Пашырэньне беларускай мовы ў міжнародным этэры спрыяе дэмакратызацыі Беларусі

Заява Сакратарыяту ТБМ

Сёлета Эўразьвяз урэшце зьвярнуў увагу на праблему ўціску недзяржаўных СМІ ў Беларусі й абвясьціў шэраг тэндэраў па арганізацыі дадатковага вяшчаньня на Беларусь. У ліпені было паведамлена аб намерах Эўракамісіі падтрымаць вяшчаньне на Беларусь радыёстанцыі «Нямецкая хваля», але толькі на расейскай мове. Беспрэцэдэнтнае рашэньне аб вяшчаньні на мове суседняй дзяржавы выклікала абурэньне тысяч грамадзян Беларусі, дзясяткаў недзяржаўных арганізацый, беларускай дыяспары.

Грамадзкае аб’яднаньне «Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны» выказвае рашучую нязгоду з намерамі весьці вяшчаньне на беларускую аўдыторыю па-расейску. Пачынаючы з XIX ст., палітыку русіфікацыі на тэрыторыі нашай краіны пасьлядоўна праводзілі ўлады Расейскай імпэрыі і камуністычныя ўлады СССР. Цяпер эстафэту па русіфікацыі беларусаў прымае на сябе дэмакратычная Эўропа...

ТБМ адзначае, што беларуская мова, на якой быў напісаны (...) Статут ВКЛ, доўгі час была мовай міжнародных зносін. Згодна з Канстытуцыяй 1994 г., менавіта беларуская мова была прызнана адзінай дзяржаўнай у нашай краіне. (...) Таму беларуская мова была і ёсьць мовай дэмакратыі ў нашай краіне. Жаданьне Эўракамісіі аддаць перавагу расейскай мове будзе ўспрымацца беларускім народам як адступленьне ад дэмакратычных нормаў, гульню па чужых правілах і сапраўднай дэмакратыі ў Беларусь не прынясе.

(Скарочана.)

Прынята на пасяджэньні Сакратарыяту ГА «ТБМ імя Ф.Скарыны»

21 верасьня 2005 г.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0