Гасьцяваў неяк на Лідчыне ў свайго дзядзькі, што лічыць сябе спрадвечным палякам.

Насупраць ягонай хаты жыве ксёндз, недалёка — барочны касьцёл. Пасьля добрага стала мы сядзелі ў двары на лаве ды гутарылі. Тэмы размоваў пляліся між сабою ды нарэшце закранулі і палітыку. Мой дзядзька тыцнуў пальцам на ксяндзоў падворак і на поўным сур’ёзе вымавіў:

— А вось гэты, ты думаеш, чаго з Польшчы прыехаў? Віжуе! Натаўскі шпіён, напэўна! Польша ж у НАТО!

У вёсцы прымаюцца толькі два тэлеканалы…

Аднак справа тут не ў абмежаваньні інфармацыйнай прасторы. Быўшы прыкладна ў той самы час у Горадні, я зайшоў да сваіх сяброў-журналістаў, што працуюць пры каталіцкіх парафіях. Лічаць сябе карэннымі палякамі. Пра падзеі, зьвязаныя з Саюзам палякаў, мне адказалі: «Так ім і трэба. Ты ведаеш, якія грошы адмываліся? Лукашэнка добра зрабіў, што паставіў іх на месца».

Вось гэткая ў «нацменшасьці» беларуская нацыянальная хвароба пад назвай «жаба». Тая, што душыць…

Стаўленьне нашых палякаў да сваёй арганізацыі можа падацца дзіўным. Куды падзелася салідарнасьць? Але большасьць польскіх дамоў і клюбаў у заходнебеларускіх гарадах наагул ухіліліся ад канфлікту СПБ з уладаю. Для іх прымальнае любое кіраўніцтва: большасьць клюбаў існуюць аўтаномна, маючы свае кантакты з польскімі гарадамі й арганізацыямі. Таму тая цэнтралізацыя патрэбна толькі дзеля дзяржаўнай рэгістрацыі. Шараговыя палякі наагул са зьдзіўленьнем пазіраюць на гэтыя разборкі. Для іх галоўнае, каб задарма вазілі ў Польшчу ды дасылалі падарункі. Шмат хто зь іх нават па-польску ня ўмее.

Некалі за панскай Польшчай тым, хто запішацца палякам і прыме каталіцтва, у цэнтры Баранавічаў давалі плошчу пад хату. А падчас вайны тым, хто пайшоў у АК, плацілі далярамі. Прыйшлі саветы, і шмат хто з тых «палякаў» запісаўся беларусам. Але шмат хто і застаўся: такая нацыянальнасьць давала хаця б маральныя перавагі. «Я хамам нігды ня быў!» — шмат разоў даводзілася чуць ад паддатага электарату.

Колішняя палітыка апалячваньня цяпер адгукнулася досыць непрыемна, бо беларускія рысы характару ўсё адно праяўляюцца падчас выпрабаваньняў.

Баранавічы

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0