Барыс Сачанка ў кніжцы «Беларуская эміграцыя» (Менск, 1991) пісаў: «Эмігранцкія крытыкі імкнуцца сказіць рэальную карціну развіцьця літаратуры і самой савецкай рэчаіснасьці, займаюцца недазволенымі прыёмамі дадумваньня за аўтараў, прачытваюць тое, чаго няма ні ў тэксьце, ні ў падтэксьце, — словам, займаюцца непрыкрытай правакацыяй... Галоўную скрыпку тут іграў і іграе цяпер Антон Адамовіч...»

Сачанка яўна не дагаворваў да канца, чым заслужыў такую суровую ацэнку Адамовіч. За бяскрыўдным прыпісваньнем творам неіснуючых сэнсаў тут ста- іць вялікшы грэх, невыкупляльны ў ваччу барацьбіта за чысьціню савецкай рэчаіснасьці. Чалавек тут замахнуўся на сьвятое — на дух і літару беларускага савецкага літаратуразнаўства. (У сыстэме, дзе ўлада трымаецца на татальным кантролі за публічным, у тым ліку і за акадэмічным жыцьцём, усё цесна зьвязанае: разбуры сёньня пануючы парадак вытлумачэньня літаратурнай рэчаіснасьці — заўтра ланцуговая рэакцыя прывядзе да таго, што будзеш жыць у іншай краіне...) Пры дапамозе ўнікальнай базы крыніцаў (асабліва зь беларускай літаратуры 1910—1920-х гг.), абапіраючыся на «працуючыя» мэтадалёгіі і свой багаты досьвед жывога ўдзельніка беларускага жыцьця, А.Адамовіч пераконліва даводзіў, што гісторыя беларускай літаратуры апошняга стагодзьдзя ў савецкай трактоўцы трымаецца на шырокім спэктры фальсыфікацыяў і наагул не вытрымлівае крытыкі.

Для Адамовіча працэс ператварэньня нацыянальнай літаратуры з каталізатара нацыянальнай сьвядомасьці ў адзін з сымбалічных падмуркаў каляніяльнага панаваньня, які прытупляе нацыянальныя пачуцьці і зьнеахвочвае да свайго, быў асноўнай падзеяй у гісторыі беларускага пісьменства XX ст. Тэхналягічныя аспэкты гэтага працэсу ня зводзіліся толькі да перараджэньня калішніх нацыянальных прарокаў у савецкіх куміраў, усялякіх самаперапісваньняў-самабічаваньняў, нэгатыўнай сэлекцыі літаратурнай моладзі і пашырэньня эстэтыкі сацыялістычнага рэалізму. Яны ўключалі ў сябе замоўчваньні, тэндэнцыйныя трактоўкі, гістарыяграфічныя падтасоўкі, — інакш кажучы, пагружэньне пісьменьнікаў і іх твораў у цень, зь яго тырчэлі толькі асобныя фрагмэнты чагосьці большага.

Дэфармацыя гісторыі літаратуры коштам яе суцэльнай ідэалягізацыі і кантамінацыі журналістыкай і ідэалёгіяй (Рыгор Грабовіч) дыскрэдытавала сам літаратурны матэрыял і абясцэньвала самі дасьледчыя тэмы. Літаратурны працэс звужаўся й цэнзураваўся, на палітычныя, гістарычныя й культурныя падзеі мінуўшчыны накладалася забарона памяці. Адсюль гістарычна страшная помста энтаграфізму і папулізму ў дасьледаваньнях нашай літаратуры.

Цяпер да правакацыйнасьці Адамовіча. Яна палягала ў тым, што ён на высокім прафэсійным узроўні выдаў і пракамэнтаваў творы Ўладзімера Жылкі, Андрэя Мрыя, Лукаша Калюгі, Алеся Гаруна і інш. на 30—40 гадоў раней, як яны былі наноў адкрытыя на бацькаўшчыне (і тым самым прымусіў перавыдаўцоў грунтоўна пачытаць першавыдаўца). Яна вынікала зь несупыннай палемікі Адамовіча зь беларускім савецкім літаратуразнаўствам, якая зь неабходнасьцю выяўляла вузкія месцы апошняга. У савецкія часы там, дзе трэба, Адамовіча ўважліва чыталі. Напрыклад, у першай палове 1960-х чытач закрытых кадэбісцкіх архіваў Максім Лужанін, пазнаёміўшыся з артыкулам «Да пабудовы навуковае гісторыі беларускае літаратуры», у якім на падставе пэўных сьведчаньняў выказвалася думка, што магчымы аўтар хрэстаматыйнай паэмы «Тарас на Парнасе» — Канстанцін Вераніцын, падзяліўся навіной з работнікамі акадэмічнага Інстытуту літаратуры. І ў 1978 г. вышла кніжка Генадзя Кісялёва «Пошукі імя», у якой пад гэтую гіпотэзу падводзілася пэўная фактычная база.

Адамовічавы творы вывучалі і пасьля таго, як яны сталі даступныя ў звычайных бібліятэках. Так яго думкі, часта без пазначэньня аўтарства, зажылі другім жыцьцём.

Да таго ж Адамовіч уздымаў і аналізаваў праблемы, на якія тутэйшая навука не дала здавальняльнага адказу ці якіх наагул імкнулася не заўважаць. Каб адказаць на ключавое для мадэрнай беларускай літаратуры пытаньне, калі і ў якіх гістарычных варунках у ёй адбыўся пераход ад правінцыйнай да нацыянальнай мадэлі быцьця, ён першы даў аналіз існых на Беларусі літаратурных працэсаў: «славяна-кірылаўскага» (X—XIII cт.), «славяна-рускага» (XIV—XVII ст.), польскага «краёвага» (XVII—XIX ст.), расійскага «абласнога» (XIX ст.) і, урэшце, беларускага «нацыянальнага», запачаткаваньне якога зьвязаў з Францішкам Багушэвічам. Гэты аналіз, у прыватнасьці, тлумачыў прычыны палемікі Багушэвіча з Дуніным-Марцінкевічам («ксёнжачкі» якога «як бы сьмеючыся з нашага брата пісаны»). Для апошняга беларуская культура была «нізкай» культурай, а літаратурная творчасьць на беларускай мове — правінцыйнай літаратурай, якая патрабавала заніжанай паэтычнай стылістыкі, для першага ж яна была культурай паўнавартай, аксіялягічна нэўтральнай. Падобны канфлікт ува ўкраінскай літаратуры першай паловы XIX ст. апісаў літаратуразнаўца й філёзаф Дзьмітро Чыжэўскі. Нешматлікая па колькасьці прафэсійных літаратараў і па аб’ёме створаных імі літаратурных твораў літаратура на ўкраінскай мове да 1825 г. пісалася ў травэстыйных жанрах. Новае пакаленьне пісьменьнікаў, захопленае рамантычнай ідэалёгіяй і заклапочанае адраджэньнем нацыі, адчувала адчужэньне да яе. Як сьпярша Тарас Шаўчэнка, так пасьля і Францішак Багушэвіч бачылі ў ёй «насьміханьне» з народу і мовы.

Апрача гэтага, мэтадалягічны ўзровень, закладзены Адамовічам у далёкія 1920-я, для бальшыні яго сучасных калег застаецца непераўзыдзеным. Асабліва эфэктна Адамовіч выглядае на фоне крытыкаў, якія ўжывалі т.зв. народніцкую мэтадалёгію: Вацлава Ластоўскага, Лявона Гмырака, Антона Луцкевіча і г.д. А гэта стварала падставы для насьцярожанасьці.

Нарэшце, як пісьменьнік і «малазначны раманіст» пчолы (Арнольд Макмілін), Сачанка ня мог дараваць Адамовічу «кінжальных» ацэнак беларускай савецкай літаратуры. Нейкай асаблівай безвыходнасьцю яны адзначаліся ў 1950-я гг., калі словазлучэньне «беларуская савецкая літаратура» ў Адамовіча фігуруе з азначэньнямі «мёртвая», «бяздушная» й «безгалосая». (У фармулёўцы Р. Грабовіча, росквіт графаманіі ёсьць наступствам адсутнасьці інстытуцыйных структураў дыфэрэнцыяцыі эстэтычнага адсеву, калі крытыка не адрозьнівае кепскага і добрага; ужо ад сябе дадам, што паваеннае беларускае пісьменства, як правіла, было графаманіяй і як вынятак — літаратурай.)

Але ў чымсьці Сачанка ўсё-такі меў рацыю. Адамовіч сапраўды дадумваў (але ці магчымая літаратурная крытыка без дадумваньня?), праяўляў катэгарычнасьць, быў схільны да ідэалягічных канфрантацыяў, а яго мэтадалёгія, асабліва ў часы захапленьня марксізмам, вызначалася схільнасьцю да «маналітнасьці, эксклюзіўнасьці і гегемоніі» (Р. Грабовіч). Гэта робіць сёньня трошку анахранічнай асноўную працу другой палавіны яго жыцьця — «Супраціў саветызацыі ў беларускай літаратуры (1917—1957)». У ёй быў закладзены пэўны канцэптуальны канфлікт: яна была выдадзеная па-ангельску, але напісаная для беларускага чытача. Гэтая праца прасякнутая гераічным нацыяналістычным патасам, стварае й культывуе культурныя міты, характэрныя для маладых нацыяў, літаратурны працэс у якіх да пэўнага моманту застаецца адзінай праявай інтэлектуальнага ці нават нацыянальнага жыцьця.

Завяршае «Супраціў...» інтэлектуальна бедная выснова, што беларускія пісьменьнікі былі асноўнымі носьбітамі нацыянальнай сьвядомасьці, а спыненьне іх барацьбы з савецкай уладай нанесла ўдар нацыянальнаму руху. Сваім ідэйным зьместам праца істотна адрозьнівалася ад сучасных ёй дасьледаваньняў заходніх літаратуразнаўцаў і таму ня выклікала сур’ёзнага зацікаўленьня зь іх боку. Ёй таксама ўласьціва мэтадалягічная праблематычнасьць — яна заснавана на ацэнках літаратурнай творчасьці, зробленых Лукашом Бэндэ, Айзікам Кучарам, Арэстам Канакоціным і іншымі вульгарнымі сацыялягізатарамі, што фактычна раўназначна зь іх пасіўным прыняцьцем.

У Сачанкавым выказваньні, аднак, нічога не гаворыцца пра больш сур’ёзны прабел, уласьцівы Адамовічавым літаратурным студыям. Па сутнасьці, усе яны прысьвечаны беларускай літаратуры канца XIX—XX ст. Адзінкавыя выняткі, напрыклад артыкул «Па дарозе да Эўропы», дзе ў тэлеграфным стылі даецца агляд беларускай літаратуры XIII—XIX ст., у рахубу не ідуць. Факт гэты просіць свайго тлумачэньня.

Дзіцё ўнівэрсытэту, узброенае перадавой марксісцкай мэтадалёгіяй

Фэномэн Антона Адамовіча непарыўна зьвязаны з раньняй гісторыяй Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. Унівэрсытэт і тыя прыступкі, якія ён прайшоў на шляху да яго, і зрабілі з гэтага таленавітага студэнта-менчука (Мікола Ўлашчык) літаратурнага крытыка.

Заснаваньне БДУ дало моцны імпульс нацыянальнаму руху. Маладыя і паджылыя пісьмень-нікі і палітыкі лічылі справай гонару атрымаць унівэрсытэцкую адукацыю.

Праўда, менская вышэйшая адукацыя не ішла ў параўнаньне з маскоўскай ці ленінградзкай, што адразу зразумела студэнцкая моладзь. Уладзімер Дубоўка вучыўся ў Маскве, Язэп Пушча зь Міколам Улашчыкам давучваліся ў Ленінградзе (апошняму належыць назіраньне, што БДУ другой паловы 1920-х нагадваў правінцыйны пэдінстытут). Навучаньне і навуковыя дасьледаваньні ў БДУ таго часу скоўваліся, з аднаго боку, гэтай правінцыйнасьцю, а з другога — характарам камуністычнай культурнай рэвалюцыі, якая й вынесла яго на паверхню жыцьця. Для дасьледніка літаратуры гэта азначала падвойную несвабоду: па-першае, у выбары аб’екта дасьледаваньня, па-другое, у мэтадалёгіі, г.зн. беларускую літаратуру адсталых грамадзкіх фармацыяў (ад пачаткаў і да другой палавіны XIX ст.) дасьледаваць было непажадана зусім, а пачынаючы з эпохі зараджэньня і перамогі пралетарскага руху належала разглядаць з пазыцыяў марксізму-ленінізму.

Адамовіч, як і яго старэйшыя таварышы, тонка адчуваў гэтыя нябачныя рамкі і стараўся па магчымасьці за іх не выходзіць. Яго дасьледаваньні мелі «правільны» прадмет (толькі найноўшая літаратура) і адзіна правільную мэтадалёгію. Гэта, праўда, ня значыць, што Адамовіч зусім не дазваляў сабе вольнасьцяў. Пры канцы 1920-х яшчэ можна было цытаваць радкі Гарэцкага пра «камісарскае злачынства і няўмельства» і чыніць пурыстычныя экспэрымэнты з мовай. Наагул распрацоўка тэмы «Межы дазволенага ў гуманістыцы БССР канца 19—20-х» магла б стварыць асобны інтэлектуальны сюжэт, але для гэтага патрэбны талент сацыёляга.

У гэты час Адамовіч яшчэ, напэўна, і ня думаў пра разрыў з марксізмам і адыход на пазыцыі крытыка сымбалічных асноваў каляніяльнага панаваньня. (Характэрна, што Сачанка бэсьціць толькі позьняга, эміграцыйнага Адамовіча, раньняга ж, бээсэсэраўскага, ён хваліць.) Арышт 25 ліпеня 1930 г. ува ўзросьце 21 году і пасьлейшыя блуканьні па пакутах змусілі знайсьці ў сабе новыя таленты.

Інфарматар савецкіх спэцслужбаў

Верны самому сабе, за пару гадзін да арышту Адамовіч абмяркоўваў з Адамам Бабарэкам ідэю новага артыкулу, гэтым разам аб творчасьці Максіма Лужаніна. Аднак найбольшы Адамовічаў твор часу зьняволеньняў і высылкі пра іншае. Гэта — інфармацыйна насычаная расейскамоўная аўтабіяграфія, напісаная ў 1935 г. адмыслова для «органаў» і не прызначаная для друку. Яна дазваляе глыбей зазірнуць ува ўнутраны сьвет дваццацішасьцігадовага ссыльнага.

Аўтабіяграфія паказвала, што яе аўтар раскаяўся ў сваіх памылках і ўхілах, перавыхаваўся, засвоіў правільны лад мысьленьня і не ўяўляе небясьпекі савецкай сыстэме. Каб засьведчыць сваё ідэйнае перараджэньне, Адамовіч выкарыстоўваў моўныя знаходкі тагачаснай савецкай прапаганды, ацэньваў творчасьць зьняволеных пісьменьнікаў у пралетарскім духу, доўга ды пакутліва каяўся (часам не без іроніі — «мы ўсе, насьлядуючы парадам Пушчы яго сабаку, насьцярожана ставіліся да ўсяго расейскага»).

У той час пажадана было рабіць даносы, і Адамовіч іх рабіў. Упершыню ён данёс на свайго калегу на высылцы, былога студэнта пэдагагічнага факультэту БДУ, Зьмітра Дунька начальніку раённага аддзяленьня НКУС у 1934 г. У аўтабіяграфіі ёсьць зьвесткі, якія маглі паламаць лёс Паўлу Тараймовічу, жонцы Ф. Купцэвіча і асабліва Кандрату Сяледчыку, даносам на якога тэкст завяршаецца (той, маўляў, параўноўваў палітыку савецкай улады з каляніяльнай палітыкай Мікалая І).

Тое, што гэтыя паводзіны амаральныя і заслугоўваюць самай суровай ацэнкі, ясна кожнаму сьвядомаму чалавеку. Значна цікавей, аднак, паразважаць, што падштурхнула Адамовіча да гэтага падзеньня.

У субкультуры беларускай савецкай інтэлігенцыі 1930— 1940-х г. данос успрымаўся як натуральны атрыбут жыцьця. Паўліна Мядзёлка даносіла на Янку Купалу, Алесь Дудар — на Міхася Зарэцкага, Язэп Лёсік падчас сьледзтва аб «Саюзе вызваленьня Беларусі» каго толькі не абгаворваў. Верагодна, нечы данос зламаў жыцьцё й самому Антону Адамовічу. Мікола Ўлашчык у 1944 г. жыў разам з супрацоўнікамі Беларускай акадэміі навук у маскоўскай гасьцініцы «Якар», пастаянна баючыся даносу: «Я ведаў, што сустракацца зь мянчанамі ня трэба, самае лепшае, каб ніхто ня ведаў, што я ў Маскве, іначай хто-небудзь скажа каму-небудзь і г.д.». Тое ж самае іншымі словамі падкрэсьліваў Адамовіч у «Аўтабіяграфіі»: «Побач з гэтым настроем невінаватасьці вельмі характэрны й настрой боязі адзін аднаго, боязі правакацыі і даносу».

Ня чым іншым, як публічным даносам, нельга назваць і калектыўныя звароты беларускіх пісьменьнікаў з патрабаваньнямі суровага пакараньня сваім зьняволеным калегам. Ужо ў лістападзе 1930 г. засталыя на волі сябры «Ўзвышша» (Кандрат Крапіва, Максім Лужанін, Пятро Глебка і г.д.), каб адхрысьціцца ад сваіх зьняволеных калегаў (Адама Бабарэкі, Уладзімера Дубоўкі, Антона Адамовіча і інш.), ухвалілі такі публічны данос. Пры канцы 1930-х свае подпісы пад падобнымі дакумэнтамі давядзецца ставіць і Коласу з Купалам.

Такім чынам, мы маем справу з калектыўнай паталёгіяй у асяродзьдзі нацыянальнай эліты, для якой шырока зразуметы данос стаў спосабам барацьбы за існаваньне.

Гэтую «субкультурную» матывацыю можна назваць суб’ектыўнай. Існавала яшчэ і аб’ектыўная матывацыя, якую ўдала сфармуляваў ізноў-такі Адамовіч у «Аўтабіяграфіі»: «Прычыны... ува ўстаноўцы, што разглядае нас усіх як ворагаў грамадзтва. Усякі данос можа дзеяць толькі тады, калі той, на каго даносяць, ужо і падазраваны, і вывучаны з пункту гледжаньня гэтай устаноўкі, і, такім чынам, данос можа толькі аформіць або фарсаваць паводзіны таго, неабходнасьць чаго ўжо вядомая і без даносу».

Тым самым да ранейшай высновы аб даносе як спосабе барацьбы за існаваньне трэба дадаць істотнае ўдакладненьне: ...у варунках таталітарнай дзяржавы, якая плянамерна ўжывае тэрор супраць сваіх грамадзянаў для дасягненьня бягучых палітычных мэтаў. Нацыянальна арыентаванаму інтэлектуалу ў такой сытуацыі застаецца або прыняць правілы гульні, створаныя сыстэмай, або фізычна згінуць.

І апошняе тут. Хаця дакладна невядома, хто ці што паспрыяла вызваленьню Адамовіча зь менскай турмы НКУС у 1938 г., але гэта было б немагчыма без найжвавейшага ўдзелу самога вязьня, яго вострага інтэлекту і крайняга апартунізму. Гэтая якасьць будзе напоўніцу запатрабаваная і пры чарговым крутым віражы Адамовічавага лёсу.

Ідэоляг беларускай калябарацыі

Для менскай інтэлігенцыі замена ў 1941 г. аднаго таталітарнага рэжыму другім, мала менш жорсткім, прывяла да зьменаў у герархіі сымбаляў і нарацыяў, але не манеры мысьленьня. У такіх абставінах Адамовічава здольнасьць да інтэлектуальнай мімікрыі прыдалася як найлепей і вывела яго на пазыцыю ідэоляга беларускай калябарацыі. (Да свайго ад’езду ў 1943 г. у Бэрлін ён быў фактычным рэдактарам тагачаснага менскага афіцыёзу — «Менскай (Беларускай) газэты».)

Пра ідэі, погляды, рыторыку і г.д. тагачаснага Адамовіча найлепш дае ўяўленьне яго тагачасная публіцыстыка. Зь яе ў гэтае выданьне ўвайшло колькі тэкстаў. Нягледзячы на вялізныя часам купюры, яны перадаюць дух свайго часу.

І савецкі, і нямецкі (да 1945 г.) этапы творчасьці не былі асабліва прадукцыйныя для Адамовіча. Творы гэтага часу займаюць другараднае месца ў згаданым выданьні. Куды больш плённым быў уласна эміграцыйны пэрыяд, на які і прыпадае росквіт яго крытычнага таленту. Гэта выявілася найперш у галіне якасьці, г.зн. у набліжэньні да заходняга стандарту літаратуразнаўчага дасьледаваньня. (Хаця ранейшай абмежаванасьці што да аб’екту дасьледаваньня так і не ўдалося пераадолець.) Акурат гэты, найбольш несавецкі даробак, быў такім правакацыйным для Сачанкі. Як тут не сказаць пра дабратворны ўплыў лібэральнай дэмакратыі на дасьледаваньні беларускай літаратуры!

Першы Адамовіч

Адамовіч Антон. — Да гісторыі беларускай літаратуры. — Менск, 2005.

У выданьні ў храналягічным парадку зьмешчана пераважная бальшыня матэрыялаў, якія можна аднесьці да літаратуразнаўчай спадчыны Антона Адамовіча. Зьмешчаны тут артыкул В.Булгакава — гэта прадмова да выданьня.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0