У адной з польскіх кнігарняў натрапіў на стракатыя коміксы. У нашай суседкі гэты жанр разьвіты — нават папулярны часопіс «Przekrуj» пачаў займацца штотыднёвым аглядам новых маляваных выданьняў.

Выдаецца коміксаў у Польшчы шмат — ад дэтэктываў да каталіцкіх брашураў супраць абортаў. Выходзяць коміксы як замежных, так і мясцовых аўтараў і мастакоў — каляровыя і чорна-белыя, кампутарныя і аўтарскія. Летась, напрыклад, выйшла кніжка пра паўстаньне ў Варшаўскім гета, дзе кожнай нацыянальнасьці адпавядала пэўная жывёла ці маляванка пра дзейнасьць спэцтрыбуналу АК.

Згадаліся мне тады «Крыніца» ды «Бярозка» пачатку 1990-х, калі я ўпершыню ў жыцьці пабачыў коміксы. Нашыя родныя выданьні прэзэнтавалі маляванкі з фантастычнымі гісторыямі з лазэрам, робатамі ды іншай лухтою, што на той час здавалася вяршыняю заходняй культуры, а мо’ — цывілізацыі. Дарэчы, гэтыя коміксы беларускіх аўтараў былі па-беларуску. Тыя першыя спробы выклікалі фурор сярод грамадзтва — часопісы імгненна раскупляліся ў шапіках. Дапамагалі толькі асабістыя сувязі.

Адрадзіць беларускі комікс спрабавалі «Навінкі». Памятаю, зь якім зацікаўленьнем глядзелі на апошнюю старонку пасажыры гарадзкога транспарту як Баранавіч, гэтак і Менску.

Коміксы й былі створаныя для тых, каму зьбег літар без малюнкаў зацяжкі для чытаньня. Многія мае знаёмыя выказваліся пра шкоднасьць маляванак, асабліва для моладзі. Маўляў, яны прыдуманыя, каб дурыць людзям галаву ды адцягваць іх ад сапраўднага чытва. Магчыма й так, але коміксы купляюць тыя, хто нічога, апроч часопісу «Вот так», ня возьмуць у рукі, ня кажучы ўжо пра Кафку, Гётэ і Сартра.

Нашыя палітыкі, што з павагаю ставяцца да заходніх паліттэхналёгіяў ды ледзь не па падручніках ствараюць свае ўлёткі й абвесткі, забыліся пра самы просты й зразумелы для народу сродак інфармаваньня — маляванкі. Яшчэ падчас вайны 1812 г. расейцы памнажалі лубкі (якія пачалі друкаваць яшчэ стараабрадцы), прапагандуючы сярод насельніцва партызанскую вайну і сваіх герояў. Відаць, нашаму народу тыя малюнкі цяжка было чытаць празь незразумелую мову. Адчуваю, што многія й зараз хочуць сказаць, што ў наш век найноўшых тэхнялёгіяў… Але мне здаецца, невялікую каляровую кніжачку з коміксамі просты чалавек, выцягнуўшы з паштовай скрыні, прачытае хутчэй, чым нейкі шматок паперы з абрыдлымі заклікамі.

Трэба мець гонар сысьці на прыступку ніжэй, каб зразумець надзеі й летуценьні простага люду…

Баранавічы

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0