Нарада! да! «Дажынак»

Учора на аўтобусным прыпынку

Чуў пагалоску, быццам за «Дажынкі»

Пяць гарадоў спрачаліся,

Ды як ні намагаліся,

А перамог саўгас «Пустыя Крынкі».

Вёў рэй на сходзе кіраўнік мясцовы —

Былы, дарэчы, прапаршчык вайсковы, —

Ня лез па слова ў кішэнь,

Даваў, як трэба, у каршэнь.

Вось у скароце тэкст яго прамовы:

«Апошнія гады жылі мы млява.

Цяпер пра нас паўсюдна пойдзе слава!

Глядзіце, каб трымаліся!

Свайго мы дачакаліся —

Нарэшце і да нас дайшла халява!

Вядома, пойдуць грошы і направа.

Налева трэба больш? Якая ж справа!

Жывём ня толькі з жынкамі —

Пажнём сваё «Дажынкамі».

Не абяднее родная дзяржава.

Ня сьпіце ў шапку, загінайце пальцы:

Хоць трэсьніце, але зрабіце, мальцы!

Няўбраныя бульбоўнікі,

Спусьцелыя кароўнікі

Кроў з носу, быць павінныя ў асфальце!

І яблыкі разьвесіць трэба ў садзе:

Хай возіць аграном на ўласнай «Ладзе»,

Ды не свае зялёныя —

Чырвоныя! Куплёныя!

Ня зробіць — ён за сад надоўга сядзе!

Цяпер да старшыні «спажыўсаюзу:

Глядзі, наспажываў якое пуза!

А дзе ж у крамах пернікі

Ня горш, чым у «губэрніі»?

Табе пасада хлебная — абуза?!

Адна заўвага ёсьць да ваенкома.

Ня стаў свой «шасьцісоты» каля дому!

Якая там канвэрсія?!

Павінен быць пры «мэрсе» я!

Табе субардынацыя знаёма?!

Пра бізнэсоўцаў ледзьве не забыўся.

Дык вось, пакуль апошні не накрыўся,

Няхай нясуць па дзесяць «штук».

Амаль адбіліся ад рук —

Пра нейкі рынак люд разгаварыўся!

А ты калі прачнесься, ідэоляг?

Хоць шорах навядзі з папом у школах.

Што, на пустыя страўнікі

Заўпарцяцца настаўнікі?

Ня зробяць нам да сьвят дзяцей вясёлых?

А вы імпэт настаўніцкі ўздымайце —

Па пару мінімалак абяцайце.

Адразу не давай, начфін,

А то спусьцее магазын

І лясьне дабрабыт у нашай хаце.

Вось у сабесе слушна разважалі,

Калі хор вэтэранскі запрашалі:

«Як выплацім ім пэнсіі,

Век не пачуем песьні мы».

І пэнсіі на месяц затрымалі.

Што песьні — факс із вобласьці даслалі!

Ня факт, але празрыста намякалі

На голыя жывоцікі

І лыткі для эротыкі

Ды іншыя, як кажуць, тралі-валі...

Ня лыпайце нявіннымі вачыма

І не кажыце мне, што немагчыма!

Ня толькі на экватары

Ёсьць голых баб аматары!

Патрэбна ўважыць кожнага па чыне.

Даручым гэты фронт, напэўна, Ядзі.

Лепш сакратаркі хто распусту зладзіць?!

Пакліча дзевак з вопытам,

Каб заняліся — попы там

І сьцёгны паказалі на парадзе.

Але глядзіце мне, каб Ядзя здуру

Не агаліла ўсю сваю фігуру.

Калі яна ня спыніцца,

Усё начальства зьдзьвінецца

І забярэ яе ў намэнклятуру.

Цяпер пра навакольную прыроду —

Пра вашу маць, няўжо ня чулі зроду?

Мы сёньня — агітатары!

Мастацтва, трасца матары,

Павінна ў нас цяпер служыць народу!

Пуд фарбы жывапісцам выдаць з базы!

Няхай фарбуюць, бога-ў-душу-мазы,

Зялёным колерам траву,

Інакш галовы адарву!

Без фармалізму і другой заразы!

Начальству даспадобы на каменьні

Дзікі, зубры, вавёркі ды алені.

Прыпомні родны свой парткам,

Дай разнарадку мастакам:

Буслоў — ні-ні! Якія тут сумненьні:

Галоўны госьць становіцца шалёным,

Калі пабачыць белае з чырвоным.

Чуў у сталіцы чуткі я,

Што хутка нават «хуткія»

Перафарбуюць колерам зялёным.

Дарэчы, што там з больніцаю, фэльчар?

Я пакажу табе «яшчэ ня вечар»!

Ня цацкайся з калекамі!

Усіх дамоў — за лекамі!

І больш каб не зьбіраў з убогіх веча!..

Няма з мэханізатарамі зладу:

Адзін камбайн працуе на брыгаду!

Жывуць адзінай мараю —

Як гандляваць саляраю,

А потым жлукцяць «гару» аж да ўпаду.

Іх прадстаўнік раённага закону

Павінен паганяць, бо пры пагонах.

І службу знаць пара ня яць:

«Хапаць, цягнуць і не пушчаць»,

А чырванець — выключна з самагону.

Вядома, сьвята будзе ўсё па-руску,

Ды калярыту трэба на закуску.

У школе ёсьць адзін дзівак —

На мове чэша толькі так, —

Хай выступіць. А потым — у кутузку!

Загад нягласны ёсьць пра трэці сэктар.

Абрала тут дзяржава верны вэктар:

Нацдэмы з дэмакратамі

Павінны быць за кратамі!

Хапае ў КПЗ на іхні век нар.

І з той нагоды ўжо далі дабро нам

Пустыя Крынкі перакрыць кардонам.

Гасьцей калі на чай зьбяру,

На кожны слуп — па снайпэру!

І хай пільнуюць усю ноч Мірона!

І пры канцы — галоўны напамінак:

Кар’ерны рост — па выніках «Дажынак».

Лізьнеце ўсе напоўніцу,

А ўладзе кайф запомніцца —

Дазволю на Канарах адпачынак!!!»

За годам год праходзяць без замінкі

Прыўладныя халяўныя «Дажынкі».

А што народ? Народ — як крот,

Капае моўчкі свой гарод...

Так і жыве саўгас «Пустыя Крынкі»!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0