Суднаверф імя Леніна ў Гданьску тры тыдні таму згадвалася ў заходняй прэсе вельмі часта.

Рэч у тым, што чвэрць стагодзьдзя таму тут адбылася адна з галоўных падзей мінулага стагодзьдзя — падпісана гістарычнае пагадненьне паміж камуністычнымі ўладамі ды прафсаюзам «Салідарнасьць». Падзея, што адбылася ў Гданьску 31 жніўня 2005 г., таксама мае сымбалічнае значэньне. Экс-прэзыдэнт Валэнса, сёньняшні кіраўнік дзяржавы Квасьнеўскі, прэзыдэнт Эўракамісіі Жазэ Мануэль Барозу, прадстаўнік старшынства Вялікабрытаніі ў ЭЗ Джон Прэскат і прэм’ер-міністар Польшчы Марак Бэлька падпісалі Дамову аб стварэньні Эўрапейскага цэнтру «Салідарнасьць». На цырымоніі прысутнічалі прэзыдэнты Грузіі Міхаіл Саакашвілі і Ўкраіны Віктар Юшчанка, а таксама кіраўнікі ўрадаў краін Балтыі, некаторых іншых дзяржаў Эўразьвязу. Піша Віталь Тарас.

Прэзыдэнты й спадчына «Салідарнасьці»

Марак Бэлька, прамаўляючы, казаў, што дарога да свабоды, якая пачалася тут у 1980-м і прывяла да вызваленьня краін Усходняй Эўропы ад камунізму й таталітарызму, «мусіць скончыцца ў Менску». Нямала з тых, хто пачуў гэтыя словы, падумаў, што дарога будзе вельмі доўгая.

Былы прэзыдэнт Чэхіі Вацлаў Гавал расказаў, што ён і ягоныя паплечнікі ў тыя часы сядзелі ў турме, і адзінай крыніцай інфармацыі для іх быў чэхаславацкі афіцыёз «Рудэ права». Але, прачытаўшы маленькую прапагандысцкую нататку ў газэце аб тым, што адбылося ў Гданьску, яны зразумелі — гэта пачатак канца камуністычнай сыстэмы.

Перад тымі, хто прыйшоў на плошчу перад уваходам у гданьскую вэрф №1, паўставала непаўторнае відовішча. Уваходная брама амаль да самага верху заваленая шматлікімі вянкамі зь бела-чырвонымі стужкамі і надпісамі «Салідарнасьць», побач гарэлі прынесеныя вернікамі памінальныя сьвечкі. Проста на плошчы перад уваходам на прадпрыемства адбылася імша, што сабрала тысячы людзей. Чвэрць стагодзьдзя таму людзей было яшчэ болей. А за год перад тым, у 1979-м, падчас першага візыту Яна Паўла ІІ у Польшчу тут, у Гданьску, вернікі ўпершыню пачулі словы: «Ня бойцеся!» Гэта былі словы, якія так трэба было пачуць мільёнам палякаў у 1970-я.

Імша ў Гданьску сёлета праходзіла каля помніка рабочым, расстраляным камуністычнымі ўладамі падчас акцый пратэсту, што пракаціліся па Ўзьбярэжжы ў 1970-м. Гэты помнік у выглядзе трох высокіх крыжоў — амаль адзіная рэч, якую пасьпеў зрабіць незалежны прафсаюз «Салідарнасьць» за пятнаццаць месяцаў свайго легальнага існаваньня пад камуністамі.

Крытыка й крытыкі

Сёлета Гданьск апынуўся ў аблозе. Шматлікія паліцэйскія кардоны перакрылі ўсе ўезды ў горад і вуліцы ў гістарычным цэнтры. Вольных месцаў ні ў адным гатэлі Гданьску не было. Многім журналістам давялося начаваць у суседняй Гдыні. У дзень урачыстай цырымоніі, на якую прыбылі кіраўнікі розных краін, дабірацца да кангрэс-цэнтру «Алавянка» давялося некалькі гадзін. Першы кардон удалося праехаць, на другім высьветлілася, што акрэдытацыя ёсьць ва ўсіх замежных журналістаў і ў польскіх гідаў, але яе няма ў кіроўцы аўтобуса. Далей давялося ісьці пешкі. Усё гэта, аднак, ніколькі не сапсавала агульнага сьвяточнага, прыўзьнятага настрою, у якім жыў у тыя дні старажытны горад.

Праўда, ня ўсе падзялялі сьвяточны настрой. Убачыўшы на вуліцы журналістаў, што кіраваліся на канфэрэнцыю, нейкая бабулька раптам пачала крычаць: «А-а-а! Гэты Валэнса — то злодзей і здраднік! Ён скраў мільярд даляраў. Сам жыве ў раскошы, а нас зрабіў жабракамі!»

Іншыя крытыкі Леха Валэнсы зь ліку былых паплечнікаў карыстаюцца больш карэктнымі словамі. На думку былых вядомых лідэраў «Салідарнасьці» Анджэя Гвязды і Ганны Валентыновіч (менавіта ў знак пратэсту супраць яе звальненьня пачаўся страйк на Гданьскай сточні), Валэнса нібыта ад самага пачатку здрадзіў інтарэсам простых палякаў, інтарэсам рабочых, інтарэсам сапраўднай «Салідарнасьці». Гвязда, Валентыновіч і яшчэ некалькі чалавек не прынялі запрашэньня ўзяць удзел у афіцыйных урачыстасьцях ды правялі ў тыя самыя дні ў Гданьску свае, альтэрнатыўныя сьвяткаваньні.

Былы прэзыдэнт незалежнага прафсаюзу «Салідарнасьць», ляўрэат Нобэлеўскай прэміі Л.Валэнса, які ў дні юбілею зноў апынуўся ў цэнтры ўвагі прэсы, адгукаўся на крытыку неахвотна і ў цэлым незласьліва. «Я ўрэшце вывеў савецкія войскі з Польшчы. Краіна пазбавілася камуністычнага рэжыму. А што яны зрабілі? Якія ў іх заслугі перад краінай?» — рытарычна пытаўся Валэнса падчас прэс-канфэрэнцыі. Заслугі Валэнсы перад Польшчай і перад сьветам на Захадзе здаюцца неаспрэчнымі.

Страйкуюць усе

Адна з журналістак зьвярнула ўвагу на быццам бы відавочны факт, які заставаўся як бы незаўважаным. У варшаўскай канфэрэнцыі «Ад «Салідарнасьці» да свабоды» бралі ўдзел многія вядомыя людзі — Браніслаў Герэмак, Уладзімеж Цімашэвіч, Тадэвуш Мазавецкі, Адам Ротфэльд, Зьбігнеў Бжэзінскі, Мадлен Олбрайт. Сярод іх — былыя прэм’еры і міністры, дарадцы, прафэсары. Але дзе ж тыя, чыімі рукамі й дзеля каго рабілася мірная рэвалюцыя 1980-га, дзе рабочыя, сёньняшнія прафсаюзныя лідэры, пыталася гэтая журналістка. А рабочыя — дакладней, частка зь іх — былі ў момант урачыстасьцяў па той бок брамы. У той час, калі адбываліся сьвяточныя цырымоніі перад уваходам у Гданьскую суднавэрф, за яе брамай працягваўся… страйк. Прафсаюз суднавэрфі патрабуе аддзяленьня Гданьскай вэрфі ад прадпрыемства ў Гдыні.

Але, як зазначыў падчас сустрэчы з журналістамі палітык, чалец Дэмакратычнай партыі, адзін з заснавальнікаў «Салідарнасьці» Ян Літыньскі (яму прыпісваюць аўтарства назвы незалежнага прафсаюзу), гэта абсалютна нармальная рэч. У свой час Гданьская вэрф моцна пацярпела ад скарачэньня колькасьці заказаў на прадукцыю і выкліканага гэтым масавага звальненьня рабочых. Але апошнім часам справы паступова зноў пайшлі ў гару, і прафсаюз гданьскага прадпрыемства, у склад якога ўваходзяць таксама некаторыя партовыя прадпрыемствы ў суседняй Гдыні, вырашыў, што для рабочых будзе выгадней аддзяліцца ад суседзяў. Момант для вырашэньня мясцовых праблем —сьвяткаваньне 25-й гадавіны «Салідарнасьці» — быў выбраны з псыхалягічнага гледзішча ўдала.

Ніхто ў Польшчы не адмаўляе існаваньня сур’ёзных праблем у сацыяльна-эканамічнай сфэры. Беспрацоўе дасягае тут амаль 20 працэнтаў. Але далучэньне да Эўразьвязу прывяло да рэзкага росту экспарту (у два разы), росту ВУП. У Польшчы сёньня адносна нізкая інфляцыя і моцная нацыянальная валюта. Найбольшую ж выгаду ад далучэньня да ЭЗ атрымалі польскія сяляне — 1,5 млрд эўра ў выглядзе датацый.

З ХХ стагодзьдзя ў ХХІ

Вядомы эканаміст Дар’юш Расаці, які прыводзіў на сустрэчы з журналістамі названыя лічбы, зьвярнуў увагу на іншую важную акалічнасьць. Як адзначаюць польскія дасьледчыкі, у такіх краінах, як Грузія, Украіна, Кыргызстан, Беларусь і Расея, паляпшэньне эканамічнай сытуацыі не пацягнула за сабой паляпшэньне сацыяльнага становішча ды сытуацыі з правамі чалавека. Гэта прывяло да палітычнага напружаньня, што стала прычынай «каляровых рэвалюцый» у некаторых краінах. На думку прафэсара Расаці, гэтыя рэвалюцыі сьведчаць, што эканамічная мадэль, заснаваная на захаваньні вялікага ўплыву дзяржавы на эканоміку і захаваньні дзяржаўнай уласнасьці, перастае прывабліваць людзей. Усё больш постсавецкіх дзяржаў схіляюцца да эканамічнай мадэлі краін ЭЗ. Рост цэнаў на паліва, якім карыстаецца Расея, не дае пэрспэктывы далейшага росту эканомікі. Сёньня Расея, на думку Расаці, спрабуе праводзіць у палітыцы курс, які быў бы дарэчы, скажам, на пачатку ХХ ст., а не дваццаць першага. Гэта нэаімпэрыялізм, спробы адрадзіць так званыя сфэры ўплыву напрыклад, у Абхазіі, Прыднястроўі, Беларусі.

Наколькі можна меркаваць на падставе ўсяго, што было сказана падчас сьвяткаваньня ўгодкаў «Салідарнасьці» (а сказана было так шмат, як ніколі раней), у дачыненьні да Беларусі ў польскіх палітыкаў самага рознага кірунку й рангу няма разыходжаньняў. Усе яны ня толькі разумеюць важнасьць усходнеэўрапейскага, у тым ліку беларускага, фактару ў замежнай палітыцы, але і імкнуцца давесьці яго важнасьць да ЭЗ. Для палякаў няма сумненьня, што Беларусь — краіна эўрапейская, і яна мае права далучыцца да Зьвязу.

Скальпэль ці молат?

Як заўважыў у нефармальнай гутарцы з журналістамі адзін з чыноўнікаў МЗС Польшчы, падзеі ва Ўкраіне абверглі міт аб тым, што постсавецкія дзяржавы ня ў стане прыняць стандарты дэмакратыі. Але ў дачыненьні да Беларусі Польшча шмат гадоў вяла палітыку, адрозную ад палітыкі ЭЗ. Варшава да апошняга часу выступала за разнастайныя кантакты на ўсіх узроўнях, у тым ліку на ўзроўні міністэрстваў і ведамстваў, супраць абмежаваньняў перамяшчэньня дзяржаўных чыноўнікаў зь Беларусі, за нефармальныя сустрэчы. Гэтая палітыка, як цяпер прызнаюць у Польшчы, зайшла ў тупік, бо ўспрымалася беларускім бокам як слабасьць. Доказам сталі апошнія падзеі вакол Саюзу палякаў.

На думку прадстаўніка МЗС, палітыка Польшчы ў дачыненьні да Беларусі павінна грунтавацца на наступным. Па-першае, Варшава павінна як мага часьцей уздымаць пытаньне аб сытуацыі ў Беларусі ў ЭЗ, каб пра краіну ведалі як мага больш і ў той самы час успрымалі яе як неад’емны элемэнт эўрапейскай архітэктуры. Трэба таксама зламаць інфармацыйную блякаду вакол Беларусі. Па-другое, важна падтрымліваць тэндэнцыі дэмакратызацыі беларускага грамадзтва. Адначасова патрэбны больш жорсткія санкцыі ў дачыненьні да прадстаўнікоў рэжыму. І па-трэцяе, асноўныя эўрапейскія праекты павінны быць скіраваныя перш за ўсё на мэты мадэрнізацыі краін Усходняй Эўропы.

Улады Беларусі, як падкрэсьліў польскі дыплямат, не зацікаўлены ні ў якіх пазытыўных сыгналах з Брусэлю. У той самы час пасіўная пазыцыя Эўропы можа прывесьці да паўтарэньня ў Менску «андыжанскага сцэнару» — самага горшага з усіх магчымых. Пазытыўным, аднак, зьяўляецца тое, што Расеі больш ня ўдасца рабіць выгляд перад Эўразьвязам, быццам яна ня мае дачыненьня да падзей у Беларусі, запэўніў прадстаўнік замежнапалітычнага ведамства: апошнія падзеі, якія адбываліся амаль сынхронна ў Маскве і ў Менску, сьведчаць аб узгодненасьці палітыкі абедзьвюх сталіц.

Адзін з заснавальнікаў «Салідарнасьці» Богдан Барусевіч падчас сустрэчы ў Гданьску гаварыў на тэму Беларусі яшчэ больш шчыра. Нягледзячы на тое, што Беларусь была і застаецца найважнейшым партнэрам Польшчы, нягледзячы на ўсю важнасьць эканамічных пытаньняў, у тым ліку пытаньня газаправоду або выкарыстаньня партоў, казаў ён, ніхто з польскіх палітыкаў цяпер ня сядзе за стол перамоў з прадстаўнікамі Лукашэнкі, бо гэта было б палітычным самагубствам. Што да магчымых эканамічных санкцый, дык гэта, паводле слоў Барусевіча, вельмі цяжкі інструмэнт. Гэта ня скальпэль, а молат, які б’е без разбору па ўсім насельніцтве краіны. У сувязі з гэтым былы дзеяч «Салідарнасьці» згадаў 1981 г., калі Рэйган у ЗША вырашаў, ці ўводзіць эканамічныя санкцыі супраць Польшчы пасьля абвяшчэньня там ваеннага становішча. Кіраўнікі апазыцыі жорстка спрачаліся паміж сабой, перш чым прыйшлі да згоды — санкцыі патрэбныя. І яны засьведчылі сваю эфэктыўнасьць. Але ўсё-такі, лічыць палітык, рэч ня ў санкцыях. Перамены ў якой хочаш краіне толькі на пятую частку, а можа, і ў меншай ступені залежаць ад замежнага ўзьдзеяньня. Усё астатняе залежыць ад саміх людзей.

Як сказаў у адным з выступаў прафэсар Бжазінскі, «Салідарнасьць» была нечым большым за прафсаюз ці рух. Яна была ня толькі рухам, але й духам.

Варшава—Гданьск—Менск

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0