Знакі прыпынку

***

Да канца 1980-х гадоў верш Ахматавай «А вы, мои друзья…» ва ўсіх выданьнях зьяўляўся з праўкай Канстанціна Сіманава, члена рэдкалегіі часопісу «Знамя», дзе ўпершыню (яшчэ да пастановы ЦК ВКП(б) «Аб часопісах «Звезда» і «Ленинград») быў надрукаваны. Ахматаўскае «для Бога мёртвых нет» Сіманаў выпраўляе: «Для славы мёртвых нет». Папраўлена, зразумела, каб бяз Бога было, каб надрукаваць, але якім трэба быць сапраўды савецкім паэтам, каб так паправіць, ды яшчэ зь перакананьнем, што так нават лепш:

Да что там имена! Захлопываю святцы

И на колени все. Багровый хлынул свет.

Рядами стройными выходят ленинградцы

Живые с мёртвыми. Для славы мёртвых нет.

Канстанцін Сіманаў па даручэньні Сталіна езьдзіў па замежжы і ўгаворваў знакамітых эмігрантаў (Івана Буніна ды іншых) вяртацца ў Савецкі Саюз, дзе іх чакае слава. Насампраўдзе чакаў ГУЛАГ. Валянціна Сярова, у той час жонка Сіманава, казала эмігрантам: «Ня верце вы яму».

Актрысу Сярову літаратар Сіманаў кінуў, ажаніўшыся з удавой паэта, які напісаў знакамітае:

Бой был коротким. А потом

Мы пили водку ледяную,

И выковыривал ножом

Из-под ногтей я кровь чужую.

Актрыса Сярова памерла ад «ледзяной гарэлкі», сьпілася ў адзіноце…

Час адсунуў літаратара Сіманава на другі плян… Актрыса Сярова, ня кажучы ўжо пра паэтку Ахматаву, на пляне першым.

***

Страфа зь першага выданьня «Сымона-музыкі»: «Нікла жыцьце ў лесе шумным,/ Агаляўся твар зямлі,/І ляцелі з крыкам сумным/Над балотам жураўлі», — у наступных выданьнях зьменена:

Нікла жыцьце ў шумным лесе,

Агаляўся твар зямлі,

І ляцелі ў паднябесьсі

З звонкім крыкам жураўлі.

Калі верыць Максіму Лужаніну, страфа перароблена самім Коласам. Магчыма. Дый кім жа, зрэшты, яшчэ?.. Але відавочна, што не па ягоным жаданьні. Ва ўсякім разе, не па ўнутраным. Сумны крык павінен быў стаць звонкім. І не над балотам, а ў паднябесьсі. І Колас праз гэты прымус (цэнзурны ці самацэнзурны) пагаршае страфу настолькі, наколькі можна было яе пагоршыць. Аж да заікастага зьбегу зычных («з звонкім»), параўнальным хіба што з Танкавым: «Купіў у ўнівэрмагу».

Але ж магло быць і так, што Лужанін, як прыстаўлены да Коласа «рэдактар», сам выправіў страфу, а ва ўспамінах, каб апраўдацца, зьвярнуў усё на Коласа. Ды яшчэ чапляючыся да яго: «А нашто вы, дзядзька Якуб, горш зрабілі?..»

Праз гэта ні Колас ня лепшы, ні Лужанін ня горшы. Які час — такія людзі.

Ці наадварот.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0