Заданьне на вясну

У панядзелак, 26 верасьня, прайшло лёсаваньне чвэрцьфіналаў Кубку Беларусі па футболе. Матчы 1/8 фіналу прайшлі 21 верасьня, у прыватнасьці, сёлетні ўладальнік Кубку, менскі МТЗ-РІПА, прайграў салігорскаму «Шахтару». Такім чынам, у наступным красавіку згуляюць: «Гомель» — «Хімік» (Сьветлагорск, першая ліга), «Дынама» (Менск) — «Шахтар» (Салігорск), «Дынама» (Берасьце) — БАТЭ (Барысаў), «Зорка-БДУ» — «Баранавічы» (першая ліга). Пераможцы вызначацца па выніках дзьвюх гульняў.

Прабіліся са скрыпам

Мужчынская тэнісная зборная зь цяжкасьцю вярнулася ў асноўную групу Кубку Дэвіса. 23—25 верасьня ў Таронта (Канада) Максім Мірны і Ўладзімер Ваўчкоў выйгралі ў зборнай Канады зь лікам 3:2, саступаючы пасьля двух дзён — 1:2. Перамога дала магчымасьць падняцца на дзявятае месца ў агульным рэйтынгу. Супернік беларусаў па 1/8 фіналу, што пройдзе будучай зімой, вызначыцца ў найбліжэйшы час. А сёлета фінал Кубку Дэвіса будзе славянскім: за галоўны прыз пазмагаюцца зборныя Харватыі і Славаччыны.

Разгром у Швэцыі

Жаночая зборная Беларусі па футболе прайграла ў сваім трэцім матчы адборачнага турніру чэмпіянату сьвету лідэрам сваёй групы зборнай Швэцыі зь лікам 0:6. Пасьля трох гульняў беларускі займаюць у сваёй кваліфікацыйнай групе перадапошняе пятае месца, маючы толькі адзін бал. Наступная гульня супраць ісьляндак 6 траўня ў Менску. Суайчыньніцы Б’ёрк пакуль займаюць у нашай групе другое месца.

АР, «Football.by»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0