сваёй злабадзённасьці і да сёньня, укладзеная ў вусны антаганіста галоўнага героя – беларуса Янкі. Ён сябе вызначае менавіта праз нацыянальны пачатак. Тутэйшы – гэта Мікіта Зносак, які прыстасоўваецца да любоў улады – толькі б жыць. Жыць і выжыць. Усё астатняе хвалюе яго значна меней. Ён кажа зусім іншыя рэчы:

– Хіба мы робім што‑небудзь супраць рэвалюцыі? З першага дня рэвалюцыі мы нічога ня ведаем. Мы толькі ходзім адзін да аднаго ў госьці і кажам, што нам цяжка жыць. Таму што нам лягчэй жыць, калі мы кажам, што нам цяжка жыць. Дзеля Бога, не адымайце ў нас апошняга сродку да існаваньня, дазвольце нам казаць, што нам цяжка жыць. Ну хаця б вось так, шэптам:: «Нам цяжка жыць». Таварышчы, я прашу вас ад імя мільёна людзей: дайце нам права на шэпт. Вы за будоўляю яго нават не пачуеце. Запэўніваю вас. Мы ўсё жыцьцё шэптам пражывем.

Стоп! Кампутар падвёў! Здаецца, гэта зь іншай трагікамэдыі! Пачакайце, чытач …

Так, сапраўды! Я мушу перапрасіцца перад вамі. Гэта не Мікіта Зносак – гэта Сямён Падсякальнікаў з «Самагубцы» Мікалая Эрдмана. Але гэта той жа тып, маленькі прыватны чалавек, які спрабуе ўстаяць на сваім астраўку пасярод акіяну, без усялякага апірышча. Ён хоча жыць, ён моліць пра жыцьцё. Толькі Эрдман ужо ведае пра лёс сваіх герояў, таму шчыра шкадуе іх. А Купала, што даў сваё імя ня Зносаку, а Янку Здольніку, як яму здаецца, апірышча знаёшоў. У беларускасьці сваёй. Ён здолеў ідэнтыфікавацца са сваім народам – не з клясам, не з «дурным мужыком», а менавіта з Народам.

Толькі вось Купала ня здолеў утрымацца на гэтым апірышчы. Вастравок выявіўся утлай ладчонкай, якую матляла па эпосе. Ён стаяў, а ўсіх, хто атачаў яго, зьнішчалі ў яго на вачох. І Народ нават не паспрабаваў іх абараніць, сваю новую інтэлігенцыю, ‑‑ фактычна першае з часоў філарэтаў і філаматаў пакаленьне нацыянальных інтэлігентаў. Мала таго, на ўсіх сходах прадстаўнікі гэтага самага Народу патрабавалі зьнішчыць, расстраляць, пакончыць …

Народ быццам зьнішчаў сам сябе. Ідэя самагубства павісла ў паветры.

Купала і сам спрабаваў забіць сябе – двойчы.

Другі раз ‑‑ удала.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?