Пазнаць iх проста. З мапамi ў руках, з усьмешкамi з усiх кантынэнтаў госьцi фэстывалю вылучаюцца на фоне панурых берасьцейцаў. Яны прывезьлi з сабою сьвята й весяляцца. скрозь: у тэатрах, тралейбусах, барах, а некаторыя нават — паводле старой цэнтральнаафрыканскай завядзёнкі — на траве за помнiкам Ленiну. Ня рушце iх, калi ласка! … Мiмы, клоўны, акторы ў масках i бяз масак з Львова й Кызылу, Анталii й Равэнсбургу, Лос-Анджэлесу й Маладэчна, варушыце Берасьце! Гэта я i вам, тувiнскi госьць: падмiргнi дзьвюм задуменным кабетам, што стаяць за мною ў чарзе…

Квiткi дарагiя: ад 8 да 20 тысячаў. Але знайсьцi iх цяжка. Распаўсюднiкi паразьбiралi ўсё па школах, i ў касах нiчога няма.

«Забава» Мрожка

Іду на «Забаву» паводле Славаміра Мрожка ў пастаноўцы будапэшцкага тэатру «Барка». На ўваходзе вiтаюць два мiмы ў фраках з пафарбаванымi ў белае тварамi. Лёгкiмi рухамi яны малююць у паветры сэрцы i пасылаюць iх разам з пацалункамi дзяўчатам у чаргу, рукаюцца зь дзецьмi…

Каля сцэны сустракаю апэратара Мiколу з тэлеканалу «Лад». Пытаюся, што болей за ўсё ўразiла яго з папярэднiх фэстываляў. Мiкола называе «Калiгулу» Горкаўскага тэатру зь Менску i «Наталку-Палтаўку» з Луцку. «У «Калiгулу» i iмпэратар , i ўсе ягоныя служкi былi байкерамi. Эфэктна! Зусiм iншыя эфэкты ў «Наталцы-Палтаўцы» — казакi, вышыванкi i сьпевы, сьпевы, сьпевы.

Побач мяне сядзiць малады выкладчык ангельскай мовы з унiвэрсытэту. З папярэднiх фэстываляў ён прыгадвае «Эдыт Пiяф» Рамана Вiкцюка, якая адкрывала пазалеташнюю «Белую Вежу», голас Веранiкi Плотнiкавай, падобны да голасу самой сьпявачкi. «Берасьцейцы былi настолькi ўзрушаныя, што ішлi на сцэну i дарылi, у каго што было — кветкi, шакалядкi, духi». Сёлета сп.Яўген пабываў на «Рамэо i Джульеце» кiшынёўскага тэатру «Лучафэрул» (у 2002 годзе яны ўзялi «Гран-пры»), але нi Джульеты, нi Рамэо там не было. Толькi мацi Джульеты, лэдзi Капулецьцi, змагалася з сваімi комплексамi i адпомсьцiла лёсу праз сваю дачку.

Нарэшце, Мрожак.

Тры хлопцы выбiраюцца на баль. Яны чулi, што там будзе весела. Але заля для сьвятаў пустая i цёмная. Хлопцы пачынаюць разважаць, чаму iм нявесела. Ад каго гэта залежыць? Мо ад iх самiх? Мо весела там, дзе iх няма? Урэшце, адзiн зь iх, каб разьвесялiць сяброў, хоча павесiцца. Гэта ягоны жарт. І дзецям у залi сапраўды сьмешна, — iх весяляць цыркавыя фокусы на сцэне ды недарэчны пераклад з вугорскай мовы. Няёмка, што большасьць гледачоў зусім дарослага Мрожка — дзецi.

Берасьцейцы

Мая аднакурсьнiца Галя прыгадвае першую «Белую Вежу», калi яна была не нашмат старэйшая за гэтых школьнікаў. «Першы спэктакль быў пра Рагнеду i Ўладзiмера па Дудараву, i ён абурыў усiх лiцэiстаў. Бо Ўладзiмер у iм выйшаў нiбы герой». Тады, напачатку, выбар быў невялiкi — у 1996-м усяго пяць тэатраў прыехала». Сёлета ў Берасьце зьехалася ўжо 40 тэатраў.

Ня ўсе папулярныя. Некаторыя зусiм маладыя, як львоўскi тэатар «Уваскрэсеньне» цi створаны ў 2002-м тэатар лялек «Патудань» зь Пецярбургу… Але ўсе — зь нетрадыцыйнымі пастаноўкамі. Гэта прынцып «Белай Вежы».

Алене пашанцавала. Яе хлопец працуе сьвятлаапэратарам, i яна зь ягонага кабiнэту пабачыла ўжо восем спэктакляў, на дурнiцу. «Яшчэ ў старэйшых клясах, — кажа яна, — мы не прапускалi ніводнай пастаноўкi. Дзе яшчэ ў Берасьцi пачуеш ужывую замежныя мовы?»

Берасьцейцы iдуць, каб пачуць мовы і адчуць сьвята, i зьдзiўлена адкрываюць новае аблiчча свайго гораду. «Я ня ведаў, што ў нас так шмат дыяспараў, — кажа студэнт Андрэй. — Украiнцы, габрэi, армяне — усе iдуць на спэктаклi з сваіх радзiмаў. Пачынаеш разумець, з чаго сплеценае Берасьце».

Больш за ўсё людзей па лiшнi квiток прыйшло на «Сны вар’ята» камэрунскага тэатру. Мо таксама роднасьць душаў. Але афрыканскiя госьцi да нас так i не даехалi, i спэктакль адмянiлi.

«Месяцавая пачвара»

На «Месяцавую пачвару» сходзяцца армяне. Загаворваю зь дзяўчынай зь вялiзнымi вачыма. Яе завуць Лусынэ. Яна ўжо ведае, пра што спэктакль: пра генацыд армянаў. Галоўны герой — хлопец, якi адзiны з усёй сям’i ўратаваўся. Перапытваю, цi яны разумеюць маю беларускую мову. «Так i трэба, — запэўнiвае Лусынэ. — Вельмi прыемна чуць беларускую мову».

На «Пачвары» людзі плачуць да апошняй сцэны. Галоўны герой, выратаваўшыся i патрапiўшы ў ЗША, падчас прыступу выразае на старым здымку сваёй вялiкай сям’i твары сваіх родных. У яго перад вачыма ўсё яшчэ стаiць карцiна расправы туркаў: яны адрэзалi ўсiм дарослым галовы i павесiлi iх на вяроўцы для бялiзны. Цяпер, каб вярнуцца да чалавечага шчасьця, герой мусiць запоўнiць прагалы на здымку новымi абліччамi.

Сярэднявечча

Начамі на вулiцах Берасьця валадарыў Дыянiс. У першую ж ноч на Плошчы пачынаецца агнявая фэерыя львоўскага тэатру «Ўваскрэсеньне». Пад сымфанiчную музыку восем герояў на хадулях шчыруюць над агнём. Пакланеньне духу жыцьця, радасьцi, забароненага, чалавечага.

Адчуваеш сябе, нiбы ў Сярэднявеччы на iмпрэзе вулiчнага тэатру. Усё раптам пачынае рухацца. Падчас выступу грэкаў даходзiць да мiстыкi: зьяўляюцца свае бажавольцы. Нейкая жанчынка каля мяне пачынае надрыўна крычаць «Сатана», паказваючы на атэнскага акрабата на хадулях. Яе хутка адштурхоўваюць. На сцэне грае музыка. Жанглёры, фаервэрк, хадулi, агонь, зорнае неба…

Сьвята скончылася, а пераможцаў няма. Сёлета запрошаныя ўсе пераможцы папярэднiх дзевяцi фэстываляў, таму конкурсу не было. Зьехаліся найлепшыя.

Пасьля апошняга спэктаклю пачынаецца залева. Мы чакаем на маршрутку пад дашком тэатру. Побач праходзiць хлопец з знаёмым аблiччам. Грацыёзнымi рухамi ён малюе ў паветры сэрца i кiдае яго нам. Гэта мiм з Атэнаў…

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0