Беларускія татары жывуць разам з намі, але асобна. Свае вуліцы, сваё самакіраваньне, свае могілкі, свой бізнэс. Рэпартаж зь Іўя Андрэя Скурка.

Татарская прысутнасьць у Іўі невідавочная. Прынамсі, на фасадзе. Парадная карцінка сьведчыць, хутчэй, пра колішнюю прысутнасьць габрэяў. Іх падноўленыя камянічкі каляровай гірляндай цягнуцца ад цэнтральнае плошчы ўніз да касьцёлу. Аднапавярховы Кракаў. Гэтак расквітнела Іўе, атрымаўшы статус гораду.

На касьцёле — езуіцкая манаграма. Прысутнасьць Бога на гэтым не сканчаецца: напоеныя сьвятлом скляпеньні, чысты хор, у аўтары — гульня белага і чырвонага колераў. Івейцы карыстаюць з гэтага цуду як могуць. З раніцы ў нядзелю пабачыш у цэнтры ўбраную маладзіцу ці паважнага беларускага дзядзьку на ровары — маршрут вызначыць нескладана. На імшу зьбіраецца паўмястэчка.

Другая палова таксама нічога ня мае супраць Хрыста — прарока, пасланага ад Алага. Іх храм стаіць не на скрыжаваньні галоўных вуліц, як касьцёл, і ня ўзбоч плошчы — між аддзяленьнем міліцыі й забітай сынагогай, — як праваслаўная цэркаўка. Мячэт хаваецца ў сэрцы татарскага кварталу. Шэсьцьсот гадоў беларускія татары жывуць разам з намі, але асобна. Свае вуліцы, сваё самакіраваньне, свае могілкі, яшчэ гадоў дзесяць таму былі нават свае танцы.

«Татары да нас раней не хадзілі! — перакрыквае грукат івейскай дыскатэкі кабета, што стаіць пры дзьвярах на фэйс-кантролі. — У іх свая пляцоўка была! На нашу яны толькі вялікай гурмой біцца прыходзілі!» А цяпер такога не бывае? «Цяпер? Біцца? Ды тут палова татараў», — усьміхаецца чарнявы капітан міліцыі, ківаючы ў бок натоўпу падлеткаў, якія шалеюць пад хаўс. «Мы тут усе сябры! Асабліва як нап’ёмся», — брава адказваюць 15—16-гадовыя хлапцы. Дык што, і татары п’юць? Сьмяюцца: «Іх толькі па іх сьвятах на танцы не пускаюць». А хрысьціянаў у пост? «Хрысьціянаў пускаюць».

Муэдзін дзядзька Сюля

«Піць-курыць — гэта харам. Няможна, — кажа Сулейман Рафаловіч, муэдзін івейскага мячэту. — Таксама, як і пакланяцца выявам, верыць у іншых багоў, апроч Алага адзінага…» Адшукаць муэдзіна нам дапамагла элегантная татарка, у якой мы запыталіся на вуліцы, дзе жыве імам ці яго памочнік. «Дзядзька Сюля!» — паклікала яна. Дзядзька Сюля выйшаў зь нетраў гіганцкай цяпліцы. Як і ўсе татары, муэдзін жыве з агародніцтва. Яго памідоры нагадваюць вінаград — не памерам, а колькасьцю. Падвязаныя кусты ў рост чалавека, да кожнага падведзеная вада, у двары — грузавы фургон, куды зьмяшчаецца многа, многа скрынак са сьвежай гароднінай. Дзядзька Сулейман з сынам маюць свой аўтаномны бізнэс. «Гуркі ня ведаю дзе дзець, — сьмяецца муэдзін. — Кожны хоча маладзенькіх і роўненькіх. Кручаных не бяруць зусім».

Прадукцыя манумэнтальных татарскіх парнікоў плыве на менскія базары. «Татары багатыя, бо зямельныя!» — нашэптваюць зайздросьнікі на базары івейскім. Той, хто бачыў рукі дзядзькі Сулеймана зь неадмывальным зеленкаватым налётам ад памідорных кустоў, запярэчыць. Не таму. Конегадоўля і грабарства як татарскі бізнэс адмерлі. Праўда, у муэдзіна ёсьць буланая кабылка, і ў імама конік.

«Ат, адзін клопат зь імі, — крывіцца дзядзька Сулейман. У нас ёсьць прымаўка: як будзеш мець каня ці будзеш мець жану, ня будзеш мець пакою».

Кляшчук на экспарт

На дзяржаўнай рабоце ў Іўі найлепей зарабляюць дарожнікі ў ДРБУ, работнікі гаргазу і электрасетак. Ёсьць яшчэ кансэрвавы і хлебазавод. Але хлеб у старых пячах выходзіць нясмачны, і людзі ганяюцца за прывазным лідзкім у прыватных крамах.

Сьцяпан Станілка, лідэр івейскіх «аўганцаў», таксама яго прадае. Крама «Аўганец» — на цэнтральнай плошчы. Станілка нават паставіў помнік землякам, што загінулі на савецкай вайне ў Аўганістане. Помнік той у цэнтральным сквэры падобны да сьцяны Камянецкай вежы маштабам 1:10. Прыватны сэктар у Іўі дарос да ўласных рэстарацый. Карчма «Стары млын» спакушае па дарозе ў касьцёл. У гэтай сярэднеэўрапейскай рэстарацыі можна смачна павячэраць удваіх зь лідзкім півам за 15 тысячаў.

Неад’емны атрыбут дзяржаўнага гандлю ў гэтых памежных раёнах — канфіскат. Прадаецца ён і ў івейскім прадмагу. Тут можна набыць «на запчасткі» матацыкл за 77 тысяч рублёў або «Волгу» за чатыры мільёны. На другім паверсе прадмагу — кнігарня. Зь «беларускага» ў ёй, — «Меч князя Вячкі» Леаніда Дайнэкі ды стосы фотаальбомаў Анатоля Клешчука з усімі колерамі Беларусі. Бяруць яго звычайна дзеці, што едуць за мяжу. Нягледзячы на Лукашэнкавы забароны, дзеткі з Ганчароў і Урцішак, Суботнікаў і Трабаў па-ранейшаму адпачываюць улетку ў Італіі й Амэрыцы. У 1986-м Іўе накрыла радыяцыйная пляма, і з гэтым людзі зьвязваюць рост ракавых захворваньняў.

«Але ў Беларусі ў сто разоў лепш, чым у Літве, у тысячу, — гарачыцца Юзаф Русакевіч, настаўнік з Майшагалы. — Там толькі палітыкі 16 тысяч эўра палучаюць. А людзі бядуюць. Грузавік гарэлкі прывозяць, вось яны й галасуюць за Ўспаскага». «Там добра, дзе нас няма, — даказвае адваротнае работніца лідзкага дому культуры. Я вось з чырвоным дыплёмам скончыла інстытут, а цяпер зарабляю 180 тысяч. Дык у Літве пэнсіянэр удвая больш атрымлівае».

Татары ня скардзяцца. Яны, наколькі могуць, дыстанцуюцца ад палітычных працэсаў і грамадзкага жыцьця. Няма ў іх сваіх дэпутатаў, толькі адзін зрабіўся фэрмэрам. Татарскай грамадой кіруе камітэт з дваццаці чалавек. Ён зьбірае грошы на грамадзкія патрэбы. Дапамагаюць і аднаверцы з Польшчы. Той самай, дзе галеча, калі верыць БТ. Агародніцтва — таксама спосаб уцёкаў у сябе, у сваю грамаду. «Мы за Лукашэнку, — адводзіць убок вочы дзядзька Сулейман. — Нас жыцьцё навучыла. Шэсьцьсот гадоў тут жывём. На чыім возе ехаць, таго і песьню сьпяваць». Прынамсі, сёньня ў пашпартным стале не перапісваюць Ях’яў на Іванаў, а Мустафаў на Сьцяпанаў. Прынамсі, сёньня можна хадзіць у мячэт.

«Па-татарску гаварыць мой бацька вучыў. Пакуль не памёр, — распавядае муэдзін. — А потым быў застойны пэрыяд. І тыя, хто 50-га, 60-га году нараджэньня, тыя ўжо непісьменныя. А зараз ужо зноў вучаць дзяцей. Зімой. Калі няма занятку ў гародзе». Выкладаюць у такой нядзельнай школе татарскую мову і асновы веры маладзёны. «Яны былі ў Менску на зьездах, гісторыю, пра Мухамэда, хадысы яны ўсе знаюць, што гаварыў Мухамэд-прарок», — з гонарам кажа Сулейман. Моладзь ісламу не адракаецца. На Курбан-Байрам зьбіраецца поўны мячэт людзей.

Зэфір для мулы

«Алаг ні да кога не падобны, і да яго ніхто не падобны. Ён сам не нарадзіўся і нікога не нарадзіў. Ён ня родзіць, Ён стварае. Скажа: няхай будзе так! І так робіцца. Мы шануем і Ісю-прарока, бо ён пасланы ад Алага, ад Бога, для хрысьціян, і Мусю, каторы юдэяў настаўляў на правільны шлях, каб верылі толькі ў адзінага Алага, у Бога. Шануем Ібрагіма, Ісмаіла-праайца. Яго бацька рабіў ідалы — статуі, — а Ібрагім сказаў, што ім ня трэба пакланяцца, трэба адзінаму Богу пакланяцца. А тыя ідалы пабіў, бо яны не даюць ні шкоды, ні дабра.

Статуі ж нежывыя...» Казань дзядзькі Сулеймана гучыць проста і натуральна. Казань шчырага верніка, які ўсё жыцьцё пражыў з Алагам у душы.

Словы, якія ідуць ад сэрца, у сэрца і трапляюць. Таму ў мячэце хочацца перахрысьціцца і пакланіцца на Мэку. Бог адзін.

Храм Алага зь сярэдзіны пафарбаваны ў блакіт. Крыху цямнейшы за неба ў высокіх вокнах. Разуваемся ў сенцах, ступаем на кілімы. На сьценах — каліграфічная вязь выслоўяў з Карану, малюнкі сьвятых месцаў. Для ўсіх выяваў муэдзін Сулейман парабіў акуратныя рамкі. Каля акенца на Мэку — узвышэньне з прыступкамі, адкуль прамаўляе мула. На прыступках ляжаць цукеркі, печыва, зэфіры ў шакалядзе. У мячэт людзі бяруць з сабою прысмакі: ставяць збоку ля сьцяны, і кожны мусульманін падыходзіць і частуецца, чым хоча. Для мулы ў знак павагі асобна кладуць усяго патроху. Каб зьмясьціць усіх, у мячэце зроблены «другі паверх» — галерэя на часаных драўляных слупах.

У жаночай палове мячэту стаяць кветкі («ат, кабеты, усё ім хочацца, каб прыгожа было», — пасьміхаецца Сулейман), складзеныя цёплыя хусткі. Бо ўзімку мячэт не ацяпляецца; звычайная справа — маліцца ў кажуху і валёнках. Жанчыны моляцца асобна ня толькі ў мячэце. І ў часе малітвы дома, як загадаў прарок, жанчына стаіць ззаду мужчыны. Каб мужчыну не апаноўвалі зямныя спакусы. Яшчэ прарок сказаў: калі дома ня моляцца, дык гэта ня дом, а магіла.

Татары з жыдамі — браты

«Браць за жонку хрысьціянку — гэта халяль. Можна, — кажа муэдзін. — Калі яна пераходзіць на нашу веру. Падпарадкуецца нашым законам. Верыць у Алага адзінага. Ні ў мнагабожжа, ні ў ідалапаклонства. Прарок дазваляе мусульманіну мець да чатырох жонак, калі можаш іх утрымліваць». А ці ёсьць у Іўі такія мнагажонныя сем’і? «Тут адной жонцы, бывае, ледзь рады дасі», — махае рукою наш гід.

Татаркі зусім рэдка выходзяць за нетатараў. Вера і повязь крыві цэмэнтуе гэту маленькую грамаду. Але вакол — вялікі сьвет. І татарская моладзь ужо танчыць разам зь беларусамі на дыскатэцы пад модную заходнюю музыку. Яшчэ пару пакаленьняў — і татары расчыняцца ў беларускім моры. Або здолеюць мадэрнізавацца, зрабіць сучаснай і прыцягальнай сваю традыцыю, знайсьці сабе месца ў новых умовах. Многае тут залежыць ад моладзі.

Трое івейцаў якраз вярнуліся з Турцыі, дзе вучыліся ў рэлігійнай школе. «Яны лепш моляцца за старых — пяць разоў на дзень», — хваліць Сулейман. Можа, моладзь адновіць і традыцыю абразаньня хлопчыкаў. Апошні раз яго рабілі ў 1946 годзе — прыяжджалі «два старыя зь сівымі бародамі» й абразалі ўсю івейскую дзятву з татарскіх вуліц. Тады пашчасьціла й самому Сулейману. «Некаторыя хлопчыкі, да году, яшчэ не хадзілі. А некаторыя ўжо вялікія былі, па дзесяць гадоў. Уцякалі ад тых дзядоў, баяліся», — успамінае ён. Пасьля сёй-той яшчэ вазіў малых у Вільню, да габрэяў. «Да габрэяў?» — дзівімся мы. «Гэта можна, каб габрэй абразаў мусульманіна, — тлумачыць муэдзін. — Таму што татары з габрэямі — браты».

«Абразаньне — гэта дзеля чысьціні. Дзеля гігіены. Ад яго ніхто не паміраў. Але цяпер, сярод рускіх, знаеце, калі ўстанавіць такое... мерапрыемства, можа быць якая-небудзь няўвязка. Праблема можа быць...» — гаворыць Сулейман.

Татары змушаныя мімікраваць у саветызаваным грамадзтве, падавацца такімі, «як усе». Каб не прыцягваць увагі сваёй адрознасьцю. Ахвяраваць магчымым, каб не правакаваць варожасьці. Шэсьцьсот гадоў навучылі іх: спакой грамады — перадусім.

А абаснаваліся татары ў Іўі на вякі. На іх могілках — мізары, — дзе людзей хаваюць ад 1397 году, зямлі выгараджана з запасам яшчэ на гадоў шэсьцьсот. Пад магутнымі хвоямі спачываюць пакаленьні. І на абамшэлых камянях, і на новых мармуровых памятках побач зь імем па бацьку з павагаю напісана імя маці памерлага. На вольнай палове могілак бушуе бульба. Як так, каб зямля пуставала?

Цытатнік

СНІД-памятка з Івейскага гатэлю

...Праяўляйце пільнасьць у рабоце партнёра і карыстайцеся прэзэрватывамі.

...Прымяняйце толькі шпрыцы, іголкі і другія колюча-рэжучыя інструмэнты.

...З мэтай прафіляктыкі ВІЧ-інфэкцыі ў Івейскім раёне функцыянуюць пункты даверу для наркаспажыўцоў.

...Абмен шпрыцоў на інтымна-давяральнай аснове.

У сенцах мячэту вісіць абвестка: «Мухаммед казал: дом в котором имеются портрет или фота ня увойдут туда Ангелы а также шточвартак прыходзяць душы».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0