Фільм Галіны Адамовіч «Божа мой» атрымаў прыз на фэстывалі ў Карлавых Варах.

З кінарэжысэркай гутарыць Андрэй Расінскі.

«НН»: У ліпені Вы атрымалі прыз у Карлавых Варах за карціну «Божа мой». Што гэта за фэст?

Галіна Адамовіч: Гэта прадстаўнічы фэст з удзелам вядомых рэжысэраў. Жывая трансьляцыя на ўсю Чэхію, прэзыдэнт краіны — і тое, што гучаць на закрыцьці словы «краіна Беларусь», вельмі важна.

«НН»: Гераіня карціны «Божа мой» — скульптарка, якая робіць надмагільныя помнікі. Наколькі сумяшчальныя хрысьціянства й кіно?

ГА: Няма супярэчнасьці паміж рэлігіяй і кіно. Мая гераіня верыць. Я ведаю людзей, якія ў 70 гадоў пачынаюць піць — ад пустэчы, ад бессэнсоўнасьці, ад таго, што ня так пражыў, ня з той жанчынай, ня там працаваў. У яе старасьць прыгожая. І гэта пры тым, што ў яе ня самы пасьпяховы ў сацыяльных адносінах сын. Але паглядзіце, як яна прыгожа, цярпліва гэта пражывае.

«НН»: У савецкія часы лічылася, што дакумэнтальныя карціны — гэта ідэалягічная зброя. Як Вы гэтай пасткі пазьбягаеце?

ГА: Мы самі пішам для сябе сцэнары. Тэлебачаньне сапраўды здымае велізарную колькасьць дакумэнтальных фільмаў, якія ні да кіно, ні да дакумэнталізму ня маюць дачыненьня. Пракат згубіўся, ніхто нашых фільмаў ня бачыць. Як балет дзесьці там ці камэрная музыка — сто чалавек ходзяць на тыя канцэрты. Таму ніхто надта ня ўмешваецца. Могуць сказаць аб прыняцьці карціны: «Народу такое кіно ня трэба»… Ехала я ў Малдову на фэстываль праз Жлобін — пачуцьцё смурное: лавачкі памянялі ў цэнтры гораду, ліхтарыкі памянялі — людзей памяняць забылі. Ходзіць агрэсіўная моладзь, апранутая ў танную кітайскую вопратку, з чыпсамі, зь півам, шпурляе сьмецьце там, дзе сядзіць. Спорт — добра, хакей — выдатна, але ёсьць яшчэ больш важныя рэчы, больш глыбокія. Народ… Я таксама народ, мой апэратар — народ. Мы ж ня з Марсу прыляцелі. Мы ўсе нарадзіліся тут, жывём тут… Калі маёй здымачнай групе падабаецца тое, што мы робім, чаму гэта не павінна падабацца камусьці яшчэ? Важна зрабіць бачным нябачнае жыцьцё людзей.

«НН»: Як гэта?

ГА: На фільме «Божа мой» апэратарам была Тацяна Логінава і быў асыстэнт апэратара. Ён адказваў за камэру і, калі Логінава адварочвалася, націскаў на кнопку і штосьці там падздымаў. Выйшла дванаццаць гадзін матэрыялу, і я ня памятала, дзе чыё. Але калі пачала расьпісваць матэрыял, кажу сабе: «Што гэта? Гэта ж ня Логінава здымала». Здаецца, карцінка як карцінка, усё ў фокусе. Але вось пусты кадар — вось ён не запоўнены ані думкай, ані пачуцьцём — як застаўка на беларускім тэлебачаньні. Як гэта фіксуецца? Як душа апэратара, які разумее, што ён робіць, якую гісторыю апавядае, — як яна перадаецца і стужцы таксама, як гэты плян робіцца непустым?

«НН»: Вашы карціны практычна нягледжаныя. Аўдыторыя іх мізэрная. І як паводзіць сябе чалавеку ў сытуацыі такога маўчаньня?

ГА: Трэба сеяць, паліваць: вырасьце, ня вырасьце пасьля нас — гэта ўжо ня наша пытаньне. Мы апрацоўваем сваю дзялянку… Я жыву побач зь філярмоніяй, часта бываю на канцэртах. І я бачу: гадамі адны й тыя ж людзі. Калі прыбраць знаёмых музыкі, сваякоў кампазытара, то заля будзе практычна пустая. Хаця ў нас двухмільённы горад. Што рабіць? Ды нічога — працягваць працаваць і жыць. У маёй сытуацыі гэта яшчэ прасьцей, бо кіно — гэта кансэрва. І за дзесяць гадоў мая карціна «Божа мой» не састарэе.

«НН»: Калі ж зьменіцца наш народ?

ГА: Гэта праца не аднаго пакаленьня.

ГАЛІНА АДАМОВІЧ — рэжысэрка-дакумэнталістка. Нарадзілася ў 1969. У 1994 скончыла Акадэмію мастацтваў (майстар Віктар Дашук). Аўтарка фільмаў: «Палюбі мяне чорненькім» (1994), «Фаўст Арлена» (1997), «Геній месца» (2002), «Божа мой» (2004) — прыз на каталіцкім кінафэстывалі «Магніфікат», прыз у Карлавых Варах.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0