* * *
…Дык прыяжджай! Пакуль ня выпаў сьнег.
Я пакажу табе гару каханьня,
Я раскажу, што грэх і што ня грэх,
Пра што няма ні ў Торы, ні ў Каране.
Дык прыяжджай! Дык прылятай хутчэй!
Я тры гады пазбаўлены Радзімы,
Любові, словаў родных і вачэй…
Дык прыяжджай, пакуль ня сталі зімы.
А зрэшты, ну куды тут прыяжджаць?
Гарэць дваім у пекле настальгіі?
Чужым краям нашчадкаў нараджаць,
Замест любошчаў прагнучы герыльі?
Не прыяжджай! Пакліч мяне сама,
Хоць парай фраз пакліч мяне дадому.
Я запяю, зайграю, як сурма,
І стану зноў любімы і вядомы.
Не прыяжджай! Вярні мяне назад!
У дыпкур’ерскім правязі празь межы…
Я так хачу убачыць плодны сад
І позірк твой, пасьля каханьня сьвежы.
2005, ліпень, Нарвэгія
0
0
0
0
0
0