Вельмі нефармальная цырымонія ўзнагароджаньня адбылася ў Горадні 12 верасьня. Сёлетні выбар ляўрэата быў зьдзейсьнены на падставе статыстыкі. Паводле інтэрнэт-лічыльніка «Акавіта», артыкулы Пётры Рудкоўскага самыя наведваныя з матэрыялаў часопісу, якія выстаўляюцца на інтэрнэт-сайце.

П.Рудкоўскі нарадзіўся ў Канвэлішках, што на мяжы зь Літвой. Ён адвучыўся ў Гарадзенскай каталіцкай сэмінарыі, а цяпер піша магістарскую дысэртацыю ў Ягелёнскім унівэрсытэце ў Кракаве. Яго вылучае шырыня навуковых зацікаўленьняў: філёзаф, тэоляг, грамадазнаўца, ён не ўнікае этычнага вымярэньня бягучых праблемаў. Ягоныя творы кантрастуюць з постмадэрнісцкім рэлятывізмам і прэмадэрнісцкай мэтафізычнасьцю, уласьцівымі беларускай інтэлектуальнай думцы апошніх гадоў.

У апошні гарачы дзень гэтага задоўжанага лета, у майстэрні Зьмітра Іваноўскага ў Горадні ў прысутнасьці гарадзенскіх чытачоў «ARCHE» ляўрэат выступіў зь лекцыяй.

Слова пра сумленьне

«Падпарадкоўвацца сваёй маральнай інтуіцыі, прыслухоўвацца да ўнутранага голасу. Як Сакрат, як Ерамія, як Хрыстос». Прамова Пётры Рудкоўскага на ўручэньні яму прэміі часопісу «ARCHE» «За сумленнае слова».

Калі тыдзень таму Андрэй Дынько напісаў мне аб прысуджэньні прэміі і папрасіў падрыхтаваць прамову для цырымоніі ўзнагароджаньня, я спытаўся ў яго, якога тыпу павінна быць прамова. Андрэй адпісаў: «Істотная». Тады другое маё пытаньне было — а як з часам? Андрэй Дынько зноў адказвае коратка: «Незадоўгая». У той момант я адчуў нешта такое, што можна назваць прыгнётам свабоды, то бо гэтыя дзьве інструкцыі — істотная і незадоўгая — пакідаюць за мной такую вялізную свабоду інтэрпрэтацыяў, што я на момант разгубіўся. Але прыняў мужчынскае рашэньне, што маё выступленьне будзе пятнаццаць хвілінаў, ня лічачы гэтага ўступу. Наконт істотнасьці справа выглядала больш простай. Мне сказалі, што мая прэмія называецца «За сумленнае слова», у такім выпадку мая прамова будзе называцца «Слова пра сумленьне». Такім чынам, пасьля гэтага неістотнага ўступу пачынаю істотную і незадоўгую прамову пра сумленьне.

Але паставіўшы сабе такую задачу, я сутыкнуўся зь яшчэ адным крызісам мысьленьня. Прызнаюся, што ніколі на ўласныя вочы сумленьня ня бачыў, нават праз свае даволі моцныя акуляры. А што можна казаць пра тое, чаго ніколі яе бачыў? Але і з гэтага крызісу я выйшаў пераможцам, бо падумаў сабе так, што калі б не было сумленьня, то не было б сумленнага слова, а калі б не было сумленнага слова, то не было б і прэміі. Прэмія ёсьць, значыць сумленьне таксама ёсьць. Гэта жарт, але кожны жарт мае долю праўды.

Аднак я хацеў бы тут закрануць больш сур’ёзную праблему — паставіць пытаньне наконт таго, як, якім чынам існуе сумленьне. У штодзённым жыцьці мы досыць часта ўжываем прыметнікі «сумленны» альбо «несумленны»: «чалавек Ікс захаваў вернасьць свайму сумленьню», «чалавек Ігрэк, на жаль, здрадзіў свайму сумленьню». Што мы маем на ўвазе, стасуючы вось такія звароты? Якім чынам існуе сумленьне?

Сумленьне зазвычай акрэсьліваем скрозь прызму стасункаў чалавека да вышэйшых каштоўнасьцяў, праз тое, наколькі і як чалавек павязаны з вышэйшымі каштоўнасьцямі. Наколькі наяўнасьць вышэйшых каштоўнасьцяў, адсутнасьць, пасьлядоўнасьць альбо непасьлядоўнасьць у рэалізацыі гэтых каштоўнасьцяў уплывае на якасьць сумленьня. Але тут зьяўляецца яшчэ больш істотная праблема: дзе гэтыя вышэйшыя каштоўнасьці трэба разьмясьціць.

У эўрапейскай культуры, часткай якой зьяўляецца і беларуская, можам спаткаць два адказы на гэтае пытаньне. Першы адказ: вышэйшыя каштоўнасьці трэба разьмясьціць унтуры чалавека. Другі адказ: вышэйшыя каштоўнасьці знаходзяцца па-за альбо нават па-над чалавекам. Напружаньне паміж гэтымі двума адказамі ёсьць канфліктам паміж дзьвюма канцэпцыямі сумленьня, між асобаснай, з аднаго боку, і калектывісцкай канцэпцыямі сумленьня.

Згодна зь першым поглядам важным зьяўляецца тое, што творыцца ўнутры. Таму важна прыслухоўвацца да ўнутранага голасу, падпарадкоўвацца сваёй маральнай інтуіцыі.

Згодна з другой канцэпцыяй мы мусім падпарадкоўвацца голасу большасьці, голасу калектыўнага «звыш-я». Тут можна згадаць фройдаўскую катэгорыю супэр-эга, сыстэму калектыўных нормаў. Паводле другой канцэпцыі, сумленьне атаясамліваецца з супэр-эга. Па-за супэр-эга сумленьня няма.

Згодна зь першай канцэпцыяй важным зьяўляецца, што ты думаеш, што адчуваеш, тое, што ты робіш, што лічыш. Згодна з другою — тое, што робіцца, думаецца, лічыцца. Важна злавіць гэтую розьніцу.

Калі хто знаёмы зь філязофіяй Гайдэгера, лёгка распазнае ягоную катэгорыю неаўтэнтычнага існаваньня. Неаўтэнтычнасьць палягае на тым, што існаваньне падпарадкавана вось гэтым -цца, таму, што робіцца, думаецца.

Прапаную пару прыкладаў з гісторыі: прыклад філёзафа Сакрата, прарока Ераміі, прыклад Ёва і Ісуса Хрыста.

Сакрат гаворыць, што ён унутры сябе чуе пэўны голас, называе яго «даймон», які прымушае яго рабіць тое, пазьбягаць іншага, нават калі астатнія людзі лічаць інакш.

Вельмі падобна разважае Ерамія. У адной з кніг прарока ёсьць такія словы: «І я сказаў Госпаду: ня буду больш Цябе слухацца, адыду ад Цябе, уцяку, бо ад таго, што я верны Табе, мае ўсе непрыемнасьці». І пазьней піша так, што ў гэты момант я адчуў у сабе нейкі агонь, агонь пачаў паліць маё нутро, так што я сказаў — не змагу адысьці. Вось гэта ціск гэтага ўнутранага голасу, гэтага асобаснага сумленьня.

Гісторыя Ёва — літаратурная фікцыя, але вельмі павучальная. Ёў быў крануты вялікім цярпеньнем, а згодна з тагачасным перакананьнем усялякае цярпеньне зьўляецца наступствам нейкага зла, якое чалавек некалі ўчыніў. І да спакутаванага ад велізарных мук Ёва прыходзяць сябры — мудрацы з Эдому — ды пачынаюць яго пераконваць: «Пакайся. Пакайся за тое зло, якое ты ўчыніў». І Ёў на працягу амаль усяе кнігі даводзіць, што ён у сумленьні не адчувае нічога злога. І Госпад Бог пад канец кнігі займае бок менавіта Ёва. Кніга цудоўна паказвае напружаньне паміж калектывісцкай і асобаснай канцэпцыяй сумленьня.

Урэшце, прыклад Ісуса Хрыста. У Дабравесьці Яна Багаслова Хрыстос вельмі часта гаворыць сваім вучням пра напружаньне з гэтым сьветам, гаворыць, што гэты сьвет будзе вас ненавідзець. Па-грэцку сьвет гучыць як «космас». У гэтым выпадку космас трэба разумець як ня што іншае, як упарадкаваную сыстэму калектыўных перакананьняў. «Космас», каторы будзе вас ненавідзець, — гэта ня што іншае, як супэр-эга. Хрыстос, кажучы гэтыя словы, папярэджвае нас пра магчымы канфлікт з калектывісцкай канцэпцыяй сумленьня, з калектывісцкім сумленьнем.

На самым пачатку сваёй публічнай дзейнасьці Хрыстос увайшоў у канфлікт з афіцыйнай юдэйскай ідэалёгіяй, якую рэпрэзэнтавалі фарысэі. Напрыклад, неаднаразова парушаў сьвятую суботу, забараніў каменаваць чужаложніцу, хоць Майсеевы закон абавязваў каменаваць за чужалоства. І што найгоршае — паставіў пад сумнеў выключнасьць яўрэйскага народу. Вось гэты канфлікт з калектыўным вельмі добра бачны. І таксама сваім жыцьцём гэтую асобасную канцэпцыю сумленьня пацьвярджалі першыя хрысьціяне, якія, як вядома, на самым пачатку ўступілі ў канфлікт з афіцыйнай дзяржаўнай ідэалёгіяй Рымскай імпэрыі, перадусім з боскасьцю і непагрэшнасьцю імпэратара. І за гэта часьцяком мусілі плаціць сьмерцю.

Сакрат таксама ўступіў у канфлікт з дзяржаўнай ідэалёгіяй. Галоўны яго абвінаваўца Мэлятос у абвінаваўчым дакумэнце напісаў, што Сакрат не прызнае багоў, каторых прызнае дзяржава, а спавядае нейкія свае духі. Сакрат, Ерамія, Ёў, Хрыстос — гэта несумненна вялікія героі сумленьня, гэта таксама прадстаўнікі асабоваснай канцэпцыі сумленьня. З другога боку стаяць Мэлятос, фарысэі, яўрэйская эліта, эдомскія мудрацы, каторыя рэпрэзэнтуюць калектывісцкую канцэпцыю сумленьня. Першыя ставяць націск на унутраны аўтарытэт, а другія — на вонкавы аўтарытэт: інакш кажучы, чалавек, каб быць паўнавартасным у маральным пляне, павінен падпарадкавацца ўнутранаму голасу згодна з гэтай першай канцэпцыяй, а згодна з другой павінен падпарадкавацца нейкаму вонкаваму аўтарытэту.

Калі вывесьці гэтае разважаньне ў беларускі кантэкст, такім спэцыфічным прыкладам зьнешняга аўтарэтыту зьяўляецца дзяржава. Вядома, ёсьць іншыя суб’екты, якія могуць выконваць функцыю зьнешняга аўтарытэту і ўсталёўваць калектыўнае сумленьне — якая-кольвеч партыя, інтэлектуальнае асяродзьдзе, рэлігійная супольнасьць. Але перш за ўсё трэба зьвярнуць увагу на калектыўны суб’ект, які характарызуецца найвялікшай моцай, найвялікшай сілай, — дзяржаву. Згодна з калектывісцкай этыкай, дзе дзяржава выступае як галоўны зьнешні маральны аўтарытэт, сумленнасьць альбо несумленнасьць вызначаюцца ступеньню ляяльнасьці да дзяржавы і дзяржаўнай ідэалёгіі. Наколькі ты падпарадкоўваесься гэтаму, настолькі ты сумленны, настолькі маральна якасны. У такіх сытуацыях якія-кольвечы дысыдэнты заўсёды утвараюць структуру зла, яны заўсёды здраднікі. Зьвернем увагу, што ў такой сытуацыі ня можа быць проста апазыцыі, а заўсёды толькі «неканструктыўная апазыцыя».

Беларускі аўтарытарызм — гэта ня проста вытворная палітычных прэфэрэнцыяў. За імі стаіць пэўны грамадзкі кансэнсус, абумоўлены менавіта пэўнай этыкай. Якой этыкай, няцяжка здагадацца. Праблема Беларусі ў тым, што дамінуе калектывісцкая канцэпцыя сумленьня, мэнтальнасьць Мэлятоса. Тыя, хто не вызнае багоў, якіх вызнае дзяржава, павінны загінуць. Хай сабе не ў фізычным пляне, а ў палітычным, культурна-грамадзкім. Вакол нас замнога забойцаў Сакрата.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0