У Нацыянальным мастацкім музэі адчынілася выстава Міхала Сеўрука. На ёй дэманструецца мастакоў шэдэўр — «Жніво».

Пэрсанальная выстава Сеўрука — каля 30 твораў жывапісу і 40 графікі з Мастацкага музэю й раённага музэю Нясьвіжу, дзе майстар жыў. Пасьля пасьмяротнай выставы ў менскім Палацы мастацтва — гэта першая экспазыцыя, што гэтак шырока знаёміць з асобаю аднаго з самых адукаваных беларускіх творцаў ХХ стагодзьдзя. На жаль, пры жыцьці мастак не здабыў сабе такога прызнаньня. Першая кніжачка пра яго, напісаная Віктарам Шматавым, выйшла праз год пасьля ягонае сьмерці, у 1980 годзе.

Побач з бляклаватым, нібы прыцярушаным пылам, мастацтвам БССР 1930-х Сеўрукаў жывапіс глядзіцца нечакана ярка. Гэта — заходнебеларускі жывапіс.

У творчасці майстра адчувальныя дэмакратычны рэалізм, павевы Рэнэсансу і клясыцызму, постымпрэсіянізм, кубізм.

На прафэсійнай арэне Сеўрук дэбютаваў карцінай «Жніво» (1937), якую напісаў за тры тыдні ў маёнтку свайго сябра мастака Л.Дабжынскага. Карціну набыў Музэй імя І.Луцкевіча, і «Жніво» стала квінтэсэнцыяй тагачаснае беларускае эстэтыкі. Спакоем і зямной прыгажосьцю вобразаў, далікатным каларытам твор нагадвае рэнэсансны сьценапіс і адначасова зьяўляецца цалкам сучасным празь ляканізм формаў, каляровую дынаміку. У гэтай карціне выявіліся рысы, якія будуць з мастаком у той ці іншай ступені і надалей, больш як сорак гадоў.

У дачыненьні да твораў Сеўрука ўжываюць цяпер тэрмін «сынтэтычны рэалізм» — абагульненасьць, адсутнасьць ідэалізацыі, але і адсутнасьць экспрэсіўнай дэфармацыі. Гнаны ў БССР сэзанізм знайшоў сваё ўвасабленьне менавіта ў Сеўрукавай творчасьці. Выяўляючы плястычны пачатак у рэчах, шукаючы тое агульнае, што іх лучыць, ён спрашчаў форму, будаваў прасторавыя аб’ёмы абрысамі каляровых плямаў, падкрэсьліваў важкасьць і рэальнасьць формаў праз усё больш і больш шчыльныя каляровыя дачыненьні. Сьвет тых рэчаў раскрываўся ў яго толькі з гледзішча формаў, аб’ёмаў, іх узаемнай сувязі ў прасторы і колеры. Простая паводле матываў кампазыцыя стала ўрачыстаю.

Больш за ўсё ўражвае ў Сеўрука простая будзённасьць у спалучэньні з рамантычнай прыўзьнятасьцю. Ён увасабляў адно моманты адчуваньня гармоніі сусьвету. Магчыма, гэтаму дапамагаў прынцып работы па памяці, пэўнай адлегласьці, унутранай і прасторавай, ад суворае рэчаіснасьці, ня бачыць якую ён ня мог.

«Жніво» створана на шэрагу канкрэтных асацыяцыяў. Гэта і хрысьціянскі абраз, і дахрысьціянская Вэнэра. Урадлівасьць і жыцьцядайнасьць. Сівы дзед з касою. І Язэп, і Пан. Валадар жыцьця, які тое жыцьцё і зьберажэ. Каласы і сярпы. Хлеб і нож… Зялёная, як у выраі, трава, на якой раскладзены зямныя дары… Бадай, ніводзін з твораў нашага мастацтва ў гэтым стагодзьдзі ня быў настолькі ж фармальны, як і архетыповы.

Сеўрук не дачакаўся прызнаньня ад саветаў: не даравалі яму ані нацыяналізму, ані сэзанізму. Яго пэрсанальная выстава ў Менску адбылася толькі праз год пасьля сьмерці, у 1985-м. А «Жніво» заняло сваё месца ў музэйнай залі толькі разам зь беларускай незалежнасьцю.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0