Ці моцна зьмянілася жыцьцё вёскі з пракаветных часоў? Нават з прыходам цывілізацыі ў выглядзе кампутараў, мабільнікаў, аўтамабіляў вяскоўцы не згаджаюцца мяняць свой звыклы лад жыцьця. І традыцыйнымі заняткамі застаюцца вядомыя з падручнікаў земляробства, жывёлагадоўля, паляваньне й зьбіральніцтва. Толькі ў ХХІ ст. яны набылі свае асаблівасьці.

Старажылы калгасу ў адзін голас кажуць, што за іхняй памяцьцю яшчэ ніколі ня жалі настолькі зялёны ячмень. Не было такіх ураджаяў ні да вайны, ні пасьля яе, ні ў часы перабудовы. На мясцовым тэлебачаньні адкрыта прызнаюць, што сёлетняга ўраджаю раёну ня хопіць, а збажыну давядзецца дакупляць у іншых раёнаў. Вось такая яна, статыстыка рэкорднага жніва-2005.

У барысаўскіх СМІ зьявілася інфармацыя, што найболей чыстымі ад радыяцыі зонамі для зьбіраньня ягад у раёне зьяўляюцца Малое Стахава і Кастрыца. Таму зусім не зьдзівіўся, калі на Старым рынку нейкая маладзіца на пытаньне сталай гараджанкі «Адкуль чарніцы?» упэўнена адрапартавала: «З Кастрыцы!» «Вы там жывяце?», — не здавалася пакупніца. «Так!» — «А Галю К. ведаеце?» Але і на гэтае пытаньне кемлівая паненка знайшла адказ: «Мы нядаўна там пасяліліся». Прадпрымальніца, што казаць.

З грыбамі яшчэ большы экстрым. У Барысаве лёгка трапіць пад кулю. Найлепшыя грыбы ў нашым вайсковым гарадку растуць на палігоне. Але хіба такая дробязь адштурхне месьцічаў ад улюбёнага занятку? Таму не аднаму барысаўцу даводзілася па некалькі гадзін ляжаць пад агнём. Зусім як на вайне.

Яблыкам у кастрыцкім калгасным садзе нават не даюць пасьпець. Вартаўніка каторы год няма. Усё адно марна. Прадпрымальныя вяскоўцы ноч ня спяць, каб накалаціць яблыкаў ды здаць на віна-гарэлачны завод. Ды толькі сэнсу, калі большая частка грошай пойдзе акурат на прадукцыю, згатаваную з тых яблык.

Адпачываць таксама трэба ўмець прыгожа. Сьвята замяніў сабой «празьнік». Празьнік запаланіў людзкую сьвядомасьць. Што празнаваць, няважна — ці Дзень узяцьця Бастыліі, ці Яблычны Спас, ці Новы год па ўсходнім календары. Была б нагода.

На сьцяне барысаўскага хлебазаводу заўважаю наступны шэдэўр: «Барысаву — 903». Круглая дата. А колькі ж яшчэ нагод для «празьнікаў» прапускаюць месьцічы. Напрыклад, 428 гадоў, як Барысаву нададзена Магдэбурскае права. Ці 213, як Барысаў атрымаў герб.

Нішто так не супакойвае нэрвы чалавека, як добрая рыбалка. Аднак і тут апошнім часам сталі рабіцца невытлумачальныя рэчы, асабліва ў начны час. Не адзін рыбак скардзіўся на нейкія пякельныя енкі, гукі, якія не тлумачыліся простым розумам. Рыбакі зрываліся са сваіх месцаў і беглі дахаты. Аказалася, што гэта ня чэрці граюць сваё вясельле, а ўсяго толькі бабры, што будуюць плаціны.

Зьявілася багата лісіц, у лесе іх разьвялося як сабак. Не хапае ні раздольля, ні ежы. Вось і шалеюць. Кожны паляўнічы на пытаньне: «Каго-небудзь падстрэліў?» — паблажліва махае рукой — адно лісіцы.

Пчолы — гэта мёд, а таксама добры здабытак для іх гаспадара. У вёсках ня так ужо шмат бортнікаў. Затое яны ўсе ў пашане. Не шануюць пчаляроў хіба што тыя гаспадары, гароды якіх знаходзяцца ля пасек. Без пчаліных укусаў не абысьціся. Вось і пужаюць пчаляроў, што абліюць кветкі якой атрутай, калі не перастануць джаліць. Але ці ж пчолам укажаш?

Кастрыца (Барысаўшчына)

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0